Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Іскандар''ян: “Мы – не Швайцарыя, але, прабачце, і не Беларусь”


Юры Дракахруст, Прага У мінулую суботу ў Армэніі прайшлі парлямэнцкія выбары, чацьвёртыя ад 1991 году. Перамаглі на іх праўрадавыя партыі. Апазыцыя абвінавачвае ўлады ў фальсыфікацыі выбараў і подкупе выбаршчыкаў. Назіральнікі АБСЭ адзначаюць, што выбары ў цэлым адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам.

Рэспубліканская партыя, кіраваная прэм’ер-міністрам Сэржам Саркісянам, набрала траціну галасоў выбаршчыкаў. Другое месца заняла партыя “Квітнеючая Армэнія” – 15% галасоў, якая таксама падтрымлівае ўрад. На трэцім месцы з 13% галасоў апынулася партыя “Дашнакцуцюн” , якая таксама уваходзіць ва ўрадавую кааліцыю. Пяціпрацэнтны бар’ер здолелі пераадолець і дзьве апазыцыйныя партыі – “Краіна законнасьці” – 7% і “Спадчына” – 6%.

У галасаваньні ўзялі ўдзел 60% выбаршчыкаў, за месцы ў парлямэнце спаборнічалі 22 партыі і адзін блёк. Дэпутаты на 90 месцаў у парлямэнце абіраюцца ў Армэніі паводле партыйных сьпісаў, 41 – паводле мажарытарнай сыстэмы.

Апазыцыя абвінавачвае ўлады ў падкіданьні бюлетэняў у выбарчыя скрыні і ў подкупе выбаршчыкаў. Паводле апазыцыі, у многіх выбарчых акругах былі выпадкі зьбіцьця давераных асобаў апазыцыйных кандыдатаў і журналістаў.

Наколькі гэтыя парушэньні, калі яны былі, паўплывалі на вынікі галасаваньня? На гэтае пытаньне адказвае армянскі палітоляг Алік Іскандар''ян:

“У Армэніі існуе палітычная традыцыя, паводле якой тыя, хто прайграў выбары, звычайна не прызнаюць іх вынікаў. Парушэньні на выбарах, зразумела, былі, і яны адзначаныя ў выніках назіраньня АБСЭ, але мне здаецца, што яны наўрад ці істотна паўплывалі на вынікі выбараў, яны збольшага адбывалася ад неарганізаванасьці.

Зразумела, на вынікі паўплываў адміністрацыйны рэсурс, подкуп выбаршчыкаў з боку партыяў, якія прадстаўляюць бізнэсовыя структуры. Але гэта строга кажучы – не працэдура выбараў, гэта палітычны працэс, які ў краінах пераходнага пэрыяду не такі, як у краінах традыцыйнай дэмакратыі”.

Назіральнікі АБСЭ адзначылі істотны прагрэс у параўнаньні зь мінулымі, 2003 году, парлямэнцкімі выбарамі, якія былі прызнаныя неадпаведнымі прынцыпам дэмакратыі. Цяперашнія выбары назіральнікі АБСЭ расцанілі як “у цэлым адпаведныя міжнародным дэмакратычным стандартам”.

Якое значэньне для Армэніі мае гэтае вызначэньне выбараў з боку АБСЭ – “у цэлым адпавядалі”? Гаворыць Алік Іскандар''ян:

“Фармулёўка "у цэлым адпавядае" – другая градацыя, якую даюць назіральнікі АБСЭ. Ёсьць яшчэ ацэнка –“адпавядае” і “не адпавядае”. Фармулёўка "адпавядае" постсавецкім краінам рэдка дастаецца. Зразумела, што мы не Швайцарыя і не Галяндыя, але зь іншага боку зразумела, што мы не Азэрбайджан і, прабачце, не Беларусь і не Расея. Гэтая фармулёўка "у цэлым адпавядалі" адлюстроўвае той прагрэс, які армянская палітычная сыстэма зрабіла ад 2003 году”.
XS
SM
MD
LG