Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Значнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі яшчэ наперадзе”


Віталь Цыганкоў, Менск Пра якія нэгатыўныя тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы гаварылася сёньня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі? Ці магчыма вырашыць новыя праблемы ў рамках старых эканамічных і ідэалягічных падыходаў? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы Экспэртыза Свабоды эканаміст Леанід Злотнікаў і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак.

Цыганкоў: “Cёньня, 11 траўня, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў нараду “аб выніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны за першы квартал і выкананьні прагнозу на 2007 год”. Лукашэнка прызнаў, што сёлета ў эканоміцы пачалі выяўляцца нэгатыўныя тэндэнцыі. Найперш гэта зьніжэньне эфэктыўнасьці гаспадараньня і тэмпаў росту вытворчасьці. Леанід, а якія на вашу думку, самыя галоўныя праблемы эканомікі сёньня?”

Злотнікаў: “Галоўнае – нізкая эфэктыўнасьць вытворчасьці. Напрыклад, каб экспартаваць уласнай сельскагаспадарчай прадукцыі на 1 мільён даляраў, для яе вытворчасьці трэба імпартаваць рознай тэхнікі на 720 тысячаў даляраў. Каб падтрымаць гэтую неэфэктыўную эканоміку, банкі летась павялічылі крэдытаваньне вытворчасьці ў паўтары разы. Каб знайсьці грошы на гэтае крэдытаваньне, яны запазычылі за мяжой прыкладна 650 мільёнаў даляраў”

Цыганкоў: “Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі ў першым квартале склала 659 мільёнаў даляраў, у той час як за першы квартал мінулага году сальда было станоўчым. Чым гэта можна патлумачыць?”

Злотнікаў: “Па-першае, рост імпарту энэрганосьбітаў. Па-другое, далейшае пагаршэньне канкурэнтаздольнасьці нашай прадукцыі. Напрыклад, зьнізіліся даходы ад экспарту нашых тэлевізараў, ім напалову менш сталі купляць, чым году таму, лядоўняў і гэтак далей”.

Манёнак: “Беларускае кіраўніцтва да сёньня ня вызначылася з эканамічнай мадэльлю, і працягвае падтрымліваць тую эканоміку, што была створана ў савецкія часы. Пакуль працягваюць кіраваць тымі ж савецкімі мэтадамі, нічога добрага чакаць не даводзіцца.

Што да адмоўнага сальда.. Прынцыпова памяняліся ўмовы пастаўкі нафты і экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі. Не гледзячы на нейкія памкненьні ўраду стварыць спрыяльныя правілы гульні для давальцаў нафты, гэтага пакуль не адбылося. Павысіліся цэны на газ, Беларусь больш не экспартуе электраэнэргію, ад гэтага страціла ўжо 100 мільёнаў даляраў. Таго “афшору”, што быў створаны ў Беларусі летась, сёньня ўжо няма”.

“Магчымасьці для захаваньня і росту жыцьцёвага ўзроўню ёсьць”

Цыганкоў: “Наша эканамічная палітыка павінна захаваць сацыяльную накіраванасьць”, -- заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка. Ці можна, улічваючы новыя цяжкасьці для беларускай эканоміцы, захаваць існуючы узровень жыцьця насельніцтва?”

Злотнікаў: “Магчымасьці для захаваньня і росту жыцьцёвага ўзроўню ёсьць. Гэта карэнная зьмена эканамічнай палітыкі. Трэба адкрыць эканоміку, зьнізіць кошт харчаваньня (дапусьціўшы імпарт таннага харчаваньня), спрыяць інвэстыцыям транснацыянальным карпарацыям, стварыць умовы для разьвіцьця бізнэсу..”

Цыганкоў: “Даволі лібэральная праграма, і Лукашэнка на гэта ўжо адказаў, заявіўшы – “Я папярэджваю ўрад, што гэтыя лібэральныя замашкі, як у Расеі, нам не прыдатныя”.

Злотнікаў: “Ну тады я ня бачу выйсьця. Беларусь яшчэ не адчула пагаршэньня. Ад зьменаў умоваў гаспадараньня, гэта толькі пачатак. Праз год галасоў пра неабходнасьць зьмены ў эканамічнай палітыцы будзе больш”

“Значнага пагаршэньня сытуацыі яшчэ не адбылося, яно яшчэ наперадзе”

Манёнак: “Выйсьце – гэта сыстэмныя комплексныя эканамічныя рэформы. Беларускія чыноўнікі шмат чаго ўжо разумеюць, і нейкія прапановы ўжо зьяўляюцца. Напрыклад, даўно гавораць пра адмену “залатой акцыі”.

Але я тут згодна з Леанідам Канстанцінавічам, што значнага пагаршэньня сытуацыі яшчэ не адбылося, яно яшчэ наперадзе. Нагадаю, што за прыродны газ мы плацім толькі 55 працэнтаў кошту, і мы падаражаньня тут яшчэ не адчулі.

Возьмем піўную галіну. Прыход расейскага піва на беларускі рынак павялічыўся ў некалькі разоў, і чыноўнікі разумеюць, што трэба падвышаць канкурэнтаздольнасьць галіны...”

Цыганкоў: “А чыноўнікі могуць проста зноў падняць мыту на расейскае піва..”.

Манёнак: “Не, наўрад ці, майце на ўвазе, што Беларусь зьвярнулася за крэдытам да Расеі -- паўтары мільярды даляраў. Найбліжэйшым часам будзе створана сумеснае прадпрыемства з “Белтрансгазам” і Беларусь атрымае першую траншу (625 мільёнаў даляраў) за прададзеныя 12,5% акцыяў “Белтрангазу”. І сытуацыя для бюджэту трошкі палепшыцца, і магчымасьць праводзіць тую ж палітыку трошкі працягнецца”.

“Яны спрабуюць адказаць на новыя выклікі старымі мэтадамі”

Цыганкоў: “Можа гэтыя грошы падштурхнуць кіраўніцтва Беларусі зноў адкласьці думку аб неабходнасьці рэформаў?”

Манёнак: “Беларусь ужо павінна за 2 месяцы за пастаўкі газу каля 360 мільёнаў даляраў. За паўгодзьдзе гэта будзе каля 500 мільёнаў даляраў. Так што гэта будзе нейкі ўзаемазалік. Недарэмна Беларусь зьвяртаецца да Расеі за крэдытам. Сапраўды рэзэрвы фінансаваньня яшчэ ёсьць, можна ўзяць крэдыты ў замежных банках.

Але галоўнае – ніякіх прынцыповых зьменаў у эканамічнай палітыцы мы не назіраем, яны спрабуюць адказаць на новыя выклікі старымі мэтадамі”.

Злотнікаў: “Ужо вельмі зношаныя фонды, якія давалі аддачу мінулыя гады. На прыкладзе будаўнічай галіны мы бачым, што ўжо ў гэтай галіне немагчыма павялічваць аб’ёмы вытворчасьці, калі ня будуць абноўленыя вытворчыя фонды, і не падвышаны заробак работнікам, якія гатовыя працаваць за мяжой за большыя грошы.

Урад можа падтрымаць узровень жыцьця за кошт замежных крэдытаў, прыватызацыі некаторых прадпрыемстваў, павялічэньня закупак танных імпартных прадуктаў. Кіраўніцтва можа падтрымліваць існаваньне гэтай эканомікі без рэформаў яшчэ адзін-два гады, але потым мы апынемся ў горшым становішчы – эканомікі неэфэктыўная і шмат зьнешніх даўгоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG