Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Купала І Колас глядзелі ў корань”


Міхась Скобла Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

Сёлета спаўняецца 125 гадоў зь дня нараджэньня народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы й Якуба Коласа. Яшчэ напачатку гэтага году Ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь быў створаны арганізацыйны камітэт “па правядзеньні юбілейных мерапрыемстваў”, у склад якога ўвайшлі высокія дзяржаўныя чыноўнікі, а таксама быў распрацаваны плян мерапрыемстваў, прысьвечаных юбілею народных песьняроў. Пра дэкляраваныя намеры й рэальныя дзеяньні беларускіх уладаў у перадачы “Дом літаратара” за “круглым сталом” гавораць крытыкі Анатоль Сідарэвіч і Ала Сямёнава, супрацоўніца Інстытуту літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Ганна Кісьліцына. Вядзе перадачу Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Шаноўнае спадарства, яшчэ 29 студзеня гэтага году быў падпісаны Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 57, якім зацьверджаны плян адпаведных мерапрыемстваў. Зразумела, што гэта толькі плян, пералік намераў. Дык ці годна, ці на адпаведным узроўні зьбіраецца беларуская дзяржава адзначыць юбілеі нацыянальных геніяў?”

Анатоль Сідарэвіч: “З прапановаю стварыць грамадзкі камітэт да юбілею Купалы й Коласа я выступіў яшчэ ў жніўні мінулага году – напісаў ліст у Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Я гаварыў, што дзяржава ня будзе сьвяткаваць юбілей Купалы й Коласа, але трошачкі памыліўся. Дзяржава схамянулася і стварыла Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт і адпаведны плян. Сам склад гэтага камітэту выклікае сьмех: у ім фігуруе вялікі творца Азаронак, тамсама мы бачым прозьвішча Чаргінца – чалавека, які пры жыцьці задумаў выдаць кнігу пра сябе ў сэрыі “Жыцьцё знакамітых людзей Беларусі”. Тамсама знаходзяцца намесьнікі старшыняў аблвыканкамаў, намесьнікі міністраў... Я ўспамінаю юбілейныя камітэты за камуністычным часам. У іх уключаліся першыя асобы, там быў цьвет беларускай культуры. Але я разумею цяжкасьці ўлады. Калі Чаргінец са сваім саюзам прадстаўлены ў тым аргкамітэце, калі яшчэ дадаць туды Толю Аўруціна і не ўключыць туды народных паэтаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, не ўключыць Генадзя Бураўкіна, Алеся Разанава, Уладзімера Някляева, то гэта зусім сьмешна. Паглядзім у сам плян. Мерапрыемствы вельмі неканкрэтныя. Я зноў згадваю камуністычныя часы: тады расьпісвалася вельмі канкрэтна – што, дзе, калі мае адбыцца. Я памятаю стотысячнае сьвяткаваньне стагодзьдзя Янкі Купалы ў Вязынцы ў 1982 годзе. Я памятаю масавае сьвяткаваньне стагодзьдзя Якуба Коласа ў Пінску. Гэта было ўсенароднае, сапраўднае сьвяткаваньне зь лепшымі акторскімі сіламі, з выдатнымі паэтамі – з Бацькаўшчыны і з-за мяжы. Назаву толькі імёны ўкраінца Івана Драча і паляка Юзэфа Озгу-Міхальскага”.

Скобла: “Мяне ў пляне дзяржаўных мерапрыемстваў насьцярожыў адзін пункт. Сустрэўшы ў сьпісе аргкамітэту прозьвішча намесьніка міністра інфармацыі па кнігавыданьні спадара Ігара Лапцёнка, я падумаў: тры гады таму было завершана выданьне Поўнага збору твораў Купалы, а сёлета самы час распачаць выдаваць поўнага Коласа. Аднак у пляне дзіўная фармулёўка: “забясьпечыць выданьне друкаванай прадукцыі да 125-годзьдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Якой канкрэтна “прадукцыі” – ні слова. Пытаньне да Ганны Кісьліцынай: у Інстытуце літаратуры НАН Беларусі ня першы год рыхтуецца Поўны збор твораў Коласа. На якой стадыі знаходзіцца праца?”

Ганна Кісьліцына: “Ужо выйшаў першы том, я бачыла сыгнальны экзэмпляр. Праўда, выйшаў ён з праблемамі, паколькі нашым інстытуцкім тэкстолягам не далі карэктуру, і ў сыгнальным паасобніку, нават на тытульным аркушы, ёсьць недакладнасьці. Але вінаватыя тут не тэкстолягі, а выдавецтва “Беларуская навука”, якое ўзяло на сябе працу па выданьні Збору твораў Коласа. Падрыхтаваныя 20 тамоў, прычым, іх, магчыма, будзе больш: некаторыя тамы ў дзьвюх кнігах. У гэты Збор увойдуць усе вядомыя на сёньня творы Коласа. Не ў інтарэсах нашых тэкстолягаў нешта хаваць. Але ў выдавецтве існуюць рэдактары: што захочуць, тое і здымуць, могуць з намі і не параіцца. У мяне ўвесь час пытаюцца: а ці ўвойдзе ў гэты збор твораў інтымная перапіска Коласа, невядомая шырокаму чытачу лірыка з гэтай перапіскі? Гэта чамусьці страшэнна ўсіх цікавіць. Варта згадаць гісторыю з перапіскай Коласа са Сьвятланай Сомавай. Яна была перакладчыцай, паэткай, падчас вайны перакладала на расейскую мову вершы Коласа. Паміж імі былі вельмі мілыя, тонкія адносіны. Дык вось, аднойчы іхняя перапіска ўжо была апублікавана ў Зборы твораў у 14 тамах (1970-я гады). І там звароты да яе зьнятыя, былі зробленыя купюры і ў саміх лістах. І калі Сомава пабачыла гэта, яна страшэнна абурылася. Дарэчы, мне хацелася б пачытаць верш Коласа, прысьвечаны Сьвятлане Сомавай. Ён цікавы яшчэ і тым, што зьяўляецца санэтам-акравершам, першым такім творам у беларускай літаратуры. Сьвеціць мне зорка з бяздонных глыбінь. Вечнае неба таемна-прыгожа. Есьць нейкая сувязь, няспынная плынь, Толькі ім назвы-імя не знаходжу. Ласкава кажа мне зорка: спачынь, Ах, мой вандроўнік, суцішся, нябожа, Носіш ты ў сэрцы жальбу далячынь, Атам турботны ў сьвятым падарожжы. Сьветлая зорка, ты ярка гарыш, Одум мой горкі ўзьнясі ты на крыж, Мне ж падары ты радасьць спакою. О, не, ты далёка, халодны твой жар. Вечар мой нікне пад полагам хмар. Арфа разьбіта чыёю рукою? Калі прачытаць першыя літары ў кожным радку, атрымліваецца “Светлана Сомава” (імя паэт даў чамусьці па-расейску). Але гэта не адзіная жанчына, імя якой увойдзе ў Збор твораў Якуба Коласа. Будуць там лісты і вершы, адрасаваныя Аляксандры Кетлер-Яцкевіч. Гэта і ёсьць гісторыя. Мне хочацца, каб Купалу з Коласам мы вывучалі падрабязна, па радках, бяз “белых плямаў” у біяграфіях”.

Скобла: “Дзяржаўным плянам прадугледжана правядзеньне ў верасьні гэтага году навуковай канфэрэнцыі пад назвай “Янка Купала і Якуб Колас у сыстэме дзяржаўна-культурных прыярытэтаў ХХІ стагодзьдзя. Якія сёньня духоўна-эстэтычныя прыярытэты культывуюцца ў нашай краіне і ці ёсьць сярод іх месца Купалу і Коласу?”

Ала Сямёнава: “Пасьля лірыкі мне б хацелася дадаць трохі іроніі. Я памятаю тыя вялікія сьвяткаваньні, пра якія гаварыў Анатоль Сідарэвіч. З аднаго боку, я да іх стаўлюся як да сакральных нейкіх зьяваў. А з другога боку – трохі іранічна-недаверліва. Вось што пісаў Аляксандар Блок Валерыю Брусаву падчас ягонага юбілею: “Вас чествуют, чуть-чуть страшит обряд, где вас как вещь со всех сторон покажут, и золото судьбы посеребрят, и, может, серебрить в ответ обяжут”...

Збор твораў – гэта, безумоўна, выдатна і патрэбна. Але духоўнасьць Купалы і Коласа павінна прысутнічаць у нашым жыцьці штодня: і ў кнігарнях, і ў тэатрах, і ў музэях. Я ўчора прайшлася па кнігарнях. На жаль, ніякай шыльды пра тое, што рыхтуецца Збор твораў Коласа ў 20 тамах, я нідзе не пабачыла. Што ёсьць на паліцах? Апошнія тамы купалаўскага дзевяцітомніка. У “Бібліятэцы школьніка” выдадзены выбраныя творы Купалы пад назвай “З кутка жаданьняў”. (Каштуе, дарэчы, ажно 18 000 рублёў. І гэта “Бібліятэка школьніка”!) Туды ўваходзіць паэзія, п’есы “Паўлінка” і “Тутэйшыя”. З Коласа ёсьць “Дрыгва”, “На ростанях” і невялічкая кніга вершаў. Але, скажам, “Новай зямлі” няма”.

Скобла: “Дарэчы, нядаўна ў Менску гасьцявала перакладчыца з Лёндану Вера Рыч, якая заканчвае пераклад “Новай зямлі” на ангельскую мову. Пераклад яна завяршае, але хто гэта выдасьць?”

Сямёнава: “А было б вельмі хораша мець дзьвюхмоўную “Новую зямлю” – па-беларуску і па-ангельску. Хай бы чыталі “энцыкляпэдыю беларускага жыцьця” ва ўсім сьвеце. Ды і тут такую кнігу купілі б многія”.

Сідарэвіч: “Калі гаварыць пра кнігі клясыкаў... Зайдзіце ў любую больш-менш прыстойную кнігарню ў Варшаве. Вы там абавязкова ўбачыце набор: Юльюш Славацкі, Адам Міцкевіч, Стэфан Жаромскі, Баляслаў Прус, Леапольд Стаф, Каміль Цыпрыян Норвід. Гэта польская клясыка, і яна ніколі не выводзіцца з кнігарняў. Як гэта, каб у польскай кнігарні не было польскай клясыкі? Гэта немагчыма. А ў нас – з перабоямі”.

Скобла: “У дзяржаўным пляне мерапрыемстваў, зацьверджаным, паўтаруся, Указам прэзыдэнта, некаторыя пункты павінны выконвацца цягам усяго 2007 году. Напрыклад, пастаноўка і тэлетрансьляцыя тэатральных спэктакляў, выраб сувэнірнай прадукцыі, выданьне той самай “друкаванай прадукцыі”, пра якую мы гаварылі. З пачатку году прайшло ўжо чатыры з паловай месяцы. Па вашых назіраньнях – што зроблена?”

Сідарэвіч: “Я пасылаю шмат лістоў, але да гэтага часу ня бачыў ні маркі, ні адмысловага канвэрту, прысьвечаных першым народным паэтам Беларусі. Ня ведаю, ці будзе спэцгашэньне на цэнтральным паштамце, а для філятэлістаў гэта заўсёды падзея. Я ня бачыў ніякіх паштовак. Магчыма, потым у аўральным парадку ўсё гэта будзе рабіцца, але пакуль не відаць. А што да дзяржаўна-культурнага аспэкту... Для Купалы дзяржавай была Беларуская Народная Рэспубліка. Для Купалы беларускі сьцяг – бела-чырвона-белы. Урэшце, Колас быў сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады, працаваў у “Нашай Ніве”, у падпольнай школе. Каб сказаць, што Купала і Колас упісаныя ў кантэкст дзяржаўнай культурнай палітыкі, трэба, каб гэтая палітыка праводзілася ў духу Купалы і Коласа. А гэтага і блізка няма”.

Сямёнава: “Незалежна ад дзяржаўнай палітыкі літаратура існуе ў народнай сьвядомасьці. У сьвядомасьці беларускага народу ёсьць купалаўская эстэтычная сыстэма – нацыянальна-беларуская і быційна-анталягічная. І яна існуе незалежна ад таго, прымае яе дзяржава, ці не прымае. Яна існуе сама па сабе. Але нічога ня зробіш раптоўна. Я памятаю, як у 1992 годзе, да 110-годзьдзя Янкі Купалы, я заказвала не каму-небудзь, а Алесю Разанаву матэрыял для часопіса “Нёман”. І ён напісаў пра верш “Мужык”, які ўсе мы памятаем са школы. Але як напісаў – сьвежа, цікава, глыбока! Працытую: “Што я мужык, усе тут знаюць”, але тое, што мы добра, амаль на памяць ведаем, звычайна аказваецца паверхняй зьявы, яго моўнай абалонкай і яшчэ больш – перашкодай для разуменьня... Мужык – голас самога Быцьця, яно знайшло ў мужыку адтуліну – дудку, жалейку, каб загучаць, каб выявіцца, каб ажыцьцявіцца і каб стаць асэнсаваным. Толькі выяўляючыся, яно набывае сэнс, і толькі набываючы сэнс, яно адчыняецца чалавеку і дазваляе адкрывацца самому чалавеку, гэта значыць, робіцца тоесным самому Быцьцю”. Такое разуменьне Янкі Купалы павінна быць і ў нашым сёньняшнім грамадзтве, каб пазбавіцца той даўняй горкаўскай думкі-кляйма пра беларускіх паэтаў, якія “прымітыўна-проста” пішуць. А Купала і Колас – творцы вельмі глыбокія, нават калі вымяраць на сусьветным узроўні. Таму – выдатна, што Вера Рыч перакладае “Новую зямлю”. Выдатна будзе, калі ўвогуле нашых паэтаў будуць перакладаць і ведаць за мяжой”.

Скобла: “Днямі я ішоў міма Дзяржаўнага музэя Янкі Купалы. Прыемна, што дзяржава нарэшце знайшла грошы на ягоны рамонт. Музэй рамантуецца, і дай Божа, каб да юбілею пасьпелі закончыць. Але я хачу спытацца пра другое. Паўсюль у пляне дзяржаўных мерапрыемстваў фігуруе праўладны Саюз пісьменьнікаў. Дык вось, з нагоды другога юбілею і ў другім музэі мне сказалі, што лепш яны ня будуць праводзіць нічога, чым праводзіць з удзелам Чаргінца і яго каманды. Ці можа падобнае адбыцца і з купалаўска-коласаўскай тэмай?”

Кісьліцына: “Спрафанаваць можна любую зьяву, у тым ліку і юбілей Купалы і Коласа. У нас у Інстытуце складзены свой плян юбілейных мерапрыемстваў і выданьняў. Можна любіць ці не любіць Чаргінца, але мне здаецца, што музэі і бібліятэкі могуць адзначыць падзею і ў больш вузкім коле. Калі яны хочуць запрасіць спэцыялістаў, то яны ў нас ёсьць, і пісьменьнікі ў нас ёсьць. Ніякі саюз пісьменьнікаў не загадае мне чытаць ці не чытаць Коласа. Галоўнае, каб мы жылі па прынцыпах таго самага духоўна-культурнага будаўніцтва, якія для нас пакінулі клясыкі. Культурнае будаўніцтва пачынаецца ў нас у галаве, і не чаргінцы нам павінны падказваць, што і як рабіць. Напрыклад, часопіс “Маладосьць” абвесьціў конкурс-акцыю, каб маладыя аўтары на самым розным эстэтычным узроўні пісалі вершы, прысьвечаныя Купалу і Коласу. Рэдакцыя паабяцала – мы надрукуем усё. І мне здаецца, ад гэтага конкурсу будзе больш плёну, чым ад нейкіх грандыёзных акцый, хто б там ні быў запрошаны: Ніл Гілевіч ці Чаргінец. Галоўнае, каб гэтыя ідэі трапілі да моладзі. А дзе там Чаргінец паявіўся і выступіў – маладым нецікава, яго цягнічок пайшоў”.

Скобла: “Ганна, а вы самі верыце, што добрую паэзію можна стварыць на заказ?”

Кісліцына: “Раней бы я сказала: не, сапраўдная паэзія ствараецца выключна па натхненьні. Але я ведаю цудоўны прыклад, які мяне навучыў так не гаварыць. Ёсьць такая мілая дзяўчынка Вальжына Морт. Пра яе цяпер многа гавораць, яна ўжо ў ЗША са сваімі вершамі выступае, яе на ангельскую мову перакладаюць. А вы ведаеце, з чаго яна пачыналася як паэтка? Яна даслала верш на конкурс, прысьвечаны юбілею Адама Міцкевіча. І гэта быў такі клясны верш, што дзяўчынку адразу заўважылі: хто такая? Вучаніца менскай школы № 24. Так што калі чалавек таленавіты, яму ўсё роўна, ад чаго адштурхоўвацца”.

Скобла: “Пераканалі... Днямі я глядзеў па Беларускім тэлебачаньні добры тэлеспэктакль пад назвай “Камэдыя памылак” – паводле Шэксьпіра. Дапускаю пытаньне высокіх тэленачальнікаў, якія таксама ўваходзяць у аргкамітэт і якія раптам “замахнуліся на Ўільяма нашага Шэксьпіра”: а што паказваць па Купалу, па Коласу? І сапраўды, што іхняе ёсьць у рэпэртуарах нашых тэатраў?”

Сямёнава: “Вельмі шкада, што сёньня чамусьці не паказваюць “Тутэйшых” у Купалаўскім тэатры...”

Сідарэвіч: “Я вас перарву, але як тут не згадаць, што “Тутэйшых” і са школьных праграмаў сёлета зьбіраюцца выкінуць”.

Сямёнава: “У Расейскім тэатры сёньня не ідзе і “Раскіданае гняздо”. А гэты твор у нашы дні атрымлівае зусім іншы рэзананс. Таму што сёньня людзі наноў губляюць кватэры, свае сядзібы. Ну і вечная “Паўлінка” сёньня зусім па-новаму чытаецца. Мне здаецца, што ў абодвух сталічных тэатрах, якія маюць статус Нацыянальных, і ў Купалаўскім, і ў Расейскім, Купала і Колас павінны пастаянна быць у рэпэртуары, прычым штомесячна. Я добра стаўлюся да сучасных драматургаў, але ў тэатрах абавязкова павінна ісьці нацыянальная клясыка. Шкада, цяпер самадзейных тэатраў няма, а ў свой час гэта была добрая эстэтычная і этычная школа, школа жыцьця”.

Скобла: “Не, чаму, самадзейныя тэатры і сёньня дзейнічаюць. Напрыклад, у Акадэміі мастацтва выдатны студэнцкі тэатар. Ды і “Свабодны тэатар”, не маючы магчымасьці выступаць легальна, дае сёньня спэктаклі на прыватных кватэрах”.

Сідарэвіч: “Я лічу вялікім рэжысэрам Мікалая Пінігіна. Ягоны спэктакль “Тутэйшыя” я глядзеў некалькі разоў. Паставіў Пінігін і яшчэ адзін выдатны спэктакль – “Сымон-музыка”. Я вельмі хацеў бы, каб Пінігін з ягоным талентам паставіў яшчэ і “Новую зямлю”. Упэўнены, яму гэта ўдасца”.

Скобла: “Будзем чакаць ад Пінігіна пастаноўкі і ад тэлебачаньня тэлетрансьляцый спэктакляў, як і прадпісана ў дзяржаўным пляне. Тут былі названыя выданьні, якія плянуюцца і выйшлі ўжо ў дзяржаўных выдавецтвах. Але я ведаю, што і некаторыя незалежныя структуры рупяцца ў гэтым кірунку. Спадар Анатоль Сідарэвіч, вы ўкладаеце аднатомнікі выбраных твораў і Купалы, і Коласа. Што будуць уяўляць з сябе гэтыя кнігі?”

Сідарэвіч: “Гэта сапраўды ініцыятыва недзяржаўная. І мы сыходзілі з таго, што Купала і Колас заўсёды павінны быць у кнігарнях. У том Купалы ўвойдуць вершы, паэмы, драматычныя паэмы, п’есы і публіцыстыка. Калі хто памятае, у 2005 годзе выйшаў купалаўскі том у сэрыі “Беларускі кнігазбор”. І наша выданьне – накшталт таго “кнігазбораўскага” тому. Пры складаньні мы таксама ўлічваем вялікі том Купалы “Спадчына”, які ў 1955 годзе ў Мюнхэне выдаў Станіслаў Станкевіч, а таксама кнігу “Выйдзі з сэрцам, як з паходняй”, якую ў 1982 годзе выпусьціў з прадмовай Анатоля Вярцінскага Алесь Разанаў. (Там упершыню пасьля 1920-х гадоў была надрукаваная паэма Купалы “На Куцьцю”). У гэты том мы мяркуем уключыць лепшае з лепшага, каб гэта быў хрэстаматыйна-анталягічны Купала. Цяжэй з Якубам Коласам. Мы ведаем, што Колас – аўтар нешматлікіх добрых і выдатных лірычных вершаў. Бо Колас – эпік, аўтар дзьвюх непераўзыдзеных паэм “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. І тут мы разводзім рукамі і думаем: а ці ня трэба выпускаць яшчэ і трэці том – Колас-празаік? “У Палескай глушы” – выдатная проза. Нават “На прасторах жыцьця” – якая рамантычная рэч! Нагадаю – гэта пэрыяд беларусізацыі, пэрыяд нэпу, калі ўсе жылі аптымістычна, глядзелі ўпэўнена ў будучыню. Тут згадваўся пераклад “Новай зямлі” на ангельскую мову Веры Рыч. У свой час мне давялося быць рэцэнзэнтам перакладу “Новай зямлі” на польскую мову, выдатна зроблены Чэславам Сэнюхам. Я радок у радок прачытаў – арыгінал і польскі пераклад. І ўзьнікла пытаньне – у якой рэдакцыі Сэнюх пераклаў паэму? Мы толькі цяпер агледзелі, што ў варыянце пазьнейшым. А самы лепшы, клясычны варыянт, датуецца 1927 годам. З Коласавымі інвэктывамі на каапэрацыю і дзяржаўны гандаль у БССР”.

Скобла: “Паводле правілаў, у зборы твораў уключаюцца апошнія прыжыцьцёвыя рэдакцыі твораў. У якой рэдакцыі “Новая зямля” будзе ў Зборы твораў Коласа?”

Кісьліцына: “Гэта ж акадэмічнае выданьне. Там у спэцыяльным разьдзеле будуць зьмешчаныя ўсе варыянты”.

Сідарэвіч: “Мы будзем даваць Купалу па першавыданьнях, будзем зьвярацца з “Жалейкай”, “Гусьляром”, “Адвечнай песьняй”, “Сном на кургане”, “Шляхам жыцьця”. У 1920-я гады Купала яшчэ сам сябе рэдагаваў а ў 1930-я і пазьней ужо за Купалу правілі, прычым правілі з ідэалягічных меркаваньняў”.

Кісліцына: “Ва ўсім сьвеце існуе такая практыка: паэты складаюць і парадкуюць кнігі сваіх папярэднікаў. На маю думку, згаданае разанаўскае выбранае Купалы – ці ня самае лепшае. І гэта вельмі важна, каб менавіта творчы чалавек укладаў кнігі клясыкаў, а не чыноўнікі. Таму вельмі добра, што гэтым займаецца Анатоль Сідарэвіч. Ён ведае гісторыю, ведае факты, ён ведае акалічнасьці зьяўленьня таго ці іншага твора. Але абавязкова павінны быць такія “аўтарскія” выданьні, як рабіў Алесь Разанаў”.

Сідарэвіч: “Я – укладальнік тома Купалы, а рэдактар – Алесь Сьцяпанавіч Разанаў”.

Скобла: “Мы сёньня пайшлі наўсьлед за дзяржаўным плянам мерапрыемстваў і гаворым адначасова пра Купалу і Коласа, хоць гэта, магчыма, і не зусім апраўдана. Калі мы так ужо зрабілі, то мне хацелася б згадаць сапраўды супольныя тэксты Коласа і Купалы, прынамсі, падпісаныя іх імёнамі. Гэта ліст старшыні Саўнаркаму БССР Мікалаю Галадзеду – у абарону арыштаванага Францішка Аляхновіча (1928 год). І ліст сакратару ЦК КПБ Панцеляймону Панамарэнку – у абарону арыштаванага Аляксандра Ўласава (1940 год). А што на той час азначала падобнае заступніцтва?”

Сідарэвіч: “Калі арыштавалі Францішка Аляхновіча, першы ў бой кінуўся Максім Гарэцкі. Калі на ўладу не падзейнічаў яго індывідуальны ліст, ён сабраў подпісы Купалы, Коласа, іншых вядомых дзеячаў культуры. І тады ўлада прыняла салямонава рашэньне: Аляхновіча пакінулі на Салаўках, а Ўладзіславу Галубку далі званьне народнага артыста Беларусі. Я зьвяртаю вашу ўвагу на мову лістоў. Першае хадайніцтва да Мікалая Галадзеда напісана па-беларуску, бо гэта быў прэм’ер-міністар БССР, які размаўляў па-беларуску, і амаль усе дакумэнты ў ягонай канцылярыі выдаваліся па-беларуску (ці, прынамсі, на дзьвюх мовах). А хадайніцтва да Панамарэнкі напісанае ўжо па-расейску. Клімат памяняўся, і нават народныя паэты Купала і Колас, а разам зь імі Зьмітрок Бядуля, вымушаны прыстасоўвацца да абставінаў і пісаць па-расейску. Цяжка было”.

Скобла: “Пазалетась у Польшчы на міжнародным паэтычным фэстывалі “Варшаўская паэтычная восень” мне давялося пачуць ад польскіх паэтаў: “Міцкевіч? Ён ужо састарэў, ён нецікавы сучаснаму чытачу”. А чым актуальныя для сёньняшніх беларусаў Янка Купала і Якуб Колас?”

Кісьліцына: “Я ня так даўно чытала разам з сынам “Тутэйшых” (яны пакуль што застаюцца ў школьнай праграме). Чыталі мы па ролях, і па рэакцыі сына я бачыла, што Купала сёньня актуальны як ніколі. Я думаю, калі мы прачытаем лісты і вершы Коласа да Аляксандры Кетлер, лісты да Сьвятланы Сомавай, мы адкрыем для сябе новага Коласа”.

Сямёнава: “Купала і Колас гавораць пра вечныя загадкі быцьця: пры жыцьцё, пра сьмерць, пра каханьне, пра адносіны творцы і ўлады. Прычым гавораць пра гэта на высокім мастацкім узроўні. А падобныя тэмы не старэюць”.

Сідарэвіч: “Чытайце Купалу. Чытайце ягоныя паэмы, асабліва ягоную драматургію. Там жа выведзена цэлая галерэя тыпаў нацыянальнага характару. Напрыклад, Мікіта Зносак. Колькі ў нас зноскаў сёньня кіруюць на мясцовым і высокім узроўні...”

Сямёнава: “Между протчым...”

Сідарэвіч: “Во-во... Купала быў страшны крытык, ён не рамантызаваў свой народ, але разам з тым ён быў рэалістам. А Коласа вазьміце. “Казкі жыцьця” ягоныя чаго вартыя? Нядаўна ў мяне Павал Севярынец пытаўся ў лісьце – парайце, каго пачытаць? І я назваў яму Купалу, Коласа і Максіма Гарэцкага. Яны ўмелі глядзець у корань. У гэтым сутнасьць”.
XS
SM
MD
LG