Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт у Кракаве скончыўся, дамоўленасьць наконт нафтаправоду дасягнутая


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У польскім Кракаве скончыўся нефармальны саміт кіраўнікоў Літвы, Украіны, Азэрбайджану, Грузіі і Польшчы, прысьвечаны пытаньням пошуку альэрнатыўных крыніцаў паставак энэрганосьбітаў. Прэзыдэнт Лех Качынські лічыць, што сустрэча была пасьпяховай.

Галоўная мэта саміту – дамоўленасьць у справе сумеснага будаўніцтва нафтаправоду Адэса-Броды далей да польскага гораду Плоцк і потым да Гданьску – дасягнутая.

Гэты праект дазволіць пастаўляць ня толькі ў Польшчу, але і далей, у краіны заходняй Эўропы нафту з узьбярэжжа Касьпійскага мора.

Фатыга: “Адзін з важных накірункаў працы нашага ўраду – гэта пошук магчымасьцяў купляць энэрганосьбіты на паўднёвым усходзе. Гэта важна для ўсёй Эўропы. Мы амаль цалкам залежым ад ад аднаго пастаўшчыка – і што тычыцца газу, і што да нафты. З-за гэтага і мы, і нашыя суседзі ўжо мелі сур’ёзныя праблемы. Мы хочам, падтрымліваючы дзелавыя і прагматычныя дачыненьні з Расеяй, мець альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты і газу. Гэта прыярытэт і для прэзыдэнта, і для ўраду”, – сказала міністар замежных справаў Польшчы Ганна Фатыга.

Між тым яе намесьнік Павал Коваль заявіў, што зьдзіўлены такой актыўнасьцю Расеі ў сувязі з самітам. Напярэдадні саміту прэзыдэнт Расеі Пуцін запрасіў прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева разам наведаць Туркмэнію, каб правесьці перамовы ў справе паставак туркмэнскага газу.

У выніку Назарбаеў не прыехаў у Польшчу, а ў прэсе зьявіліся паведамленьні аб тым, што Масква адмыслова спрабавала сарваць кракаўскі саміт.

Тым ня менш, прэзыдэнт Польшчы Лех Качынські назваў сустрэчу “пасьпяховай”, бо кіраўнікі Літвы, Грузіі, Украіны, Азэрбайджану і Польшчы прынялі дэклярацыю, у якой прадугледжваецца стварэньне адмысловай рабочай групы ў справе праекту нафтаправоду Адэса-Броды-Плоцк-Гданьск.





XS
SM
MD
LG