Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абмяркуюць Нацыянальную плятформу бізнэсу


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску пройдзе сустрэча дзелавых колаў Беларусі. Яны абмяркуюць Нацыянальную плятформу бізнэсу й дзеяньні прадпрымальнікаў у новых эканамічных умовах.

Ініцыятарам стварэньня Нацыянальнай плятформы бізнэсу стаў Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў.
Л.Коваль: "Гэта першы праграмны комплексны дакумэнт паляпшэньня прадпрымальніцкага клімату.”
“Усе рэгіянальныя бізнэс-саюзы над гэтым працавалі, 20 тысяч прадпрымальнікаў бралі ўдзел у працы над гэтай плятформай, – паведаміла “Свабодзе” віцэ-старшыня арганізацыі Лілія Коваль. – Гэта першы праграмны комплексны дакумэнт паляпшэньня бізнэс-асяродзьдзя, прадпрымальніцкага клімату ў Рэспубліцы Беларусь. Ён закрануў самыя надзённыя пытаньні”.

Паводле дакумэнту, беларускі бізнэс мае пільную патрэбу ў рэформах. Найперш прадпрымальніцтву неабходныя зьмены ў пытаньнях уласнасьці, ліцэнзаваньня, рэгістрацыі й ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня, інфармаваньня й супрацоўніцтва зь дзяржавай.
В.Крываль: ”Каля 100 тысяч прадпрымальнікаў ня ведаюць, што адбудзецца.”
“Рэч у тым, што некаторыя пытаньні трэба было б абмяркоўваць яшчэ ўчора, – гаворыць бізнэсовец з Узды Віктар Крываль. – Прынамсі, пачынаць сёньня. Я наконт 760-га ўказу і наконт 1 студзеня 2008 году. Каля 100 тысяч прадпрымальнікаў ня ведаюць, што адбудзецца. Яны вымушаныя хвалявацца. Гэта бяда. Мне ўжо зараз райвыканкам шле паперы, што нібыта трэба квоту выканаць. Ад Слуцкага камбінату ўзяць столькі каўбас за месяц, ад Барысаўскага кансэрвавага заводу столькі вось сокаў, вады і г.д. Я гэтыя загады не выконваю, бо я жыву па Канстытуцыі. І я не зьвяртаю ўвагі на магчымы шантаж. А многія ж прадпрымальнікі выконваюць”.

У стварэньні Нацыянальнай плятформы бізнэсу актыўны ўдзел бралі эканамісты. У іх ліку Леанід Заіка, які зьбіраецца выступіць на сёньняшняй сустрэчы:
Л.Заіка: ”Кіраўніцтва краіны ня можа зразумець, што адбываецца.”
“Мы маем сытуацыю, калі кіраўніцтва краіны ня можа зразумець, што адбываецца. Калі сытуацыя будзе знаходзіцца ў рамках эканомікі мабілізацыйнага тыпу, то бок нафту атрымліваць зь Ірану, Азэрбайджану, і тут будзем шукаць нейкія рэсурсы, то тады становішча бізнэсу будзе горшым. Цяпер эканамічная эліта павінна прапанаваць свае варыянты разьвіцьця краіны”.

Гл. таксама

• Прадпрымальнікі зьвярнуліся да Ул.Канаплёва
XS
SM
MD
LG