Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымы наступнік Тоні Блэра – “кулак, які моцна б’е”


Тацяна Поклад, Прага Сёньня замежная прэса абмяркоўвае магчымага наступніка брытанскага прэм’ер-міністра Тоні Блэра, і ў гэтай сувязі – верагодныя зьмены ў палітыцы Вялікай Брытаніі. Гордан Браўн, міністар фінансаў, сёньня афіцыйна пачаў перадвыбарчую кампанію. Ён мае намер ачоліць Лэйбарысцкую партыю і брытанскі ўрад пасьля Тоні Блэра, які пойдзе ў адстаўку 27 чэрвеня. Што вядома пра магчымага будучага брытанскага прэм’ера, які, падобна, будзе адзіным кандыдатам на пасаду лідэра кіраўнічай ў Брытаніі Партыі лэйбарыстаў і прэм’ер-міністра?

Гордан Браўн, паплечнік цяперашняга прэм’ера Тоні Блэра па партыі, шмат гадоў чакаў магчымасьці заняць пасаду прэм’ера. У Вялікай Брытаніі лідэр кіраўнічай партыі аўтаматычна займае пасаду прэм’ер-міністра.

Ад 1997 году, калі Блэр прыйшоў на Даўнінг-стрыт, Браўн быў міністрам фінансаў. Паводле няпісанага закону, Браўн спадзяваўся, што Блэр саступіць яму прэм’ерства пасьля першага ці другога мандату, аднак Браўну давялося чакаць два з паловай тэрміны.

Гордану Браўну 56 гадоў, ён сын прапаведніка шатляндзкай пратэстанцкай царквы, і ня раз заклікаў да пратэстанцкіх каштоўнасьцяў працавітасьці і прыстойнасьці ў сваіх прамовах.

Паводле аналітыкаў, дзесяцігодзьдзе эканамічнага буму ў Вялікай Брытаніі ў вялікай ступені зьяўляецца заслугай міністра фінансаў Гордана Браўна.

Сёньня “Intrenational Herald Tribune” піша і пра іншы бок асобы Гордана Браўна. Тоні Блэр зрабіў свайму наступніку крыху сумнеўны камплімэнт, параўнаўшы яго з “кулаком, які моцна б’е” і павядзе лэйбарыстаў на барацьбу супраць выкшталцонага лідэра кансэрватараў Дэвіда Камэрона.

Эндру Тэрнбіл, былы высокапастаўлены калега Браўна па міністэрстве фінансаў, аднойчы ўвогуле назваў яго стыль кіраваньня “сталінскім”.

Супернікі Браўна гавораць пра яго як пра чалавека грубага і не схільнага да сяброўскіх кантактаў. Іншыя адзначаюць, што Гордан Браўн – чалавек строгі, аднак яго манэра паводзіць сябе ў парлямэнце выглядае часам мітусьлівай.

Як можа зьмяніцца палітыка Вялікай Брытаніі з прыходам новага прэм’ера пасьля Тоні Блэра? Адносна нейкіх зьменаў у стаўленьні Вялікай Брытаніі да краінаў Усходняй Эўропы прагнозаў ня робіцца. Тым часам бальшыня аналітыкаў з розных краінаў разважаюць пра магчымыя зьмены ў дачыненьнях Вялікай Брытаніі і ЗША з прыходам новага прэм’ера, што непасрэдна будзе ўплываць і на іншыя кірункі зьнешняй палітыкі.

Сёньня амэрыканская “The Washington Post” піша, што “Браўн можа аслабіць падтрымку ЗША”. Лёнданскія аналітыкі адзначаюць, што Гордан Браўн больш ведае ЗША, чым, магчыма, усе іншыя ранейшыя брытанскія лідары. Браўн вывучаў амэрыканскую палітыку, эканоміку і сацыяльную сфэру, ён мае блізкіх сяброў у палітычных колах ЗША і езьдзіць туды на вакацыі.

Але з прычыны непапулярнасьці ў Брытаніі прэзыдэнта Буша і ірацкай вайны, будучаму прэм’еру давядзецца трымаць пэўную дыстанцыю зь Белым домам, прынамсі – да прэзыдэнцкіх выбараў 2008 году. Аналітыкі прадказваюць, што ў бліжэйшыя месяцы, калі новы прэм’ер зойме сваю пасаду, ён абавязкова выступіць супраць Буша ў якім-небудзь пытаньні, каб прывабіць брытанскіх выбаршчыкаў.

Гордан Браўн вядомы сваімі посьпехамі ў сфэры фінансаў і эканомікі, і цяпер аналітыкі кажуць, што ён зможа праявіць сябе ў зьнешняй палітыцы. Прафэсар з Унівэрсытэту Эсэкса Энтані Кінг, спэцыяліст у брытанскай палітыцы, кажа: “Гордан Браўн нікому не паказвае свае карты. Ён у палітыцы 20 гадоў, і сапраўды дзіўна, як мала магчымасьцяў прадбачыць ягоны наступны крок. У параўнаньні зь ім Сьфінкс выглядае балбатлівым”.
XS
SM
MD
LG