Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніно Бурджанадзэ: “Мы павінны імкнуцца наблізіць Беларусь да Эўропы”


Валер Каліноўскі, Прага Сьпікер грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзэ сёньня была госьцем праскай штаб-кватэры Радыё Свабода. Сярод іншага яна выказалася наконт магчымасьцяў умацаваньня дыялёгу эўрапейскіх міжнародных арганізацыяў зь Беларусьсю.

На думку Ніно Бурджанадзэ, якая доўгі час удзельнічала ў працы эўрапейскіх парлямэнцкіх структур у справе нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Радай Эўропы і АБСЭ, шмат залежыць перш за ўсё ад паводзінаў беларускіх уладаў:

“АБСЭ, безумоўна, гатовая супрацоўнічаць і працягваць дыялёг, але шмат тут залежыць ад Беларусі. Я лічу, што сытуацыя не зьяўляецца сапраўды безнадзейнай. У многіх выпадках мы павінны працягваць працаваць у гэтым кірунку, падтрымліваць нармальнае разьвіцьцё гэтай краіны і імкнуцца наблізіць Беларусь да Эўропы, да нармальных краін”.

Кажучы пра ўласны шлях Грузіі ў кірунку эўраатлянтычнай інтэграцыі, Ніно Бурджанадзэ зазначыла, што ўсе палітычныя партыі краіны, усе фракцыі парлямэнту, а таксама 85 адсоткаў грузінаў выступаюць за сяброўства сваёй краіны ў НАТО:

“Людзі адказваюць, што сяброўства ў НАТО – гэта стабільнасьць, што НАТО – гэта бясьпека і далейшы працэс дэмакратызацыі грамадзтва. Для Грузіі НАТО нясе ня толькі бясьпеку, але й дэмакратызацыю і дэмакратычныя стандарты”.

Паводле Ніно Бурджанадзэ, Грузія ставіць мэту і сяброўства ў Эўразьвязе, але гэта пытаньне больш далёкай пэрспэктывы, калі і Эўразьвяз будзе гатовы да далейшага пашырэньня, і сама Грузія дастаткова наблізіцца да эўрапейскіх стандартаў. Сярод праблем, зь якімі сутыкаецца Грузія, і якія могуць пашкодзіць плянам яе эўрапейскай інтэграцыі – сэпаратызм у Абхазіі і Паўдзённай Асэтыі.

“Скажу адкрыта: пакуль Расея, якая ня хоча бачыць Грузію ў НАТО, будзе ўмешвацца ў гэтыя канфлікты, яна будзе рабіць усё, каб гэтыя канфлікты не вырашаліся. Яна не дапамагае нам іх вырашыць і, кажучы больш шчыра, не дазваляе нам зрабіць гэта. Яна імкнецца, каб гэтыя канфлікты заставаліся ў замарожаным стане. І гэта несумленна”, - зазначыла Ніно Бурджанадзэ.

Паводле спадарыні Бурджанадзэ, Расея праводзіць неабачлівую палітыку на Каўказе. Сьпікер грузінскага парлямэнту таксама заявіла, што сытуацыю ў Абхазіі і Паўдзённай Асэтыі нельга параўноўваць з Косавам, для якога ААН падрыхтавала плян абмежаванай незалежнасьці. Прыклад Косава ніяк ня можа разглядацца ў якасьці прэцэдэнту для грузінскіх сэпаратысцкіх рэгіёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG