Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўначы стане вядомы пераможца “Эўрабачаньня 2007”


Радыё Свабода Як падае Reuters, наўпроставую трансьляцыю конкурсу з Хэльсынскага лядовага палацу Hartwall Arena, якая пачнецца а 22-й гадзіне паводле менскага часу, будуць глядзець прыкладана сто мільёнаў чалавек, а яшчэ сотні мільёнаў жыхароў плянэты ўбачаць гэтае шоў у запісу.

Фінал конкурсу будзе працягвацца тры гадзіны. У ім возьмуць удзел прадстаўнікі 24 краінаў. Пераможца “Эўрабачаньня”, дакладней, самая лепшая песьня конкурсу, вызначыцца шляхам інтэрактыўнага галасаваньня тэлегледачоў.

Многія музычныя аглядальнікі з Заходняй Эўропы прадказваюць перамогу ўсходнеэўрапейцам. Напярэдадні лепшымі ў паўфінале, акрамя турэцкага выканаўцы, былі прызнаныя дзевяць сьпевакоў з краін Усходняй Эўропы, сярод іх – беларус Дзьмітры Калдун. Сёньня ў фінале ён будзе выступаць пад трэцім нумарам.

Камэнтуючы выступ беларускага выканаўцы на ўчорашняй генэральнай рэпэтыцыі, нідэрляндзкае выданьне esctoday.com піша: “Калдун відавочна эканоміў свае вакальныя сілы. Гэта быў ягоны ня горшы, аднак і ня лепшы выступ”. Пры гэтым, як піша выданьне, у часе рэпэтыцыі публіка пачала аплядаваць Калдуну пры першых жа тактах ягонай песьні.

Нідэрляндцы прагназуюць беларускаму сьпеваку адну з самых высокіх пазыцый на конкурсе. Сярод фаварытаў называюць таксама сэрбскую сьпявачку Марыю Шэрыфовіч, расейскі гурт “Серебро” і, безумоўна, Верку Сярдзючку з Украіны.

Тым часам вядомы музычны крытык з Масквы Арцемій Троіцкі скептычна ацэньвае шанцы Расеі і Беларусі на перамогу. Паводле ягоных словаў, на посьпех «у гэтым далёкім ад музыкі «музычным» конкурсе» можа разьлічваць выключна Верка Сярдзючка.

«Вядома, што галоўны кантынгент гледачоў Эўрабачаньня, з аднаго боку, прадстаўнікі нетрадыцыйнай арыентацыі, а з другога – хатнія гаспадыні. Што да Веркі, то яна і хатняя гаспадыня, і да таго ж мае транссэксуальны імідж. Так што ейныя шанцы – лепшыя», кажа Арцемій Троіцкі.

Паводле экспэртнай группы ВВС, у склад якой увайшлі колішнія пераможцы «Эўрабачаньня», Беларусь і Расея зоймуць у фінале адпаведна дзясятую і дзявятую пазыцыю, Украіна ўвогуле ня ўвойдзе ў першую дзясятку, а Гран-пры сёлета дастанецца нямецкаму выканаўцу Роджэру Чычэра. Паводле экспэртаў ВВС, гэта «неверагодны сьпявак з цудоўнай кампазыцыяй». Сваю песьню « Жанчыны кіруюць сьветам» Чычэра, румын паводле паходжаньня, выканае ў джазавай манэры і на нямецкай мове. Мінулагодні дэбютны альбом сьпевака стаў бэстсэлерам на захадзе Эўропы.
XS
SM
MD
LG