Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаўшчына: “Наша аўтаномная рэспубліка”


Віталь Сямашка, Быкаўшчына, Полацкі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Хоць прыехаць у Быкаўшчыну, што на Полаччыне, мне прапаноўвалі многія, я доўга ня мог выбрацца.

Ну, адзіная ў гэтых мясьцінах школа-інтэрнат для так званых сацыяльных сіротаў, што сталі такімі пры жывых бацьках, — алькаголіках ды крымінальніках.

Ну, дваццаці з сарака леташніх выпускнікоў удалося паступіць у каледжы. Але наколькі цікавым для ўсіх стане жыцьцё вёскі, дзе, бадай, усе дзьвесьце жыхароў завязаныя на адну ўстанову і куды асабіста мне з-за аўтобуснага графіку давядзецца тупаць пяць кілямэтраў з гакам?!

Але калі распавялі, што ўсе тутэйшыя называюць сябе жыхарамі “аўтаномнай рэспублікі Быкаўшчына”, дзе няма і не было ні калгасаў, ні аграгарадкоў, але ёсьць самаакупнасьць ды адмысловая псыхалягічная атмасфэра — кінуў вагацца.

І не памыліўся. На маё пытаньне “Ці адчуваеце сябе жыхаркай аўтаномнай рэспублікі Быкаўшчына?” тутэйшая даўгавечніца 75-гадовая Надзея Ігнатаўна Гут адказала:

 Палітычная геаграфія. Быкаўшчына, Полацкі раён

Гут: “Толькі гэтай! Нават туды, дзе нарадзілася, паеду — так хутчэй сюды!”

Спадарыня Надзея — настаўніца матэматыкі, яе паўвекавы пэдагагічны стаж пачаўся ў год сьмерці Сталіна. У інтэрнаце правяла большасьць жыцьця. І ўвесь час, так бы мовіць, на поўным пансіёне трымала аднога-двух выхаванцаў. Гэта пры трох сваіх дзецях. Яна кажа:

Гут: “Вось і цяпер хлопчык — сьняданак і вячэру я яму рыхтую. Васямнаццаць гадоў будзе. У нас заўжды хтосьці быў. Першага выпуску Ала Арон — няма ўжо ў жывых, ад нырак памерла. Цітоў Андрэй — у Аўганістане быў дарадцам. Як толькі адпачынак, прыяжджаў сюды. Не адна я. Я хоць хаджу з трысьцінкай, але імкнуся не абапірацца, каб не заўважалі”.

А вось і сэнс яе “аўтаноміі”. Для мяне ж — тлумачэньне, як пэдагог становіцца Творцам.

Гут: “Іду па школе, за кожнымі дзьвярыма ўрокі. І кожны зь іх — музыка. І пакуль дойдзеш да дырэктара, слухаеш музыку. Вось так люблю школу, і ўсё...”

Словы дырэктара школы-інтэрнату, лягапэда паводле спэцыяльнасьці, палкоўніка ў адстаўцы Сяргея Труханава апусьцілі на грэшную зямлю.

Тут кожны з 65 настаўнікаў ды выхавацеляў пастаянна сустракаецца са 130 парамі дзіцячых вачэй, у якіх аголеная нэрва ад перажытага. Кажа спадар Труханаў:

 Палітычная геаграфія. Быкаўшчына, Полацкі раён

Труханаў: “У нашай школе дзеці зь цяжкім лёсам — у бацькоў алькагалізм, сіроты. У нас нядаўна паступіла дзяўчына, якая бачыла, як на яе вачах маці забівала айчыма, нанесла некалькі дзясяткаў нажавых раненьняў — траўма на ўсё жыцьцё. А такіх выпадкаў шмат”.

У шаснаццацігадовай Аксаны Валошкінай бацькі жывыя, але пазбаўленыя правоў на яе. Дый сама кажа, што родны дом у Быкаўшчыне, дзе яна трынаццаты год.

Аксана: “Маці пасадзілі ў турму, а тата піў, а пасьля і ён сядзеў у турме. Каб жыць зь імі, я не пагадзілася — не было б магчымасьці хадзіць у школу, там усё працягваецца. Я б не паехала дадому...”

І ўсё-ткі з інтэрнату бягуць. Кажа настаўнік вышэйшай катэгорыі Віталь Шалаеў:

Шалаеў: “Бывае, старэйшы пакрыўдзіць малога, па загрыўку трэсьне. Бягуць тыя, хто ўзяты не ў дашкольным веку, а са школы. Яны прывыклі да дому. Якія б бацькі ні былі алькаголікі — усё роўна яго цягне.

Бываюць бацькі-іваліды альбо не пазбаўленыя правоў — абяцаюць забраць на канікулы й не забяруць. Ён тады на “пяту” — і пачасаў. Дзесьці на папутках даедзе, дзесьці дойдзе. А ў аднога бабуля жыве за восем кілямэтраў — вось і ўцякае. Зьвяртаемся ў міліцыю, і іх па хатах ды прытонах, дзе бываюць бацькі, забіраюць ды прывозяць да нас”.

У інтэрнаце пяць выхаванцаў, што ўжо сядзелі ў калёніях. Сямнаццацігадовы Жэня Сьцепаненка тут трэці год. Да гэтага былі тры месяцы ў турэмным карцары, год і восем месяцаў у спэцшколе. Сядзеў за крадзеж з узломам. Ён успамінае:

 Палітычная геаграфія. Быкаўшчына, Полацкі раён

Жэня: “Прыйшлі, рэйкі выцягнулі з вокнаў і шкло, тэлевізар вынесьлі, пілу і ўсё па дробязях. Сумкі краў. На трэцяй схапілі... Спорт падабаецца — футбол, тэніс. Паступіць хачу на зваршчыка. Суп навучылі варыць...”

Тут ізноў патрэбны камэнтар спадара Труханава:

Труханаў: “Адметнасьць нашай школы ў тым, што ня толькі вядзем урокі, але й рыхтуем да жыцьця. У прыватнасьці, хлопчыкі пякуць піражкі, аладкі. Дзяўчаты вучацца шыць, вышываць. І сьвінафэрма свая. Летась атрымалі на 15 мільёнаў рублёў прыбытку. Ёсьць капейчына, каб дзяцей на экскурсію звазіць, на марозіва ды салодкае. І мяса сваё на стале”.

Тым ня менш, поўнай аўтаноміі ад нораваў грамадзтва дасягнуць яўна не ўдаецца. Акурат за месяц да заканчэньня школы пасадзілі на тры гады Аляксея Цярэню, які ў часе ўцёкаў працягваў валацужнічаць ды красьці. У часе сустрэчы памянёны Віталь Шалаеў быў заклапочаны чарговым “надзвычайным здарэньнем”.

Шалаеў: “Хлопчык адзін дзевяціклясьнік у другога два дні таму сьпёр мабільнік. Бывае, ужываюць алькаголь. Першы раз унушэньне, а калі сыстэма, у Полацку ёсьць псыхіятрычная бальніца — накіроўваем на трохтыднёвы курс лячэньня. Вось нядаўна два дзевяціклясьнікі былі”.

І гэта адзінае пакараньне за такое падлеткавае правапарушэньне, што выхавацелі могуць ужываць да выхаванцаў. Шалаеў прызнаецца, што пасьля гучных скандалаў у краіне, зьвязаных зь дзіцячымі дамамі, безабароннымі сталі адчуваць сябе самі настаўнікі.

Шалаеў: “Пасьля падзеяў зь Вікай Мароз нас заціснулі. У дзяцей ёсьць правы, а мы бяспраўныя. Цяпер толькі — нельга. Калі чуюць слабіну, могуць і мацюком перакрыць. Мяне, мужыка — не, але большасьць жанчын. Могуць загнуць такое!”

* * *

У год сьмерці Леніна ў Быкаўшчыне ўзьнік дзіцячы садок ягонага імя, перайменаваны пасьля ў дзіцячы дом. За савецкім часам — у школу-інтэрнат для беспрытульных.

А пайшла вёска аж ад XVIII стагодзьдзя, пра што можна даведацца ў заснаваным тры гады таму краязнаўчым музэі. Я ля макету старажытнай капліцы разам з дырэктаркай, настаўніцай беларускай мовы Натальляй Зарэцкай.

 Палітычная геаграфія. Быкаўшчына, Полацкі раён

Зарэцкая: “Гэта капліца пабудаваная на загад нашчадка пана Казелак-Паклеўскага, які заснаваў Быкаўшчыну ў пачатку ХІХ стагодзьдзя. Дазвол улады далі з умовай, што набажэнствы будуць толькі каталіцкія. Пан Быкоўскі быў у нас, паехаў на заробкі ў Сібір, там ажаніўся і ўзяў яе прозьвішча, а сваё захаваў у назьве вёскі. Пад лесьвіцай зьмяшчаўся фамільны склеп Казелак-Паклёўскіх. Бальшавікі яго разбурылі”.

Разам са спадарыняй Натальляй і памянёным спадаром Шалаевым падыходзім да склепу. Мае суразмоўцы расказваюць:

Шалаеў: “Склеп такі — дзевяць нішаў справа й зьлева. Потым іх засыпалі. Пад зямлёю ён існуе, так што ёсьць над чым працаваць. Дарога побач была брукаваная. Лядоўня — падвешвалі тушы ў халодны час”.

У скляпеньні цяпер тэхнічная майстэрня для апрацоўкі дрэва і мэталу. Было два станкі, цяпер сабрана праўдамі-няпраўдамі Шалаевым з навучэнцамі пятнаццаць. У зьвязку з чым апошні называе сябе “галоўным быкаўшчынскім Плюшкіным”.

Шалаеў: “У наш час сродкаў для абсталяваньня няма. А вакол лес, можам пайсьці зрабіць нарыхтоўкі, і ніводзін сучок не прападае. Зрабілі й сельгасінвэнтар, паліцы для мэблі, сотню крэслаў адрамантавалі”.

Карэспандэнт: “Аўтаномная рэспубліка” — бо палітыка, Лукашэнка не працінаюць усё жыцьцё Быкаўшчыны?”

Шалаеў: “Не, у нас жыцьцё ідзе самастойна, бязь ціску і націску...”

Я разумею мясцовы патрыятызм суразмоўцы. Але мы крочым ля спартовай залі, што каторы год у аварыйным стане. Рашэньне аб закрыцьці прынялі пасьля вядомага пажару ў Краснапольскім інтэрнаце.

На паперы далі яшчэ пазалетась 140 мільёнаў на рамонт, які мусіў быць скончаны 16-м наваполацкім будтрэстам гэтымі днямі. Грошы зьніклі ў вэртыкальна-банкаўскіх прорвах, пайшлі на іншыя патрэбы. Прызнаецца спадар Віталь:

Шалаеў: “Тыдзень таму прыехалі з трэсту, пахадзілі-паглядзелі, і пакуль усё стаіць калом...”

 Палітычная геаграфія. Быкаўшчына, Полацкі раён

А ўжо ў гасьцях у Віталя Шалаева наракае ягоная жонка Тамара:

Тамара: “Усё было — сьвіньні, куры, сабачка, але нявыгадна трымаць стала. Прасьцей купіць, чым выгадаваць. Бульбу мець таксама нявыгадна. І агароды — апрацоўваць каштуе добрых грошай. Камбайн папрасіць, дык сажнуць у кастрычніку, а тое і пад сьнегам за тысяч трыццаць, а тое і больш. Зерне прасьцей і таньней купіць. Бульбу, гною прасьцей купіць”.

Віталь: “Калі мы прыехалі сямнаццаць гадоў таму, у статку трыццаць дзьве каровы было, цяпер засталося чатыры...”

Падчас пазамінулай выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы нейкі зацяты журналіст зь мясцовай раёнкі назваў Быкаўшчыну “БНФ-Вандэяй”. Тут дзейнічала моцная суполка Партыі БНФ. Улады не перасьледавалі — уся ўлада была, так бы мовіць, у руках апазыцыі.

Віталь Шалаеў быў абраны дэпутатам пасялковага савету. Адзіным апазыцыйным дэпутатам на Полаччыне. На нядаўніх выбарах яго не зарэгістравалі, затое вяскоўцы абралі месяц таму старэйшынам. Кажа спадар Шалаеў:

Шалаеў: “Ня надта хацелася камусьці, але адразу я прайшоў і без усялякіх альтэрнатываў — 80% быкаўшчанаў прагаласавалі за мяне...”

Карэспандэнт: “Ты расчараваўся ў дэпутацтве?”

Шалаеў: “Адносна, бо штосьці зрабіць можна. Упарадкавалі й абнесьлі агароджамі могілкі. Перанесьлі аўтапрыпынак, што быў на ўскраіне вёскі. Мне шкада было старых людзей, якім кілямэтры тры чапаць да прыпынку. Цяпер ён насупраць школы. І нам лягчэй сачыць за дзецьмі, калі зьбягаюць са школы. Яшчэ адзінокім жанчынам, якім няма каму дапамагчы, дапамагаў уладкавацца на сацыяльныя ложкі”.

Калі ўжо на тое, шэфскую дапамогу аказвае-такі полацкае аб’яднаньне “Нафтан”. Але асабліва цэняць у Быкаўшчыне сувязі з італійскім дабрачынным фондам “Дапаможам ім жыць”. Інфармуе настаўнік вышэйшай катэгорыі Віталь Шалаеў.

Шалаеў: “Апякуюцца і нашымі дзецьм-сіротамі. Школе зрабілі пральню, санвузлы. У нас жывуць у Італіі пяць чалавек пастаянна. Прыяжджаюць да нас зь дзецьмі. Нашы дзеці езьдзяць і на Сыцылію, і на Сардынію...”

Сямнаццацігадовай Людай Белай ужо ганарацца, бо дзяўчына здольная, спадзяюцца на вялікую будучыню.

Люда: “Хачу паступіць у БДУ на раманска-гэрманскі факультэт, бо мне даспадобы ангельская мова. У мяне ёсьць італійскія мама і тата. Сем гадоў ежджу да Ганны і Джулі на востраў Сардынію. У Быкаўшчыне я з двух гадоў. Тут мой родны кут, людзі, якія аддалі мне сваю любоў...”

Карэспандэнт: “А першае каханьне было на Быкаўшчыне?”

Люда, сьмяецца: “У пятай клясе ў свайго аднаклясьніка. Нават калі дрэнна становіцца, думаю, што ня ўсё так блага, калі ёсьць месца, дзе цябе любяць як родную дачку, дзе мо нідзе так не палюбяць...”

У падарожжах “Свабоды” мы рэдка падаем вершы мясцовых паэтаў. Але гэты верш Віталя Шалаева мне на памяць чыталі ў Быкаўшчыне многія.

 Палітычная геаграфія. Быкаўшчына, Полацкі раён

Шалаеў: “Палыхае ля вёскі кляновы пажар, туманы па-над лугам ураньні. Я вярнуўся сюды — у сэрцы радасьць і жаль. Жаль мінулага, радасьць спатканьня. Усё мне добрае тут — школьны двор і вежа-бусьлянка. Успамінам далёкім жыве кожны кут — сад, гара, кастравая палянка. Час няўмольны — ня можа на месцы стаяць. Неўзабаве і мы пасталелі. Дык дазволь жа, Радзіма малая мая, прыхіліць прад табою калені. І ў любую пару — ці пад квецень гаёў, ці як сьцежкі зіма замятае, Я да Быкаўшчыны, як да маці сваёй, на спатканьне і ў снах прылятаю...”
XS
SM
MD
LG