Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 05.05.2007 – 11.05.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Праз падземны пераход няма наагул магчымасьці спусьціцца, ні ліфта, ні пандуса. А іначай ніяк. Лётаць мы ня ўмеем”.

Гарадзенка Натальля, удзельніца маршу інвалідаў-калясачнікаў у Менску – пра тое, чаму ўдзельнікі акцыі не маглі скарыстацца падземнымі пераходамі і перакрылі рух транспарту.

“Мне ня вельмі гэта падабаецца, бо мне лепш набываць квіток па заніжанаму кошту колькі я захачу, чым нейкая канкрэтная сума грошай, якую я ня буду ведаць, на што патраціць”.

Маладая мянчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Як вы ставіцеся да таго, што частку ільгот заменяць грашовымі выплатамі?”

“Я часта бываю ва Ўсходняй Эўропе і ведаю: уплыў КГБ ідзе празь бізнэс, сродкі масавай інфармацыі таксама спрабуюць прыручыць ці захапіць. У Прыбалтыцы сродкі масавай інфармацыі цалкам падкантрольныя КГБ, ва Ўсходняй Эўропе менш, але гэты элемэнт там ёсьць, і ён разьвіваецца”.

Уладзімір Букоўскі, праваабаронца, былы савецкі дысыдэнт – у інтэрвію “Свабодзе”.

“Але сыстэма льготаў, створаная яшчэ за савецкім часам, ня можа не мяняцца, асабліва ў цяперашніх эканамічных умовах. Ня можа лічыцца нармальнай сытуацыя, калі больш за палову насельніцтва краіны – ільготнікі”.

З паведамленьня прэсавай службы кіраўніка Беларусі – пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з Натальляй Пяткевіч, намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі, якая курыруе прыняцьце закону аб ільготах.

“Сапраўды, мы хацелі б знайсьці магчымасьць удзелу Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў нейкіх расейскіх справах. На сёньняшні момант саюзная дзяржава нібыта існуе, а нібыта і не існуе”.

Дзьмітры Рагозін, дэпутат Дзярждумы Расеі, адзін са стваральнікаў новай партыі “Вялікая Расея”.

“Чакаю гасьцей. Здароўе крыху стала лепш, мне лягчэй, калі мяне наведваюць. Сына ўсё няма, але я думаю, што, можа, калі й дачакаюся яго. Я спадзяюся. Хто ні варажыў, усе кажуць, што ён жывы”.

Ульляна Захаранка, маці Юр’я Захаранкі, былога міністра ўнутраных спраў, зьніклага 8 гадоў таму.

“Уважаю імкненьне Беларусі стаць членам Рады правоў чалавека ААН высьмейваньнем намаганьняў усіх свабодамысных беларусаў і міжнароднай супольнасьці, накіраваных на завядзеньне ў краіне вольных і дэмакратычных парадкаў".

Вацлаў Гавэл, былы прэзыдэнт Чэскай Рэспублікі.

“Порах трэба заўсёды трымаць сухім, каб ня быць засьпетым зьнянацку нядобразычліўцамі. У гэтым палягае адзін з найважнейшых урокаў Вялікай Айчыннай вайны".

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас цырымоніі ўручэньня ўзнагародаў напярэдадні Дня Перамогі.

“Для многіх заканчэньне Другой сусьветнай вайны азначае перамогу над тыраніяй, і для многіх – замену аднаго гвалтоўнага рэжыму іншым. Але гісторыю не выкладаюць і не вывучаюць на вуліцах. Эстонія ведае, наколькі каштоўнае свабоднае і дэмакратычнае грамадзтва, і тут усе могуць адзначаць свае перамогі, а таксама смуткаваць пра свае страты. Аднак перадумовай гэтага зьяўляецца годнасьць адносна сябе і іншых”.

З супольнай заявы кіраўніцтва Эстоніі – прэзыдэнта Томаса Хэндрыка Ільвэса, сьпікера парлямэнта Энэ Эргма, прэм''ера Андруса Ансіпа – напярэдадні Дня Перамогі.

“Нашая мэта — паказаць, што беларускія патрыятычныя сілы заўсёды былі са сваім народам. Бо вядома і пра антынацыскі, і пра антыбальшавіцкі супраціў, які беларускі народ увесь час аказваў. Людзі, якія тут пахаваныя, якія змагаліся з фашызмам, ня маюць дачыненьня да камунізму. Бо палітрукі былі асобна, заградаддзелы НКВД былі асобна, а франтавікі былі асобна”.

Вячаслаў Сіўчык, палітык – на цырымоніі ўшанаваньня памяці ахвяраў Другой усясьветнай вайны на вайсковых могілках у Менску.

"Усё ж такі нямецкі нацызм паўстае як абсалютнае зло на той час. У гэтым сэнсе тыя, хто змагаўся зь нямецкім нацызмам, адстойвалі праўду ўсяго чалавецтва".

Валянцін Тарас, пісьменьнік – у перадачы “Праскі акцэнт”.

"У беларусаў не было асаблівай матывацыі змагацца з чарговым акупантам. Яны даўно прызвычаіліся да акупацыяў, як да ціску атмасфэры".

Валянцін Акудовіч, філёзаф – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Давайце будзем разьдзяляць наша стаўленьне да эстонскага кіраўніцтва і да эстонскіх праўладных структураў, якія прыкрываюцца нацыяналістычнай сымболікай, і да эстонскага народу. Эстонскі народ выступае пад чырвонымі сьцягамі ў абарону помнікаў салдатам Вялікай Айчыннай вайны”.

Уладзімер Цюхай, актывіст Беларускага Рэспубліканскага Саюзу Моладзі , удзельнік спальваньня эстонскага сьцягу падчас пікету пратэсту каля эстонскага консульства ў Менску.

“Прычыны любой вайны трэба перш за ўсё шукаць у памылках і праліках мірнага часу. Іх карані – у ідэалёгіі канфрантацыі і экстрэмізму.Тым больш што і ў нашы дні такіх пагрозаў ня робіцца менш, яны толькі трансфармуюцца, мяняюць сваё аблічча. І ў гэтых новых пагрозах, як у часе Трэцяга Райху – усё тое самае грэбаваньне чалавечым жыцьцём, тыя самыя прэтэнзіі на ўсясьветную выключнасьць і дыктат”.

Уладзімер Пуцін, прэзыдэнт Расеі – у прамове падчас параду ў Маскве ў Дзень Перамогі 9 траўня.

“Цяперашнія прэтэндэнты на ўсясьветнае ўладарства спрабуюць выкарыстаць вайну ў якасьці інструмэнту замежнай палітыкі. Пры дапамозе сілы адстойваюць свае геапалітычныя і драпежніцкія эканамічныя інтарэсы, душаць тыя дзяржавы, якія сталі на незалежны шлях разьвіцьця. Пры гэтым прыкрываюць сваю агрэсіўную сутнасьць ілжывымі словамі пра дэмакратыю, абарону правоў чалавека і свабоду”.

“Гнеў і абурэньне выклікаюць у нас акты глумленьня над героямі й ахвярамі войнаў — такія, як дэмантаж помніка савецкаму воіну-вызваліцелю ў Эстоніі ці закрыцьцё польскімі ўладамі савецкай экспазыцыі ў музэі канцлягеру Асьвенцім”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – у прамове падчас параду ў Менску ў Дзень Перамогі 9 траўня.

“Я лічу, што можна правесьці такую паралель, бо ў нас рэгулярна ў розных гарадох знаходзяцца парэшткі нейкіх ахвяраў войнаў – салдатаў. І далёка не заўсёды яны перазахоўваюцца з датрыманьнем усіх заканадаўчых нормаў. Таму ня варта наракаць на эстонцаў, калі ў саміх бервяно ў воку дастаткова вялікае і без усялякіх пэрспэктываў яго выцягненьня”.

Ірына Кашталян, гісторык – пра перапахаваньні салдатаў Другой Усясьветнай вайны ў Беларусі і ў Эстоніі.

“У Таліне, фактычна, з тралейбуснага прыпынку перазахавалі 12 загіблых салдатаў Другой усясьветнай вайны. Гэта былі савецкія салдаты, і іх перазахавалі ў цэнтры гораду, на вайсковых могілках. Згодна зь міжнароднымі правіламі, адначасова перанесьлі надмагільны помнік — Бронзавага салдата. Новае месца — у самым цэнтры гораду, на вайсковых могілках. І там пахаваныя эстонскія, савецкія, ангельскія салдаты. Месца вельмі спакойнае, зялёнае й вельмі годнае. Відаць, што народ ужо засвоіў новае месца. 8 і 9 траўня там праходзілі мерапрыемствы. Вельмі многа людзей прыйшлі на новае месца й прынесьлі кветкі. Паўтараю, усё гэта было зроблена паводле міжнародных правілаў і вельмі годна”.

Эрык Сійгур, консул Эстоніі ў Беларусі – пра сытуацыю вакол помніку савецкім салдатам у Таліне.

“Сапраўднай мэтай агрэсіўных дзеяньняў Расеі зьяўляецца ня клопат аб бронзавай скульптуры, а забесьпячэньне трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну для спадара Пуціна”.

Зь ліста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, накіраванага прэзыдэнту Эстоніі Томасу Хэндрыку Ільвэсу, у якім выказваецца падтрымка “палітычнаму кіраўніцтву Эстоніі і эстонскаму народу.

“Гэта таксама такі рэвэранс у бок намэнклятуры, каб яна не была падатная да таго, каб яе маглі перакупіць расейцы. Таму што акурат намэнклятура і дырэктарат – гэта тая сацыяльная група, якая, безумоўна, будзе пад прыцэлам расейскіх сілаў, Крамля, каб тут вэрбаваць сабе новую сілу. Як, памятаеце, было ў 1994 годзе, калі Кебіч ужо быў слабы, і тады Крэмль пачаў працаваць з Лукашэнкам. Таму, думаю, і сёньня такі сцэнар тэарэтычна можа разгортвацца”.

Яраслаў Раманчук, эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай

грамадзянскай партыі – пра ўрадавую пастанову аб падвышэньні заробкаў кіраўнікоў.

“Стварэньне грашовага саюзу з Расеяй праз увядзеньне расейскага рубля перанесена на няпэўны тэрмін”.

Пётр Пракаповіч, старшыня Нацыянальнага банку Беларусі.

“Што значыць збалаваныя? Ёсьць прэзыдэнцкая праграма імпартазамяшчэньня... Ёсьць уласны вытворца, і трэба яго падтрымліваць. Не скажу, што я ў гэтым 100-працэнтны патрыёт сваёй краіны, але гэты аўтамабіль можа замяніць расейскія “Жыгулі”, “Волгу” (пакуль не кажу пра вядомыя замежныя маркі). З выгляду ён можа і не настолькі шыкоўны, каб адразу сказаць “так”; падобны да “Фольксвагена” ці “Міцубісі”. Але ён заняў ужо сваю нішу на беларускім рынку. І магу сказаць з поўнай адказнасьцю: аўтамабіль варты прызнаньня”.

Аляксандар Жалнярук, мэнэджэр СП “БелінстандартОЙЛ”, афіцыйнага дыстрыбутара маркі “Саманд” – на пытаньне “Свабоды” “Ці верыць ён сам, што прынамсі менскіх чыноўнікаў, збалаваных добрымі аўто, можна перасадзіць на “Саманды”?

“Псыхіятрычная бальніца і дыягназ — рычаг ціску на людзей. Тое, што я суджуся, гэта спроба зламаць гэты рычаг, які яны зьбіраюцца ўкараніць”.

Крысьціна Шацікава, палітычная актывістка – камэнтуючы адмову пракуратуры Ленінскага раёну Магілёва заводзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якія 23 сакавіка гвалтоўна даставілі Крысьціну ў псыхіятрычную лякарню, і супраць адміністрацыі лякарні, у якой яе гвалтам трымалі тры дні.

“Ва ўрадзе пачалі гучаць галасы наконт неабходнасьці карэктыроўкі й нават зьмены эканамічнага курсу, будзем лічыць гэта прыватнай думкай”.

“Я папярэджваю ўрад, што гэтыя лібэральныя замашкі, як у Расеі, нам не прыдатныя”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас урадавай нарады

“Як толькі судзьдзя прыступіла да разгляду скаргі, то адразу сказала: “Шчапёткіна, ваш артыкул прывёў мяне ў жах”. Гэтая судзьдзя ўжо на пэнсіі. Ёй 61 год. Вось, напрыклад, яна кажа: “Ну, вы робіце спасылку там на нейкага Салжаніцына...”

Тамара Шчапёткіна, рэдактар незалежнага тыднёвіка “Бярозаўскі венік” – пра судовы разгляд яе скаргі да мясцовай раённай газэты “Маяк”.

"Хацеў дапамагчы ўладам абараніць беларускі асьветніцкі рух, каб яго ня зьнішчылі варожыя сілы... Я наіўна верыў, што змагаюся за беларускую справу. Але калі зразумеў, у чым сапраўды справа, быў ужо 1970 год".

Сакрат Яновіч, беларускі пісьменьнік зь Беласточчыны – пра матывы, паводле якіх ён у часы ПНР супрацоўнічаў з камуністычнымі спэцслужбамі.

“Беларускія артысты на “Славянскім базары” зьяўляюцца толькі бясплатным дадаткам, і больш нічым. Яны ніякага дачыненьня ня маюць да “Славянскага базару”, бо “Славянскі базар” – гэта хараство расейскай папсы, што ўжо даўно даказана”.

Эдуард Ханок, кампазытар.
XS
SM
MD
LG