Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх хакеістаў “псыхалёгія непераможцаў”


Ігар Карней, Менск У Маскве завяршыўся чэмпіянат сьвету ў хакеі. Беларусь у агульным заліку падзяліла 11-12 месцы з італьянцамі –сумнеўны посьпех для каманды, якую з задачай “не ніжэй за восьмае месца” да сэзону рыхтаваў амэрыканец Курт Фрэйзэр. Дарэчы, годам раней у Латвіі беларусы прадэманстравалі найлепшы вынік за час выступаў на ўсясьветных пяршынствах – 6-е месца. Той посьпех, як лічыцца – наўпроставая заслуга канадзкага хакейнага настаўніка Глена Гэнлана. Што адбылося ў камандзе пасьля зьнешне “паўнавартаснай” паўночнаамэрыканскай ракіроўкі?

У Курта Фрэйзэра квіток у адзін бок?

Хаця кантракт зь Беларускай фэдэрацыяй хакею ў Курта Фрэйзэра завяршаецца толькі праз два тыдні, яшчэ ў пятніцу амэрыканскі спэцыяліст адляцеў у ЗША. Ці быў у яго квіток у адзін бок, пакуль што невядома. Прынамсі, перад ад’ездам на чэмпіянат сьвету ў Маскву Фрэйзэр зь Беларусьсю не разьвітваўся:

“Пагадненьне на маю працу на пасадзе галоўнага трэнэра падпісвалася з умовай, што гэта мусіла быць маё асноўнае і адзінае працоўнае месца ў гэтым сэзоне. Дамова была пакуль што толькі на гэты сэзон. Але пасьля яго завяршэньня, калі я лепей пазнаёмлюся зь беларускімі рэаліямі, спадзяюся, у мяне будзе магчымасьць падумаць, чым займацца надалей”.

Што фармуе “псыхалёгію непераможцы”?

Як лічыць спартовы камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Аляксандар Пуціла, пасьпяхова выступаць на міжнароднай арэне беларусам перашкаджае “псыхалёгія непераможцаў”. Ставячы задачу-мінімум, хакеісты ад пачатку не нацэленыя на высокія вынікі:

“Нашы хакеісты ставяць задачы, зразумела, выступіць як мага лепей у кожным матчы. Але як толькі дасягаецца задача-мінімум – застацца ў дывізіёне “А” – адразу апускаюцца рукі, і далей ім ужо нічога ня трэба. І гэта не адзін сэзон такі. Таму ніхто асабліва нічога не чакае ад нашай каманды, насуперак заявам Курта Фрэйзэра перад чэмпіянатам сьвету, што можна разьлічваць на мэдаль з гэтай камандай. Бо ў першую чаргу ўсё залежыць ад характару, ад таго, наколькі можа настаўнік настроіць зборную”.

“Фрэйзэр не адпрацаваў свой кантракт”

Умовы, забясьпечаныя амэрыканскаму спэцыялісту беларускім бокам, павінны былі яго задаволіць. Так мяркуюць у Беларускай фэдэрацыі хакею. Пастаяннай прысутнасьці ў Беларусі ад яго ніхто не патрабаваў, а 100 тысяч даляраў за сэзон, магчыма, і ня самыя вялікія грошы для НХЛ, але, як лічыць спартовы камэнтатар Аляксандр Пуціла, гэтым разам яны даліся “не крывёю і потам”. Тым ня меней, перакананы мой суразмоўца, Фрэйзэру трэба даць магчымасьць трэніраваць каманду надалей – наступны чэмпіянат сьвету пройдзе ў Канадзе:

“Наступны чэмпіянат сьвету пройдзе ў Ванкувэры, і нядрэнна было б, каб менавіта паўночнаамэрыканец трэніраваў нашу каманду – ён ведае той клімат, ведае, у якіх умовах праходзіць падрыхтоўка. Я так думаю, трэба было б Курту Фрэйзэру даць папрацаваць яшчэ сэзон. Хоць той кантракт на 100 тысяч даляраў, пра які казалася, ён, зразумела, ня спраўдзіў, не адпрацаваў. Ну, а як урэшце будзе? Напэўна, у нашым стылі, у стылі нашага кіраўніцтва адразу мяняць нешта, шукаць новае, яшчэ не разабраўшыся ў тым, наколькі моцны гэты спэцыяліст”.

Зь беларускай камандай будуць працаваць канадзкія трэнэры

Напярэдадні ад’езду зборнай Беларусі ў Маскву кіраўнік Фэдэрацыі хакею Ўладзімер Навумаў нагадаў: Курт Фрэйзэр даў згоду на працу ў штабе зборнай да 1 чэрвеня 2007 году. Аднак сам генэрал спадзяецца: і Гэнлан, і Фрэйзэр яшчэ саслужаць добрую службу беларускім хакеістам. І ня толькі ў прыцэле чэмпіянату сьвету-2008: праз тры гады ў тым жа Ванкувэры адбудзецца зімовая Алімпіяда. А тыя мясьціны добра вядомыя абодвум адмыслоўцам.

“Глэн Гэнлан застаецца, як мы кажам між сабой, трэнэрам-кансультантам. І не выключаю, што Гэнлан можа яшчэ тры сэзоны так працаваць, – мяркуе Навумаў. – Але можа быць і так, што на наступны год адразу два трэнэры прапануюць нам ужо трэцюю кандыдатуру. Ва ўсялякім разе, да Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры Фэдэрацыя хакею разьлічвае, што трэнэры, якія будуць працаваць зь беларускай зборнай, будуць спэцыялістамі з Канады ці тыя, якія цяпер працуюць у ЗША. Бо Курт гуляў у Ванкувэры, Глен увогуле родам з Ванкувэру. І ёсьць такая негалосная дамоўленасьць: як бы ні склалася сытуацыя, яны на Алімпійскія гульні павязуць нашу каманду, дзе мы разьлічваем атрымаць нейкія мэдалі”.

Сёлета ў Менску закладзены падмурак новай шматфункцыянальнай хакейнай пляцоўкі “Мінск-Арэна” на 15 тысяч гледачоў. Праўда, папярэдні досьвед будаўніцтва ў Беларусі лядовых палацаў паказвае, што колькасьць месцаў для падвышэньня майстэрства хакеістаў пакуль мала ўплывае на якасьць гульні нацыянальнай каманды.

Насуперак прагнозам, гаспадары першынства, каманда Расеі, да фіналу так і не дайшла. У матчы за трэцяе месца расейцы перамаглі зборную Швэцыі – 3:1. А за першае месца ўчора ўвечары змагаліся Канада і Фінляндыя. Гульня ішла пад дыктоўку канадцаў, пра што сьведчыць і вынік матчу – 4:2. Такім чынам, канадцы 24-ы раз у гісторыі сталі чэмпіёнамі сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG