Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Казуліна сустрэлася з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Крэймэрам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Ірына Казуліна вярнулася з ЗША, дзе ўдзельнічала ў кампаніі падтрымкі Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў Беларусі.

У ЗША Ірына Казуліна сустракалася з многімі палітыкамі й грамадзкімі дзеячамі, якія заклапочаныя сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі й дамагаюцца вызваленьня беларускіх палітычных вязьняў.

Гэтай тэме, у прыватнасьці, была прысьвечаная гутарка ў Вашынгтоне з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Дэйвідам Крэймэрам.

Ірына Казуліна нагадала, што Дэйвід Крэймэр два тыдні таму наведваў Менск і меў магчымасьць назіраць сытуацыю ў краіне:

“Мы падзяліліся ўражаньнямі й абмеркавалі стан з палітвязьнямі. Пэўны плян працы ў гэтай галіне ўжо ёсьць, ён усім вядомы, будзем над ім працаваць. Тое, што я бязьдзейнічаць не зьбіраюся, гэта дакладна”.

Праваабаронцы з арганізацыі “Міжнародная амністыя” ў штаце Вірджынія прапанавалі вылучыць Аляксандра Казуліна на ганаровае званьне “Чалавека году” сярод вязьняў сумленьня.

Ірына Казуліна ўдзельнічала на паседжаньні, на якім была абвешчаная гэтая ініцыятыва.

“Яны падрыхтавалі дакумэнты. Я была на двух пасяджэньнях актывістаў зь “Міжнароднай амністыі”, яны цяпер будуць аб’ядноўваць намаганьні актывістаў яшчэ шасьці штатаў, каб вылучыць Аляксандра Казуліна на “Чалавека году” сярод палітвязьняў.

Гэта робіцца дзеля таго, каб “Міжнародная амністыя” ў нацыянальным маштабе пачала актыўна працаваць дзеля вызваленьня пэўнага чалавека. Зьвярталася ва ўрад сваёй краіны, ва ўрад Беларусі, у тым ліку й самі людзі дасылалі лісты Аляксандру Лукашэнку, генэральнаму пракурору і паўсюдна. Там вялікі плян працы”.

Летась Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў. Былы кандыдат на прэзыдэнта сваёй віны не прызнаў і патлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі. У канцы 2006 году Аляксандар Казулін 53 дні трымаў палітычную галадоўку — гэтак ён дамогся абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН. Абмеркаваньне адбылося з ініцыятывы ЗША.
XS
SM
MD
LG