Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўганаруюць ляўрэатаў прэміі БНФ


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менскай штаб-кватэры БНФ сёньня адбудзецца ўзнагароджаньне ляўрэатаў нядаўна заснаванай прэміі гэтай партыі. Першымі ляўрэатамі сталі эканаміст Вячаслаў Дашкевіч (пасьмяротна), выдавец Зьміцер Колас, палітык і грамадзкі дзеяч Павал Севярынец і музыка Зьміцер Сасноўскі.

Напярэдадні ўзнагароджаньня я гаварыў з намесьнікам старшыні журы, якое вызначала ляўрэатаў, Франакам Вячоркам. Вось што ён распавёў:

“Гэта прэмія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” ўручаецца штогод людзям, якія так ці інакш вылучыліся на глебе працы на карысьць беларускага адраджэньня ў галіне, палітыкі, культуры, адукацыі й навукі. Сёлета прэмія ўручаецца ўпершыню. Прэмія не грашовая, яна найперш абазначае прызнаньне дасягненьняў чалавека. Я думаю, што часам гэта нашмат каштоўней за грошы”.

На атрыманьне прэміі вылучылі дзесяць намінантаў, чацьвёра зь іх сталі ляўрэатамі. У тым ліку пасьмяротна ўганаравалі беларускага эканаміста Валера Дашкевіча, аўтара больш як тысячы працаў па эканоміцы.

У галіне адукацыі й навукі прэмію атрымаў Зьміцер Колас, які выдаў беларуска-ангельскі і беларуска-нямецкі слоўнікі, а таксама пераклады на беларускую мову выданьняў замежнай літаратуры.

У намінацыі “Культура” прэмію атрымаў музыка Зьміцер Сасноўскі, які разам з гуртом “Стары Ольса” правёў дзясяткі канцэртаў і выдаў некалькі альбомаў беларускай гістарычнай музыкі.

За нізку публікацыяў у “Нашай Ніве” ў намінацыі “Грамадзкая чыннасьць” ляўрэатам прэміі стаў палітык і грамадзкі дзеяч. палітвязень Павал Севярынец.

Гаворыць ляўрэат прэміі Зьміцер Колас:

“Заўсёды прыемна, калі тваю дзейнасьць заўважаюць і нейкім чынам адзначаюць. Прэмія БНФ прыемная, таму што шмат было зроблена. Гэта, натуральна, ня толькі мая заслуга, а і тых аўтараў і супрацоўнікаў, што стваралі гэтыя кнігі й слоўнікі, якія былі выдадзеныя мною летась. Мне гэта прыемна і натхняе на далейшую працу”.

Ляўрэаты прэміі будуць узнагароджаныя бронзавымі статуэткамі з выявай вершніка “Пагоні” на падстаўцы з мармуру (аўтар — скульптар Аляксандар Мінько). А адмысловыя скураныя тэчкі для ляўрэатаў стварыў майстар Вячаслаў Дубінка.

Ляўрэаты прэміі БНФ будуць вызначацца штогоду 25 сакавіка.
XS
SM
MD
LG