Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: пракуратура не задаволіла скаргі Крысьціны Шацікавай


Радыё Свабода Пракуратура Ленінскага раёну Магілёва адмовілася заводзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якія 23 сакавіка гвалтоўна даставілі ў псыхіятрычную лякарню Крысьціну Шацікаву. Пракуратура ня будзе пачынаць крымінальнай справы й супраць адміністрацыі лякарні, у якой актывістку гвалтам трымалі тры дні.

У дзеяньнях міліцыянтаў і мэдыкаў пракуратура ня выявіла складу злачынства. Паводле пастановы, якую падпісаў сьледчы Раман Дзьмітрычэнка, яны дзейнічалі згодна з законамі “Аб міліцыі” ды “Аб псыхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзянаў пры яе аказаньні”.

Падстава для гвалтоўнай шпіталізацыі – “калектыўная скарга”

Як вынікае з матэрыялаў праверкі, нагодай для затрыманьня й тэрміновай шпіталізацыі Крысьціны Шацікавай сталася калектыўная скарга грамадзянаў на тое, што яна нібыта пакутуе ад разладу псыхікі.

Паводле дакумэнту, скаргу падпісалі жыхары дому, дзе жыве актывістка. 21 сакавіка гэтую скаргу атрымаў галоўны пазаштатны псыхіятар Бялянін.

Падпісантаў не знайшлі

Знайсьці падпісантаў скаргі не ўдалося. Апытаныя карэспандэнтам “Свабоды” суседзі ў асноўным казалі, што ня ведаюць, хто такая Крысьціна Шацікава і чым яна займаецца.

У матэрыялах праверкі не пазначана, хто пастанавіў шпіталізаваць актывістку. У лякарню яе даставілі патрульныя міліцыянты Бадзееў ды Ваўчкоў на чале з капітанам міліцыі Карніенкам.

Нібыта дзеля таго, каб супакоіць пацыентку Шацікаву, мэдыкі рабілі ёй іньекцыі прэпарату “Сэбазон”. Паведаміць сваякам пра тое, дзе яна знаходзіцца, мэдыкі не маглі, бо ў шпіталі не працавалі тэлефоны, напісана ў матэрыялах праверкі пракуратуры.

К.Шацікава: я не чакала ад пракуратуры іншага адказу

Крысьціна Шацікава паведаміла “Свабодзе”, што не чакала ад пракуратуры іншага адказу. Яна зьбіраецца працягваць змаганьне:
К.Шацікава: “Псыхіятрычная бальніца і дыягназ — рычаг ціску на людзей. Тое, што я суджуся, гэта спроба зламаць гэты рычаг, які яны зьбіраюцца ўкараніць”.
“Псыхіятрычная бальніца і дыягназ — гэта рэчы, супраць якіх ніводзін праваабаронца не дапаможа. Гэта добры рычаг ціску на людзей. Цяпер шмат хто задумаецца перад тым, як некуды выходзіць. Задумаюцца бацькі, якія ставяцца да дзейнасьці дзяцей ляяльна. Цяпер тое, што я суджуся, гэта спроба зламаць гэты рычаг, які яны зьбіраюцца ўкараніць”.

Пракуратура Кастрычніцкага раёну Магілёва адмовілася задаволіць скаргі Крысьціны Шацікавай і ейнай маці Сьвятланы Міхайлаўны на супрацьпраўныя дзеяньні ўчастковых міліцыянтаў Аляксандра Грабарава й Аляксандра Касянкова. Заяўлена, што праверка пракуратуры “ня выявіла супрацьпраўных дзеяньняў”.
XS
SM
MD
LG