Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як акторы ідуць ў палітыку, а палітыкі становяцца акторамі


Ігар Карней, Менск Прэм’ер міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр пагадзіўся на прапанову мастацкага кіраўніка лёнданскага тэатру «The Old Vic» і знакамітага галівудзкага актора Кевіна Спэйсі выканаць адну зь вядучых роляў у п’есе «Горан» Артура Мілера. У п’есе гаворка ідзе пра небясьпеку фундамэнталізму. Блэр таксама здолеў зьняцца ў «мыльнай опэры» і некалькіх дабрачынных пастаноўках. 27 чэрвеня Тоні Блэр пакідае пасаду прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі.

Людзі тэатру і кіно ў палітыку трапляюць досыць часта. Яны становяцца дэпутатамі парлямэнтаў, лідэрамі і актывістамі палітычных партыяў. І нават – прэзыдэнтамі. Самыя яскравыя прыклады – актор Галівуду а пасьля прэзыдэнт ЗША Роналд Рэйган. Другі прыклад: колішні прэзыдэнт Чэхіі драматург Вацлаў Гавэл.

У часы перабудовы у Савецкім саюзе ў ліку стваральнікаў дэмакратычных рухаў і партыяў таксама былі людзі мастацтва. Прыкладам, у Літве яны ўтварылі “Саюдзіс”. Арганізацыю ачоліў музыказнаўца Вітаўтас Ландсбэргіс. Штаб-кватэра месьцілася ў памяшканьні Саюзу тэатральных дзеячоў, якім кіраваў актор Рэгімантас Адамайціс.

У 1989 годзе кіраўніком Беларускага Народнага Фронту стаў тэатразнаўца Зянон Пазьняк. Сябрамі Фронту былі рэжысёры Валеры Масьлюк і Валеры Мазынскі, драматург, дырэктар Тэатра юнага гледача Артур Вольскі.

Заснавальнікамі першых дэмакратычных партый, у прыватнасьці, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былі драматург, цяперашні кіраўнік драматычнага тэатру Беларускай арміі Аляксей Дудараў і рэжысэр, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Барыс Луцэнка. Але, як кажа спадар Луцэнка, ягоны палітычны досьвед прынёс яму толькі расчараваньне:

“Тады была эўфарыя перабудовы. Прынамсі мне так падавалася. Потым я расчараваўся вельмі моцна ў тых, хто нібыта ажыцьцяўляе палітыку. У нас нават неяк была сустрэча зь Зянонам Пазьняком (мы зь ім колісь разам вучыліся), я кажу: Зянон, дык як ты? А ён мне адказвае: ды, братка, палітыка – брудная справа. Сам сказаў так. Таму, я лічу, кожны павінен займацца сваім. Разумееце, нам так мала адпушчана, так мала жыцьця дадзена, што мне хочацца займацца сваёй любімай творчасьцю – рэжысурай. А займацца палітыкай мне зараз ня хочацца зусім. Дый што значыць палітыка? Гэта што – хадзіць на дэманстрацыі? Дык гэта не палітыка!”.

“Палітыка – гэта той жа тэатар”

Заснавальнік і галоўны рэжысэр менскага тэатру сатыры і гумару “Хрыстафор” Яўген Крыжаноўскі ў 2001 годзе заявіў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Ініцыятыўная група Крыжаноўскага ня здолела сабраць неабходную колькасьць подпісаў, каб яго зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Крыжаноўскі параўноўвае граньне ў тэатры і палітычную дзейнасьць:

“Палітыка – гэта той самы тэатар: зь дзейнымі асобамі, з масоўкай; тое, што кажуць “караля іграе сьвіта”. Як Шэксьпір казаў: увесь сьвет – тэатар, а людзі ў ім акторы. І Тоні Блэр быў такім самым акторам, як і Ельцын, Гарбачоў, Гітлер, Нэрон. Гэта ўсё артысты”.

Карэспандэнт: “А ў вашым выпадку гэтаксама перадусім была гульня?”

“У мяне раней ніколі не было мэты пайсьці ў палітыку. Але паколькі тэатар быў недзяржаўны (ён і цяпер недзяржаўны) і доўгі язык мой (то там “ляпну”, то там) прывялі да таго, што мяне перасталі пускаць на тэлебачаньне, закрылі перадачу “Панядзелак з “Хрыстафорам”, дзяржаўныя СМІ перасталі супрацоўнічаць. Тады я проста раззлаваўся і думаю: ах так, ну вось зараз вы мяне будзеце баяцца. І пайшоў на прэзыдэнцкую кампанію. На жаль, сам сабе толькі нашкодзіў. Пачаўся прэсінг. Я не крыўдую на тых, хто гэты прэсінг учыняў, бо, як казалі, сам пайшоў – няўжо ня ведаў, што будзеш ворагам? Потым я атрымаў сваё вельмі адчувальна: і тэатар пацярпеў, і я сам. Ну, што зробіш? Гэта сур’ёзная справа. Гэта ўжо не тэатар, гэта жыцьцё”.

Рэжысэр Валеры Мазынскі ў заснаваным ім тэатры “Вольная сцэна” ставіў спэктаклі з востра сатырычным і злабадзённым зьместам. Самая нашумелая пастаноўка – “Узьлёт і падзеньне Артура Ўі” паводле п’есы Бэртольда Брэхта. У спэктаклі галоўны герой нагадвае кіраўніка Беларусі.

Валерыя Мазынскага звольнілі з тэатру ў 2003-м годзе

У часе прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году рэжысэр працаваў у камандзе кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча:

“Тэатар з майго небасхілу адышоў у бок. Можа і назусім, хто яго ведае. Дый я не лічу, што ён мусіць быць у маім жыцьці адзін і назаўсёды. Дзякуй Богу, я гэта зразумеў, калі яго страціў, але жыцьцё аказалася ня толькі зьвязанае з падмосткамі. Яно шырэйшае і цікавейшае”.

Карэспандэнт: “Але калі б не было прапановаў са штабу Мілінкевіча, вы самі далучыліся б да нейкай кампаніі?”

“Для мяне ўсё роўна: што Мілінкевіч, што Лябедзька, што Вячорка. Калі чалавек кіруецца дэмакратычнымі поглядамі, то і я яго прыхільнік у такім разе. І каму мне зь іх дапамагаць – мне ўсё роўна. Абы была перамога”.

Сёньня дэпутатка

й Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу зьяўляецца акторка Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа Сьвятлана Акружная; у Палаце прадстаўнікоў працуе былы дырэктар Нацыянальны тэатру імя Янкі Купалы Генадзь Давыдзька.

Раней дэпутатамі Савету Рэспублікі былі актор Тэатра імя Янкі Купалы (цяпер ўжо нябожчык) Мікалай Яроменка актор Рускага Тэатру Расьціслаў Янкоўскі.
XS
SM
MD
LG