Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны ўціск у праваслаўнай царкве?


Ігар Карней, Менск Праваслаўны царкоўны суд хадайнічаў перад мітрапалітам Філарэтам, каб забаранілі весьці набажэнствы сьвятару менскай Сьвята-Пакроўскай царквы Аляксандру Шрамку. Яго вінавацяць, сярод іншага, ва ўдзеле ў кампаніі за перагляд закону “Пра свабоду сумленьня” супольна з пратэстанцкімі рэлігійнымі аб’яднаньнямі. Пра прычыны ціску ў айца Аляксандра запытаўся наш карэспандэнт.

Царкоўны суд разгледзеў справу клірыка Аляксандра Шрамка 10 траўня. Як расказаў сам сьвятар, ён абвінавачаны ў тым, што сёлета 25 красавіка адмоўна выказваўся пра закон “Аб свабодзе сумленьня”.

На прэс-канфэрэнцыі, якую арганізавала царква “Новае жыцьцё”, айцец Аляксандар заявіў: закон абмяжоўвае асобныя цэрквы, якія займаюцца місіянэрскай дзейнасьцю. Шрамка таксама папярэдзілі, што ўдзел праваслаўнага бацюшкі ў такіх мерапрыемствах спрыяе статусу найперш галоўных апанэнтаў Расейскай праваслаўнай царквы — пратэстантаў.
А.Шрамко: “А.Калінаў, упаўнаважаны ў справах рэлігіі, усё гэта ініцыяваў, бо сам мне казаў: тэлефанаваў у Япархію і цікавіўся, на якой падставе праваслаўны сьвятар бярэ ўдзел у такой прэс-канфэрэнцыі?”
Шрамко: “Галоўнае абвінавачаньне — тое, што я браў удзел у прэс-канфэрэнцыі супраць закону. Да гэтага суду яшчэ, на другі дзень пасьля канфэрэнцыі, запрасіў да сябе Аляксандар Калінаў, упаўнаважаны ў справах рэлігіі.

Ён, прынамсі, усё гэта ініцыяваў, бо сам мне казаў: тэлефанаваў у Япархію і цікавіўся, на якой падставе праваслаўны сьвятар бярэ ўдзел у такой прэс-канфэрэнцыі? Юрыст яму адказаў, што гэта, відавочна, асабістая ініцыятыва, пра якую неадкладна будзе паведамлена мітрапаліту Філарэту.

Тым больш, што ўжо было паседжаньне япархіяльнага савету 15 верасьня, на якім мяне ўжо папярэджвалі, што нельга займацца публіцыстычнай дзейнасьцю. А тут атрымаўся новы выбух, і было вырашана ўжыць больш строгія захады — ужо ў выглядзе суду”.

Карэспандэнт: “Дык а набажэнствы цяпер вы можаце праводзіць?”

А.Шрамко: “Царкоўны суд ня можа штосьці наўпрост забараніць; ён можа проста выйсьці з прапановай “забараніць”. Усё застаецца, пакуль мітрапаліт ня прыме рашэньня”.


Шрамко: “Пакуль што рэальнай забароны гэтае рашэньне ня мае. Царкоўны суд ня можа штосьці наўпрост забараніць; ён можа проста выйсьці з прапановай “забараніць”, скажам так. Усё застаецца, пакуль мітрапаліт ня прыме рашэньня. Вось калі будзе канкрэтнае рашэньне — маўляў, забараняецца служэньне, звальняецца з штату, тады гэта будзе зьяўляцца дзеяньнем, якое цягне за сабой адпаведныя наступствы”.

Карэспандэнт: “Айцец Аляксандар, паводле вашай інфармацыі, ці часта ўвогуле зьбіраецца царкоўны суд?”

Шрамко: “Паводле маёй інфармацыі, ён можа менавіта гэты раз толькі й зьбіраўся. Найперш, гэты інстытут зусім нядаўна адноўлены. Прататып існаваў яшчэ да рэвалюцыі, і ў нашых умовах ён некалькі гадоў толькі існуе. У любым выпадку, гэта такі выключны выпадак. Гэта зусім ня часта бывае”.

Аляксандар Шрамко паводле адукацыі фізык, працаваў у сярэдняй школе. У сярэдзіне 1990-х быў першым менскім сьвятаром, які пачаў ладзіць набажэнствы на беларускай мове.

Айцец Аляксандар пакуль ня думае, чым можа заняцца, калі яму ўсё ж забароняць праводзіць набажэнствы. Цяпер ягоны лёс цалкам у руках мітрапаліта Філарэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG