Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейшчына: райсуд адмовіў журналістцы ў абароне годнасьці


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня суд Бярозаўскага раёну Берасьцейшчыны разглядаў пазоў рэдактара незалежнага тыднёвіка “Бярозаўскі венік” Тамары Шчапёткінай да мясцовай райгазэты “Маяк”. Заяўніца патрабавала абараніць яе гонар й годнасьць, якія, як яна лічыць, былі зьняважаныя ў публікацыі дзяржаўнага выданьня.

Суд пад старшынёўствам Алы Вялейкі адмовіў заяўніцы ў патрабаваньнях. Са словаў Тамары Шчапёткінай, гэткі вэрдыкт быў прадвызначаны:
Т.Шчапёткіна: “Як толькі судзьдзя прыступіла да разгляду скаргі, то адразу сказала: “Ваш артыкул прывёў мяне ў жах”.
“Як толькі судзьдзя прыступіла да разгляду скаргі, то адразу сказала: “Шчапёткіна, ваш артыкул прывёў мяне ў жах”. Гэтая судзьдзя ўжо на пэнсіі. Ёй 61 год. Вось, напрыклад, яна кажа: “Ну, вы робіце спасылку там на нейкага Салжаніцына...”

Што зьяўляецца прычынай канфлікту зь мясцовымі газэтчыкамі? Т.Шчапёткіна:

“Артыкул “Вечная память освободителям”, які напісаў Эдуард Кухарэвіч, сябра БРСМ. Піша, што праз засьценкі канцлягеру Картуз-Бяроза да 1939 году прайшло больш як 10 тысяч вязьняў. Я адказваю, што гісторык мусіць быць аб’ектыўным. Трэба нагадваць чытачам, як было за польскім часам і што адбывалася, калі прыйшлі Саветы. Пры якім рэжыме Заходняя Беларусь страціла больш людзей?”

“Мяне называюць “известная очернительница”

На артыкул журналісткі Шчапёткінай адрэагавала мясцовая райгазэта. Рэдактар Аляксандар Іваноў заявіў:

“Яна абвяргае, зьдзекуецца з падзеяў 17 верасьня 1939 году. Я даказваю, што тыя падзеі адбыліся на дабро. Беларусы пачалі жыць у адной сям’і. А чалавек пераконвае, што гэта адбывалася ня так, як трэба было. Зьневажае сьвятую дату”.

Сваю палітычную перакананасьць рэдактар і выказаў у артыкуле, які цытуе Тамара Шчапёткіна:
“Маяк”: “Вы всё нажитое многими поколениями белорусов за ломаный грош отдадите обожаемому вами Западу. Закабалите свой народ. Это еще один пример оппозиционной продажности и лжи”.
“Мяне называюць “известная очернительница”. “Вы всё нажитое многими поколениями белорусов за ломаный грош отдадите обожаемому вами Западу. Закабалите свой народ. Это еще один пример оппозиционной продажности и лжи”. Я паводле гэтага падала позву ў суд аб абароне годнасьці й гонару”.
А.Бастунец: “Кіраўнікі дзяржаўных СМІ — выканаўцы ідэалягічных заказаў”.
Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла пра чарговы суд, які кіруецца не законам, а палітычным заказам. Гаворыць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

“Такое здараецца і ў іншых рэгіёнах. Кіраўнікі дзяржаўных СМІ адчуваюць сябе як праваднікі дзяржаўнай ідэалёгіі. Яны — выканаўцы ідэалягічных заказаў. Пішуць артыкулы пра сваіх калег, якія знаходзяцца ў значна горшых умовах”.

Андрэй Бастунец паведаміў, што ўжо сёлета суды Беларусі далі адвод шасьці заяўнікам-журналістам. У той жа час, пры разглядзе дзевяці адміністрацыйных справаў газэтчыкі атрымалі штрафы й папярэджаньні.
XS
SM
MD
LG