Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч хоча прыцягнуць увагу Вялікай Брытаніі да Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня пачынаецца візыт у Вялікую Брытанію былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, кіраўніка Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.

Перад адлётам у Лёндан Аляксандар Мілінкевіч расказаў пра праграму свайго знаходжаньня ў Вялікай Брытаніі:

“Гэта афіцыйнае запрашэньне наведаць Злучанае Каралеўства. Падчас візыту будзе сустрэча зь міністрам у справах Эўропы Джэфам Хунам, адбудуцца перамовы ў МЗС і парлямэнце. Таксама будуць сустрэчы ў Інстытуце славянскіх дасьледаваньняў, прэсавая канфэрэнцыя, выступ на ВВС. І яшчэ – сустрэча зь беларусамі Вялікай Брытаніі. Уся паездка зойме чатыры дні”.

З той пары, як Аляксандар Мілінкевіч пачаў удзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, гэта ягоная першая паездка ў Лёндан. Адметнасьць гэтага візыту старшыня аб’яднаных дэмсілаў Беларусі бачыць у наступным:

“Вялікая Брытанія заўсёды займала вельмі прынцыповую ды цьвёрдую пазыцыю адносна Беларусі. І я думаю, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі, і ўлічваючы такую ж пазыцыю Нямеччыны, гэта будзе і супольнай пазыцыяй Эўропы. Пазыцыя вядомая: Эўропа – адкрытая, але Беларусь мусіць рабіць крокі ў кірунку дэмакратыі.

І акрамя таго, я разьлічваю на пашырэньне супрацоўніцтва Вялікай Брытаніі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі”.

У Францыі тыдзень таму абраны новы прэзыдэнт, вось-вось зьявіцца новы прэм’ер у Вялікай Брытаніі, параўнальна нядаўна прайшла зьмена канцлера ў Нямеччыне. Аляксандар Мілінкевіч асабіста знаёмы і з канцлеркай Ангелай Мэркель, і з прэзыдэнтам Нікаля Сарказі. З новым кіраўніком Францыі Мілінкевіч сустракаўся летась, у верасьні, калі Сарказі яшчэ ўзначальваў міністэрства ўнутраных справаў Францыі. Тады ў Марселі Нікаля Сарказі казаў пра тое, што на мапе Эўропы ёсьць такія краіны, як Беларусь, дзе няма свабоды ды дэмакратыі, дзе ўлада выкарыстоўвае рэпрэсіі супраць уласнага народу. Ён таксама казаў, што Эўропа мусіць зьмяніць сваё стаўленьне да Беларусі, што маральных жэстаў сёньня недастаткова, неабходна палітычная абарона дэмакратыі ў Беларусі. І дзеля гэтага патрэбна скарыстоўваць дыпляматычныя магчымасьці краінаў Эўразьвязу.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, ён абавязкова нагадае гэтыя словы і сваім суразмоўцам у Лёндане. Гл. таксама

• Магчымы наступнік Тоні Блэра – “кулак, які моцна б’е”
XS
SM
MD
LG