Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Віцебскводаканал" руйнуе рэшткі старажытнай забудовы гораду


Радыё Свабода, Віцебск Праблемы з захаваньнем гістарычнай і архітэктурнай спадчыны маюць апошнім часам ня толькі Гародня і Менск, але і Віцебск. На плошчы Свабоды, якая лічыцца гістарычнай ахоўнай зонай горада, цяпер працуе адмысловая тэхніка: у тым месцы, дзе раней стаяў праваслаўны Сьвята-Мікалаеўскі сабор, рыюць катлаваны ды пракладаюць камунікацыі.

У вялікай яміне дыямэтрам каля 5-ці мэтраў і такой самай глыбіні добра відаць рэшткі муроў, на некаторых кавалках захавалася тынкоўка і фрагмэнты росьпісу. Паводле супрацоўніцы аддзелу культуры Віцебскага аблвыканкаму Ніны Сулецкай, работнікі "Віцебскводаканалу" прарэзалі кладку аднаго з будынкаў комплексу Мікалаеўскага сабору, тым часам як любыя падземныя працы ў гэтым месцы катэгарычна забароненыя ўвогуле.


Парэшткі комплексу Сьвята-Мікалаеўскага сабору

"Доктар гістрычных навук Вольга Ляўко, якая курыруе гэтую тэрыторыю – мае адкрыты ліст ад Акадэміі навук, адказвае тут за ўсе дасьледаваньні, – катэгарычна забараніла усялякія будаўніцтвы і падземныя працы на гэтай тэрыторыі. Бо яна яшчэ не дасьледавана навукоўцамі-археолягамі. А ў гэтым месцы, дарэчы, могуць быць рэшткі пабудоў яшчэ з 12-га стагодзьдзя! Таму мы напісалі прадпісаньне ў "Віцебскводаканал", каб яны спынілі працы, але яны ўсё нешта рыюць. Ну, што рабіць далей? Ня кідацца ж пад коўш! Калі я кінуся ў тую яміну, дык зарыюць і мяне!"


Катлаван на плошчы Свабоды ў Віцебску

Ніна Сулецкая ды іншыя адказныя асобы склалі пратакол, засьведчыўшы факты парушэньня закону пра ахову гістарычнай спадчыны. Копіі пратаколу даслалі ў Акадэмію навук, міністэрства культуры, абласную пракуратуру і Віцебскі гарвыканкам. Паводле зьвестак спадарыні Сулецкай, менавіта гарвыканкам замовіў "Віцебскводаканалу" закладку камунікацый на тэрыторыі плошчы Свабоды, бо тут заплянаванае будаўніцтва маладзёвага забаўляльнага цэнтру.

Супраць гэтага будаўніцтва, якое мае ажыцьцявіць тутэйшы прадпрымальнік Аляксандар Данілаў, ужо некалькі месяцаў змагаецца ў тым ліку і віцебская моладзь. Пісьмовыя пратэсты супраць разбурэньня гістарычнай часткі горада ўжо разасланыя ў розныя інстанцыі. Пра вынікі перапіскі з чыноўнікамі распавёў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.

"Напрыканцы красавіка мы атрымалі адказ з камітэту па архітэктуры і будаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму, падпісаны кіраўніком гэтага камітэту. Ён нас супакоіў, што ні будаўнічыя, ні якія іншыя працы на плошчы Свабоды весьціся ня будуць. Бо праект моладзевага цэнтру зроблены так, што ён будзе пабудаваны не на самой плошчы, а каля яе. Але сёньня земляныя працы працягваюцца і вядуцца яшчэ больш інтэнсіўна: катлаван ужо пашырылі ўдвая і падвезьлі трубы, якія будуць укладаць у гэтую яміну".

На думку спадара Сьвеціка, працы невыпадкова вядуцца так пасьпешліва і нават у выходны дзень: гэтак да пачатку працоўнага тыдня можна будзе зарыць катлаван і прыхаваць такім чынам сьляды парушэньня заканадаўства ў выпадку, што на плошчу Свабоды зьявяцца праверкі з розных інстанцыяў.


У ахоўнай зоне на плошчы Свабоды адмысловая тэхніка ўкладае трубы
XS
SM
MD
LG