Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе ўшанавалі памяць эмігрантаў – ахвяраў СМЕРШу


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Сёньня ў Празе адбылося ўшанаваньне памяці расейскіх, украінскіх і беларускіх эмігрантаў у Чэхіі, якія ў 1945 годзе, адразу ж пасьля перамогі над нацысцкай Нямеччынай, сталі ахвярамі савецкай контравыведкі. У жалобнай цырымоніі на Альшанскіх могілках узялі ўдзел прэзыдэнт Чэскай рэспублікі Вацлаў Клаўс, сябры ўраду, парлямэнту, нашчадкі закатаваных у ГУЛАГу.

Кожны год 11 траўня на Альшанскія могілкі прыходзяць нашчадкі першых эмігрантаў – ахвяраў СМЕРШу, прадстаўнікі ўладаў і грамадзкасьці Чэхіі, каб ушанаваць іх памяць. Ініцыятарамі – грамадзкае аб’яднаньне “Они были первыми”, якое паўстала пасьля Аксамітнай рэвалюцыі і якое мае на мэце захаваць памяць пра эмігрантаў – ахвяраў тэрору.

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г., прэзыдэнт В.Клаўс
Вацлаў Клаўс у часе цырымоніі ўшанаваньня памяці ахвяраў пасьляваенных сталінскіх рэпрэсій у Чэхаславаччыне

Кіраўнік аб’яднаньня, адзін з нашчадкаў эмігрантаў першай хвалі Уладзімір Быстроў сёньня ў часе цырымоніі падараваў чэскаму прэзыдэнту сваю кнігу “Праваднік імпэрыі зла”, у якой сабраныя матэрыялы пра лёсы тысячаў загіблых і зьніклых у савецкіх лягерах расейцаў, украінцаў, беларусаў.

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г., прэзыдэнт В.Клаўс
Старшыня арганізацыі “Яны былі першымі” У.Быстроў уручае прэзыдэнту В.Клаўсу кнігу “Праваднік імпэрыі зла”

Цырымонія пачалася з урачыстага ўскладаньня кветак да мэмарыяльнай бронзавай шыльды, якая ў 1995 годзе была ўсталяваная на праваслаўным храме Усьпеньння Багародзіцы зь ініцыятывы аб’яднаньня “Они были первыми” і коштам чэскіх уладаў.

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г.

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г., прэзыдэнт В.Клаўс

Вянкі ўскладаліся ад парлямэнту, ураду, грамадзкіх арганізацыяў Чэхіі, вэтэранскіх арганізацыяў. Ваенны аркестар выканаў Дзяржаўны гімн Чэхіі.

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г.

Выступоўцы – прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс, намесьнік старшыні Сэнату Чэхіі Іржы Лішка і Ўладзімір Быстроў – гаварылі пра тое, што гэта была б сапраўдная трагедыя, калі б сучасьнікі забылі тых людзей, і падкрэсьлівалі, што ў дэмакратычнай Чэхіі яны ня будуць забытыя.

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г., прэзыдэнт В.Клаўс

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г.
Выступае Ўл.Быстроў

У часе свайго выступу Ўладзімір Быстроў паведаміў, што настаяцель праваслаўнай царквы не дазволіў прэзыдэнту Чэхіі зайсьці ў храм. Вацлаў Клаўс у адказ дыпляматычна выказаў зьдзіўленьне з нагоды гэтага непаразуменьня.

Пасьля цырымоніі прэзыдэнт Чэхіі меў гутарку з журналістамі. На пытаньне, чаму ён ужо ня першы раз 11 траўня прыходзіць на Альшанскія могілкі, Вацлаў Клаўс адказаў:

“Мы спрабуем не забыць гісторыю, а гэтая частка гісторыі была ў апошнія 50-60 гадоў цалкам забытая. Я дзякую тым людзям, якія пачалі рэабілітацыю гэтага пытаньня. І сваёй прысутнасьцю тут, і сваёй прамовай я хачу падкрэсьліць яго важнасьць. Вельмі істотна, што гэта адбылося адразу ж пасьля перамогі над нацызмам. Я думаю, гэта быў першы прыклад у Чэхіі, калі пачалі дзейнічаць мэтады сталінізму і камунізму, а бальшыня людзей у краіне не ўсьведамляла, што адбываецца. Сёньня людзі ў посткамуністычных краінах шмат ведаюць пра ГУЛАГ, але гэтая старонка яшчэ ня ёсьць шырока вядомай”.

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г., прэзыдэнт В.Клаўс

У сёньняшняй жалобнай цырымоніі ня бралі ўдзелу прадстаўнікі дыпляматычных місіяў Расеі, Украіны і Беларусі.

Уцёкі ад бальшавіцкага тэрору ў Чэхаславаччыну пачаліся на пачатку 20-х гадоў. Чэхаславаччына дала ня толькі тысячам і тысячам гэтых людзей палітычны прытулак, але і стварыла ўсе ўмовы для іхнага паўнавартаснага інтэлектуальнага і нацыянальнага жыцьця. У 1925 годзе на іхныя сродкі на Альшанскіх могілках быў збудаваны храм Усьпеньня Багародзіцы. Два дзесяцігодзьдзі гэтыя людзі мелі спакойнае жыцьцё ў дэмакратычнай краіне. Затым – гады нацысцкай акупацыі. А ўжо праз два дні пасьля завяршэньня другой усясьветнай вайны ў Чэхаславаччыне савецкія спэцслужбы пачалі хапун. Праводзілася апэрацыя для ліквідацыі эліты расейскай, украінскай і беларускай эміграцыі. Найперш навукоўцаў, літаратараў, былых дыпляматаў і вайскоўцаў, настаўнікаў арыштоўвалі і высылалі ў савецкія лягеры, дзе бальшыня зь іх загінулі ці зьніклі.

Жахлівыя дні перажыла тады і сям’я знанай беларускай паэткі Ларысы Геніюш і доктара Івана Геніюша. Вось што піша паэтка ва ўспамінах:

“Пад наш вялікі дом прыехаў грузавік з “асвабадзіцелямі”, і салдаты пад нашымі вокнамі трымалі расьцягнутыя брэзэнты, а начальнікі званілі. Але пад наш дом сышлася ўся часьць горада, дзе мы жылі, увесь квартал і паднялі крык, што не аддадуць “пані дактарову” (жонку доктара), што мы іх людзі, харошыя людзі”.

З дапамогай чэскіх сяброў сям’я Геніюшаў зьвярнулася да прэзыдэнта Чэхаславаччыны, да амэрыканскага пасла ў Празе. І нават пры тым, што сям’я мела чэхаславацкае грамадзянства, гэта толькі адцягнула арышт Геніюшаў усяго на тры гады...

На Альшанскіх могілках у Празе знайшлі свой апошні спачын сотні эмігрантаў з былога СССР. Тут знаходзяцца і магілы прэзыдэнтаў Рады БНР Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі, сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага, іншых беларусаў.

Ушанаваньне памяці эмігрантаў з Расеі, Беларусі, Украіны – пасьляваенных ахвяраў сталінізму, Прага, 11 траўня 2007 г.

Як сказаў у часе сёньняшняй цырымоніі намесьнік старшыні Сэнату парлямэнту Чэхіі Іржы Лішка, тысячы расейцаў, украінцаў, беларусаў – былых грамадзянаў савецкай імпэрыі – набылі другую радзіму ў дэмакратычнай Чэхаславаччыне.

(Фота аўтара. Рэпартаж падрыхтаваны з удзелам Аксаны Пэленскай, Прага)
XS
SM
MD
LG