Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Азарка: “Цяперашнім дарослым палітыкам не стае запалу”


Вольга Караткевіч, Прага Госьця “Начной Свабоды” – Наста Азарка, актывістка незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт". Нарадзілася ў 1981 годзе, жыве ў Нясьвіжы.

Караткевіч: “Вы ў “Маладым фронце” амаль ужо 10 гадоў – чаму вы далучыліся менавіта да гэтай арганізацыі?”

“Паспрыяла яшчэ і тое, што дзед з бабуляй сядзелі ў сталінскім лягеры”

Азарка: “У нашай сям’і заўсёды былі такія вольныя погляды на жыцьцё, на становішча ў краіне. Паспрыяла яшчэ і тое, што дзед з бабуляй таксама сядзелі ў сталінскім лягеры, і там пазнаёміліся зь людзьмі, якія любілі і шанавалі Беларусь. Мы выпісвалі "Народную волю", і ў адным з нумароў я аднойчы прачытала артыкул пра Паўла Севярынца, які выйшаў са зьняволеньня, і менавіта пасьля гэтага артыкулу я зацікавілася “Маладым фронтам” і вырашыла таксама далучыцца да гэтага руху”.

Караткевіч: “Можаце прыгадаць, якое канкрэтна выказваньне і на якую тэму вас зачапіла?”

Азарка: “Магчыма, тое, што людзі размаўлялі на беларускай мове, імкнуліся прывесьці Беларусь у Эўропу, не баяліся выказваць свае думкі”.

“У Нясьвіжы з маладафронтаўцаў – я адна”

Караткевіч: “Вы працуеце на ільнозаводзе транспартыроўніцай. Раскажыце, якія вашыя абавязкі?”

Азарка: “Мае працоўныя абавязкі – самыя маленькія... Я дастаўляю лён на перапрацоўчыя машыны, дзе зь яго робяць валакно. То бок, на самых першых кроках ільна да тканіны”.

Караткевіч: “Скажыце, якія моладзевыя суполькі ці арганізацыі існуюць цяпер у Нясьвіжы, калі існуюць?”

Азарка: “Тут адзначу... БРСМ, нашых апанэнтаў”.

Караткевіч: “Наколькі яны ўплывовыя?”

Азарка: “На сёньняшні час гэта вельмі дзейная арганізацыя і фактычна ахоплівае ўсю структуру дзейнасьці моладзі”.

Караткевіч: “Вы сказалі, што яны вашыя апанэнты – а колькі яшчэ маладафронтаўцаў, апрача вас?”

Азарка: “Я адна”.

“Калі нас будзе большасьць, нас ня здолеюць зламаць”

Караткевіч: “7 траўня ў Менску сябры “Маладога фронту” зладзілі ўстаноўчы сход – гэта неабходная працэдура для афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. Крымінальны кодэкс Беларусі дапоўнілі артыкулам, які прадугледжвае пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Паводле гэтага артыкулу на паўтара году турмы асудзілі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. 30 траўня суд Савецкага раёну Менску пачне разгляд крымінальнай справы супраць 5 актывістаў “Маладога фронту” – Насты Палажанкі, Алега Корбана, Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Аляксея Янушэўскага. Скажыце, на вашую думку – як рэальна ў Беларусі можна паўплываць на тое, каб спыніўся перасьлед моладзевых актывістаў?”

Азарка: “Патрэбна больш прабівацца ў інфармацыйныя структуры, працаваць у інфармацыйным накірунку. Трэба больш рабіць дзеяньняў, каб моладзь не баялася, што на яе будзе заведзена крымінальная справа. Калі нас будзе большасьць, нас ня здолеюць зламаць”.

Караткевіч: “На вашым заводзе ведаюць, што вы ўваходзіце ў МФ, што гэта апазыцыйная арганізацыя?”

Азарка: “Ведаюць”.

Караткевіч: “І як ставяцца?”

Азарка: “У прынцыпе – нармалёва, таму што я стараюся паводзіць сябе больш-менш акуратна і з начальствам, і з калегамі”.

“Самым цяжкім у часе галадоўкі было тое, што даводзілася гатаваць ежу для бацькоў...”

Караткевіч: “У 2006 г. вы ўдзельнічалі ў галадоўцы пратэсту, мэтай якой было спыніць перасьлед моладзевых актывістаў. Ці не перагледзелі вы галадоўку як эфэктыўны сродак узьдзеяньня?”

Азарка: “Я па-ранейшаму лічу, што галадоўка на сёньняшні дзень зьяўляецца самым рэальным выказваньнем супраціву”.

Караткевіч: “Што было самым цяжкім для вас у гэтай галадоўцы?”

Азарка: “Пачатак поўнай адмовы ад ужываньня ежы. Я пачала галадоўку ў Нясьвіжы, тады я нідзе не працавала, сядзела дома, і самым цяжкім было тое, што даводзілася гатаваць ежу для бацькоў, і былі такія сытуацыі, калі я старалася стрымаць сябе, каб не перахапіць які кавалачак ежы ці лыжку супу...”

Караткевіч: “Я неяк чытала вашае выказваньне, што галоўнай мэтай сваёй палітычнай дзейнасьці вы лічыце абуджэньне волі ў людзей. Скажыце, якія асноўныя дасягненьні ў дзейнасьці “Маладога фронту”, паводле вас?”

Азарка: “Калі казаць на прыкладзе майго гораду, Нясьвіжу: людзі сталі больш упэўненымі ў сваім жыцьці. У іх нават у рухах, у позірках зьявілася нейкае адчуваньне стабільнасьці”.

“Моладзі не хапае ўвагі з боку дарослых”

Караткевіч: “На вашую думку, з гледзішча маладога чалавека, які займаецца палітычнай дзейнасьцю – чаго не стае цяперашнім дарослым палітыкам?”

Азарка: “Ім не стае нават ня ўпэўненасьці, а проста запалу”.

Караткевіч: “Чым, на вашую думку, павінна займацца моладзевая арганізацыя?”

Азарка: “Моладзі не хапае ўвагі з боку дарослых, моладзь прадастаўленая самой сабе. Моладзевая арганізацыя павінна займацца праблемамі моладзі – тымі ж самымі льготамі, усім, што зараз хвалюе моладзь”.

Караткевіч: “У што вы верыце?”

Азарка: “Я веру ў будучыню, у тое, што Беларусь стане сапраўды незалежнай краінай”.
XS
SM
MD
LG