Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнеэўрапейскія заўзятары настойваюць на рэформах “Эўрабачаньня”


Радыё Свабода Кіраўнікі нацыянальных камісій “Эўрабачаньня” і сябры фан-клюбаў гэтага конкурсу з краін Заходняй Эўропы патрабуюць рэформаў гэтага сьпеўнага тэлешоў. Паводле іхных заяваў, цяперашняе высокае прадстаўніцтва Ўсходняй Эўропы ў фінале “Эўрабачаньня 2007” – 15 удзельнікаў з 24 – абавязанае “добра арганізаванай салідарнасьці ўсходнеэўрапейскай тэлеаўдыторыі”.

“Тое, што адбылося, проста непрымальна”, заявіў віцэ-прэзыдэнт швайцарскай сэкцыі “Эўрабачаньня” Пэтэр Баўман. Выканаўца са Швайцарыі Дыджэй Бобо, якога называюць самай прыкметнай фігурай эўрапейскага музычнага поп-Алімпу, у выніку тэлегаласаваньня ня трапіў у фінал са сваёй песьняй “Вампіры жывыя”.

“Усходнеэўрапейцы настолькі салідарызаваліся, каб працягнуць сваіх у фінал, што ім былі абыякавыя і музыка, і якасьць выкананьня”, лічыць Баўман. Ён спасылаецца на ўласныя дадзеныя падлікаў. Згодна зь імі, большасьць сёлетніх тэлегледачоў шоў паходзіць з краінаў Усходняй Эўропы. Паводле Баўмана, падобныя маніпуляцыі аўдыторыі дыскрэдытуюць дух “Эўрабачаньня”.

Ня менш расчараваныя вынікамі паўфіналу аўстрыйцы. Так у заключны тур “Эўрабачаньня” ня трапіў іхны любімец Эрык Папілоя з поп-рокавай кампазыцыяй “Пачні новае жыцьцё”.

“Папілоя – выключны сьпявак, а ягоная песьня – сапраўдны хіт. Вельмі сумна, калі на атрыманьне Гран-пры прэтэндуюць не такія профі як ён, Дыджэй Бобо ці выканаўцы песень з палітычнай накіраванасьцю кшталту ізраільскага гурту “Teapacks”, а гратэскныя Верка Сярдзючка, Марыя Шарыфовіч, творча невыразныя Калдун ці гурт “Серебро”, лічаць сябры фан-клюбу “Эўрабачаньня” з аўстрыйскага Зальцбургу.

Гл. таксама:

Сёньня ўначы стане вядомы пераможца “Эўрабачаньня 2007”
XS
SM
MD
LG