Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 11 траўня


Юлія Шарова, Менск Агляд форумаў і блогаў белнэту

Чытачы сайту абмяркоўваюць інтэрвію зь лідэрам беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, вядомым літаратарам Сакратам Яновічам, які ў люстрацыйнай анкеце прызнаўся, што ў 1958—1970 гадах быў супрацоўнікам Службы бясьпекі (польскае КГБ). Яновіч назіраў на асяродкам беларускага тыднёвіка “Ніва”, а таксама Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы. Што пра гэта думаюць чытачы? “Але... У польскіх вачох беларусы – ня толькі камуністы, але яшчэ й гэбісты...”

«І ў нас такіх яшчэ будзе шмат».

“Такія прапановы ідуць любому кіраўніку. Дрэна, што паддаўся, але пэўна нічога не зрабіў шкоднага таму і каецца. Бо зараз палякі ўсё роўна сьпісы падымаюць і "люструюць" – усплыла б інфармацыя потым – яму ж было б горш».

«Прызнавацца стала модна...»

«Шмат вядомых асобаў прызналіся ў супрацы, некаторых зьвінавацілі фальшыва й яны адмыліся праз суд. Аднак такіх, хто працаваў зь бясьпекай доўгія гады, сярод вядомых палякаў мала. А Яновіч - працаваў. Шкада. У той самы час бясьпека забівала - напрыклад, этнічнага беларуса ксяндза Юр''я Папялушку. Аднак судзіць не бяруся - чэкісты што д''ябал, ня кожны можа барукацца з д''яблам».

Палітоляг Аляксандар Фядута камэнтуе ў сваім навіну пра тое, што айца Аляксандра Шрамка адхіляюць ад вядзеньня набажэнства. Кіраўніцтва праваслаўнай царквы забараніла сьвятару служыць за тое, што ён вёў у інтэрнэце ўласны блог.

“Мяркуючы па тых камэнтарах, якія пакідаў айцец Аляксандар у маім Жывым журнале, -- піша спадар Фядута, -- ён – разумны ды інтэлігентны чалавек. І вельмі адукаваны. Гэта будзе вялікая страта для беларускага праваслаўя. Гэта маё асабістае меркаваньне, якое я нікому не навязваю. Хоць у сваіх камэнтарах айцец Аляксандар апанаваў мне”.

“Лягічнае завяршэньне канфлікту, вынікі якога можна было прадбачыць яшчэ год таму, -- адказвае адзін з чытачоў блогу. – Месца ў царкоўнай арганізацыі не прадугледжвае свабоды дзеяньняў, на якую прэтэндаваў айцец Аляксандар, ведучы гэты блог. Верагодна, справа скончыцца хітрым аднабаковым кампрамісам – дазволу весьці службу ня будзе, але й не пазбавяць царкоўнага сану”.

Беларусь упершыню ў фінале Эўрабачаньня – пра гэта сёньня гутараць удзельнікі форумаў парталу

“Мае віншаваньні Калдуну! Запамінаюцца звычайна першы і апошні нумары ў фінале. То будзем спадзявацца, што лічба 3 для нас шчасьлівая”.

“Калдун малайчына, не баяўся й парсьпяваў спакойна! Але да чаго Ціхановіч адміністрацыю прэзыдэнта падзякаваў і парлямэнт, мне дагэтуль незразумела, бо ўсё ж рабілася за грошыкі Кіркорава!”

“У суботу зойме месца недзе ў дзясятцы, па БТ пачнуць крычэць ПЕРАМОГА ці ЗАСУДЗІЛІ, прыедзе дадому, дадуць званьне народнага артыста БССР, праз паўгода забудуць, калі толькі навіны на БТ весьці не пачне. І ўсё...”

“Крый божа яшчэ пераможам – тады ў наступным годзе перад усёй Эўропай давядзецца ганьбіцца”.

Зьміцер Солтан на сайце блогаў піша: “Што можа здарыцца, калі вы гуляеце й глядзіце на салют 9-га траўня на вуліцы Багдановіча? З вамі пяцёра сяброў зь Нямеччыны, вы толькі што паразмаўлялі пра тое, як выдатна так проста сустрэцца без варожасьці, безь цяжару бессэнсоўнай вайны за нашымі плячыма, і ў аднаго з тваіх нямецкіх суразмоўцаў, аказваецца, дзед сядзеў у канцлягеры ў Нямеччыне як камуніст, але зараз гэта ўсё мае чыста гістарычнае значэньне, і ня болей… Навокал надзіва прыемныя міліцыянты, яны нікому не замінаюць піць піва і глядзець на салют... І калі на прыпынку да вас падыходзяць пяць п’яных падлеткаў гадоў 16-ці з залітымі вачыма, вы яшчэ не ўсьведамляеце, што такая ідылія даступная ня кожнаму. Хвіліна, і табе ў рожу ляціць няцьвёрды дзіцячы кулак, нехта збоку зь яўным славянскім акцэнтам крычыць “Зііг Хааайль”! І чамусьці дадаюць — “Што вы, б…, за калабаранты, зь немцамі тусуецеся!” Яшчэ хвіліна, і мы, беларусы разам зь немцамі, разьбіраемся з малымі скінахэдамі. Агідна...»
XS
SM
MD
LG