Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Міхнік заклікае адкрыць усе архівы спэцслужбаў часоў ПНР


Аляксей Дзікавіцкі, Варшaва Былы апазыцыянэр, палітвязень, а цяпер галоўны рэдактар найбольш масавай ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе “Газэты выборчай” Адам Міхнік заклікаў цалкам адкрыць усе архівы камуністычных спэцслужбаў часоў ПНР.

У адмысловым звароце Адам Міхнік падкрэсьлівае, што ён заўсёды быў супраць таго, каб “корпацца ў матэрыялах спэцслужбаў”, бо, на ягоную думку, “выкрыцьцё аднаго былога агента нярэдка прыносіць крыўду вялікай колькасьці прыстойных людзей”.

Аднак цяпер, калі, паводле Міхніка, улады выкарыстоўваюць дакумэнты спэцслужбаў “для барацьбы супраць апанэнтаў”, адзіны выхад – гэта поўнае адкрыцьцё архіваў.

Прапанову рэдактара “Выборчай” падтрымлівае большасьць палітычных сілаў – як апазыцыйных, так і прадстаўнікоў кіроўчай кааліцыі.

“Усе архівы трэба адкрыць. Трэба адзін раз перажыць гэтае пекла і скончыць урэшце гэтую люстрацыю”, – заявіў віцэ-прэм’ер Анджэй Лепэр.

Гэтую ідэю, хоць і зь невялікімі папраўкамі, падтрымліваюць таксама посткамуністы.

“Усе матэрыялы спэцслужбаў трэба перадаць у дзяржаўны архіў, каб іх можна блыо вывучаць, як і любыя іншыя архіўныя матэрыялы”, – заявіў лідэр Саюзу левых дэмакратаў Войцех Алейнічак.

Напрыканцы мінулага тыдня Канстытуцыйны суд прызнаў, што новы "Закон аб люстрацыі" часткова не адпавядае Канстытуцыі. У такой сытуацыі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі заявіў, што "гэта яшчэ не заканчэньне люстрацыі" і што ўлады таксама могуць пайсьці на адкрыцьцё архіваў камуністычных спэцслужбаў.
XS
SM
MD
LG