Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка прызнаў пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі


Ганна Соўсь, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня правёў нараду паводле вынікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны за першы квартал 2007 году. Ён прызнаў, што пагоршылася праца шэрагу галінаў беларускай эканомікі. Пры гэтым кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што абраны ім эканамічны курс ня зьменіцца. Адной зь першачарговых задачаў Аляксандар Лукашэнка назваў энэргазьберажэньне.

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што з рэзкім падвышэньнем коштаў на энэрганосьбіты ў беларускай эканоміцы пачалі выяўляцца нэгатыўныя тэндэнцыі.

Найперш гэта зьніжэньне эфэктыўнасьці гаспадараньня й тэмпаў росту вытворчасьці. Восем зь дзевятнаццаці прагнозных парамэтраў ня выкананыя.

Разам з тым, Аляксандар Лукашэнка лічыць, што эканоміка Беларусі ў першым квартале ў цэлым разьвівалася ўстойліва. Паводле кіраўніка Беларусі, прайшло дастаткова часу, каб урад пазбавіўся ад шоку і разгубленасьці пасьля падвышэньня коштаў на энэрганосьбіты.

Пры гэтым эканамічная палітыка Беларусі павінна захаваць сацыяльную скіраванасьць, заяўляе Аляксандар Лукашэнка:

“Ва ўрадзе пачалі гучаць галасы наконт неабходнасьці карэктыроўкі й нават зьмены эканамічнага курсу, будзем лічыць гэта прыватнай думкай”.

Кіраўнік Беларусі лічыць энэргазьберажэньне адной зь першачарговых задачаў з улікам цяперашняй сытуацыі. Аляксандар Лукашэнка гаварыў і пра праблемы канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў на ўнутраным рынку ў сувязі з падпісаньнем пагадненьня пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Расеяй.

Кіраўнік Беларусі заявіў: “Я папярэджваю ўрад, што гэтыя лібэральныя замашкі, як у Расеі, нам не прыдатныя”.

Аляксандар Лукашэнка нагадаў аб даручэньні ўраду кампэнсаваць страты ад падвышэньня цэнаў на расейскія энэргарэсурсы коштам аплаты паслугаў, якія аказваюцца Расеі на беларускай тэрыторыі.

“Разбор палётаў” у беларускім ўрадзе будзе працягвацца, лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

“Прэзыдэнт проста паказаў, што сытуацыя пагоршылася ў параўнаньні з 2006 годам. А таксама тое, што ён у гэтай сытуацыі прытрымліваецца таго ж курсу, які прапаноўваў ураду, і на якім настойвае дагэтуль. І трэці, сам галоўны момант — гэта канкурэнтнасьць беларускай прадукцыі”.

Паводле Леаніда Заікі, найвялікшыя складанасьці тут — на расейскім рынку. Расея выстаўляе вельмі высокія якасныя бар’еры для беларускай мясамалочнай і лёгкай прамысловасьці. І тут чакаюцца вельмі сур’ёзныя наступствы для ўсёй нацыянальнай эканомікі, прагназуе Леанід Заіка.

Цэнтральная ідэя сёньняшняй нарады Аляксандра Лукашэнкі — заява пра нязьменнасьць эканамічнага курсу, адзначае эканаміст Міхаіл Залескі.

“Пад гэтай заявай акумулююцца досыць істотныя рэчы. Па-першае, адчувальны ўплыў зьмяненьня коштаў на энэрганосьбіты. Але вось спроба дайсьці да толку праз цэнтралізаваную эканомію падаецца досыць саманадзейнай. У эканоміі павінна быць зацікаўленае мноства людзей, якія кіруюць прадпрыемствамі. А такога рынкавага мэханізму яшчэ няма. Зь іншага боку, спроба людзей ва ўрадзе альбо кіраўнікоў прадпрыемстваў нейкім чынам лібэралізаваць вытворчасьць заўсёды спыняецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG