Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я веру, што буду адным са стваральнікаў закону пра люстрацыі”


Радыё Свабода Уладзімер Шыцікаў – удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Я веру, што наступяць цёплыя дні, і ў маім садзе расьцьвітуць яблыні й рададэндраны.

Я веру, што міліцыя верне мой кампутар, на якім я нібыта друкаваў 10-тысячныя беларускія купюры.

Я веру, што міліцыя адпусьціць на волю маю кампутарную мыш, якая з адабраным кампутарам не стасуецца.

Я веру, што наступіць час, калі ў міліцыі будуць працаваць людзі, якія будуць ведаць, дзе знаходзіцца горад Каўнас, і што сталіцай ні Летувы, ні Латвіі ён не зьяўляецца.

Я веру, што дыктатура згіне пры нашым жыцьці, і мы ёй у гэтым дапаможам.

Я веру, што кіроўная зграя паспрабуе зьбегчы з нарабаваным у Вэнэсуэлу альбо ў Сыбір, дзе расейцы й здадуць усіх, і нам не спатрэбіцца выкарыстоўваць досьвед Масаду.

Я веру, што буду адным са стваральнікаў закону пра люстрацыі.

Я веру, што несумленныя міліцыянты, судзьдзі, стукачы й вядомыя ў цывільным апынуцца ў тых жа брудных камэрах, дзе сядзелі дэмакратычныя актывісты.

Я веру, што грамадзяне перастануць лічыць міліцыянтаў “бандытамі ў форме”, выканаўцамі правакацыяў, і будуць ім давяраць.

Я веру ў моладзь, у адраджэньне ліцьвіна-беларуса.

Я веру, што народ даможацца ўсіх свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй.

Я веру, што мы будзем у адзінай Эўропе роўнымі сярод роўных.

*** Уладзімер Шыцікаў – старшыня раённае суполкі “Свабода” Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з Гомелю, майстра пэрформансаў і палітычных лёзунгаў. Двойчы, у 2006 і 2007 гадах, пакараны адміністрацыйнымі арыштамі за палітычную актыўнасьць.
XS
SM
MD
LG