Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: як адаб’ецца на вашай сям’і адмена сацыяльных ільготаў?


Іна Студзінская, Менск Гэтае пытаньне наша карэспандэнтка задавала менчукам у раёне плошчы Перамогі.

Карэспандэнтка: “Што для вашай сям’і можа азначаць адмена льготаў?”

Дзяўчына: “Асабіста для мяне гэта будзе азначаць, што мае бацькі вымушаныя будуць дапамагаць мне яшчэ нейкай сумай, каб я магла езьдзіць да іх часьцей, каб убачыць іх. Лічу, што калі адменяць ільготы, павінны павысіць студэнтам стыпэндыю”.

Студэнт: “Адмоўна мы да гэтага ставімся, я лічу, што гэта няправільна. Студэнты ў нас небагатыя, і купляць поўныя праязныя, талёны — дорага”.

Карэспандэнтка: “Зайцамі будзеце езьдзіць?”

Студэнт: “Ну, ня ведаю. Цяпер кантралёраў шмат”.

Дзяўчына: “Гэта істотна адаб’ецца на нашым жыцьці, бо патрэбна будзе сябе ў нечым іншым абмяжоўваць”.

Дзядуля: “Не, не адаб’ецца. А якія льготы адменяць? Гэта трэба яшчэ ўдакладніць. У мяне іх ніякіх і няма. Пэнсію атрымліваю, і ўсё”.

Дзяўчына: “Канечне, адаб’ецца, паколькі мы студэнты, адмена льготаў менавіта на нашым дабрабыце адаб’ецца істотна”.

Спадарыня: “Калі здарыцца такое, будзем пешшу хадзіць. Альбо на роварах езьдзіць”.

Юнак: “У мяне заўсёды праблема з грашыма, заўсёды іх не хапае, таму будзе вельмі непрыемна плаціць за праезд удвая больш”.

Дзяўчына: “Я заканчваю сёлета ўнівэрсытэт, таму, спадзяюся, мяне гэта датычыць ня будзе”.

Бабуля: “Я лічу, што льготы павінны быць. Калі браць студэнтаў, пэнсіянэраў, у іх ня так багата грошай, каб на транспарце свабодна перасоўвацца”.

Спадарыня: “Думаю, на мне гэта ніяк не адаб’ецца, у мяне няма льготаў”.

Бабуля: “Вядома, адаб’ецца. Мы пэнсіянэры, пэнсіі невялікія, хаця ўсё жыцьцё працавалі. У нас лецішча ёсьць, пэнсію колькі часу не падвышаюць, яшчэ льготы адменяць... Я ня ведаю, тады ад лецішча давядзецца адмаўляцца. З ільготай мы плацім за дарогу 4400 рублёў, а без ільготы мы ня зможам туды езьдзіць, ня кажучы ўжо пра гарадзкі транспарт”.

Спадарыня: “У мяне ёсьць брат-студэнт, таму я нэгатыўна да гэтага стаўлюся”.

Дзядуля: “Ня дай Бог! Вядома, адаб’ецца, і вельмі цяжка будзе жыць. Таму што пэнсіянэру і так вельмі цяжка выкруціцца ў жыцьці. Гэта ня той варыянт, які трэба разглядаць, каб зэканоміць бюджэт”.

Карэспандэнтка: “А ў вас асабіста ёсьць нейкія льготы?”

Дзядуля: “Праезд ільготны, вось і ўсё. А мне цяпер ужо і лекі патрэбныя, пасьля 75 гадоў. Дрэнны стан у пэнсіянэраў”.
XS
SM
MD
LG