Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Дойблер-Гмэлін: “Сяброўства Беларусі ў Радзе ААН недапушчальнае”


Радыё Свабода Старшыня камісіі па правах чалавека нямецкага парлямэнту Герта Дойблер-Гмэлін выказала пратэст у зьвязку з магчымым сяброўствам Беларусі ў Радзе ААН па правах чалавека.

У інтэрвію “Deutschlandradio” дэпутатка ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі Г.Дойблер-Гмэлін назвала скандальным, што кандыдатура Беларусі будзе разглядацца сярод тых краінаў, якія прэтэндуюць стаць сябрамі Рады ААН. Паводле яе, гэта можа дыскрэдытаваць Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, якая традыцыйна выступае за захаваньне высокага стандарту ў пытаньні правоў чалавека.

“Неабходна не забывацца пра тое, што абраньне робіцца на аснове выбару, а таму для галасаваньня па складзе Рады ААН па правах чалавека трэба вылучаць большую колькасьць кандыдатур”, заявіла Герта Дойблер-Гмэлін. Паводле дэпутаткі, “у крайнім выпадку лепш пакінуць месца пустым, аднак ні ў якім разе не выбіраць такія краіны, як Беларусь”.

Чарговае галасаваньне па складзе Рады ААН па правах чалавека адбудзецца 17 траўня. На 14 месцаў у Радзе прэтэндуюць 15 краін – Ангола, Беларусь, Балівія, Данія, Эгіпет, Індыя, Інданэзія, Італія, Катар, Мадагаскар, Нідэрлянды, Нікарагуа, Славенія, Філіпіны і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.
XS
SM
MD
LG