Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мой бацька – ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, і ён ня бачыць нічога дрэннага ў тым, што перанесьлі помнік у Таліне”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 14 траўня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Алена, Менск: “Даведалася ад свайго сына, вучня адной зь менскіх школ, што на шэсьце вэтэранаў 9-га траўня ад кожнай клясы трэба было адправіць па 6 вучняў.

Гэта ўжо звыклая зьява – такім чынам забясьпечваць масавасьць розных мерапрыемстваў, але ўразіла вось што. Тым вучням, хто пагадзіўся паехаць на шэсьце, паабяцалі палепшыць адзнакі за чвэрць. Вось такім чынам у нашых школах выхоўваюць павагу да сьвятаў і вэтэранаў вайны. Сумна неяк ад усяго гэтага.

Хацелася б яшчэ некалькі словаў сказаць пра падзеі ў Таліне. Мой бацька – ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, і ён ня бачыць нічога дрэннага ў тым, што перанесьлі помнік і парэшткі салдат на Вайсковыя могілкі з цэнтру Таліна.

Бо яшчэ як веруючы чалавек ён лічыць, што могілкі – гэта адзінае месца, дзе павінны быць пахаваны ўсе загінулыя ў вайне. Я зь ім у гэтым поўнасьцю згодна.

Дарэчы, сёлета, як і летась, бацька не атрымаў традыцыйнай дзяржаўнай паштоўкі зь віншаваньнем. Можа, ў нас ужо і вэтэраны вайны падзеленыя на нейкія катэгорыі, ці, можа, дзяржава вырашыла ўжо эканоміць і на такіх вось дробязях, як паштоўка-віншаваньне са сьвятам удзельніку вайны.

Віншую свайго бацьку Ціхана Ціханавіча і ўсіх удзельнікаў вайны, усіх добрых людзей са сьвятам Перамогі! Міра, дабра, здароўя!”

Спадар: “У горадзе Магілёве быў такі Лазарэнка, вызваліцель. Дык вось яго перазахоўвалі аж 4 разы. З-за эканоміі сродкаў стэлу знайшлі на могілках, яшчэ зь нейкага даваеннага пахаваньня. Адшліфавалі і напісалі прозьвішча. Вось і ўсё. А каля эстонскай амбасады стаяць бастуюць…”.

Сталы слухач: “Цяпер абмяркоўваецца пытаньне наконт ільгот. Вось у Расеі таксама хацелі тую капейку ськінуць. Але людзі зразумелі, што кошты ж растуць. І тая капейка, што сёньня 10 рублёў, заўтра 1 рубель стане. І яны адстаялі. І Пуцін і іншыя абмяркоўвалі і вырашылі, што некаму ільготы, а некаму грошы, хто як хоча. І вырашылі справядліва, і нармальна”.

Спадарыня: “Такога сораму даўно не было. Тыя, хто быццам стаяў за Радзіму, галадаў, ствараў групу “Рэспубліка” так здрадзілі, надзеўшы скуры хамэлеонаў. Сорам Вам, Фралоў, Парфяновіч, Скрабец! Пра Сініцына ўжо няма чаго казаць – ён заўсёды будзе падносіць тапачкі там, дзе яму карысьней. Гэтыя людзі са сваім Маніфэстам павінны пакінуць Радзіму, бо сваёй прысутнасьцю ганьбяць нашу зямлю. Абражаюць гонар беларускага народа”.

Анатоль Сахаруша: “Я наконт Кангрэсу. Палякам спатрэбілася 20 год, каб зразумець тое, што павінен быць адзіны лідэр. І толькі тады, калі былі адкінутыя амбіцыі лідэраў палітычных партый, калі аб’ядналіся ўсе: і левыя, і правыя, лібэралы і цэнтрысты і іншыя. Яны перамаглі. Але на гэта было страчана 20 гадоў. Лепшага прыкладу нам ня трэба, але гэта ня стала ні навукай, ні ўрокам для лідэраў нашых палітычных партый”.

Спадар: “У нас у Беларусі помнікі савецкім воінам, я лічу, прыбіраць ня трэба. І іх ніколі не прыбяруць. Гэта наша гісторыя. А што помнікі гэтым акупантам-катам такім, як Ленін, Дзяржынскі, Сувораў, Калінін і яшчэ маршалам розным разам з Лукашэнкам трэба ў першую чаргу прыбраць. Але гэта здарыцца не цяпер, а пройдзе яшчэ год 15. І гэтую свору ў Маскву саслаць, якія на нашу душу навязалі і вайну, і калгас, і жабрацтва”.

Спадарыня: “Па выходных у нядзелю, як ніколі, можна бачыць, як п’е вёска. На тварах мужчын не сыходзячы сьлед алькаголю і яшчэ на іх тварах нейкая асуджанасьць, нібы разумеюць яны, што п’янства – гэта дрэнна, але ўжо нічога ня могуць і ня хочуць перайначыць. Можа, гэта ад асуджанасьці ў цяперашнім вясковым жыцьці. А гэта ж нашы людзі, беларусы. Асабліва ўражвае, што п’юць жанчыны. Гэта бачна па тварах, ідуць па вуліцы нейкія абыякавыя, не прыбраныя. Што зрабіла зь людзьмі калгасная сыстэма? І пры чым тут аграгарадкі? Канечне, ня ўсе на вёсцы п’юць, але такіх меншасьць. Ёсьць людзі, якія яшчэ памятаюць, дзе была іх зямля да 39-га года. Чытала, што алькагалізацыя, п’янства – гэта прыкмета выміраньня нацыі. Дык няўжо напраўду выміраем? Ня хочацца ў гэта верыць”.

Міхаіл Сапажкоў, Берасьцейшчына: “Адказ на балючае пытаньне, кім зьяўляецца для эстонцаў Чырвоная Армія, вызваліцельніцай ад нямецкага фашызму ці акупантамі гэтай краіне, напрошваецца сам сабой. У 1940 годзе, на год раней, чым прыйшлі да нас гітлераўцы, Эстонія была акупавана савецкімі войскамі з усімі вынікамі: масавымі арыштамі, ссылкамі ў Сыбір і іншымі неправавымі актамі, якімі вылучаліся і гітлераўцы, насаджаючы свае парадкі на нашай зямлі. У гэтым пляне, канечне, Савецкі Саюз выступаў у ролі акупанта. І з гэтым дагэтуль ня могуць зьмірыцца эстонцы, выплёскваючы свае эмоцыі і на помнік савецкаму воіну ў Таліне...”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG