Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На свінаводчай ферме калгаса “Шлях советаў” творацца агіднасці” (1937)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Дзень добры! Наведаем разам мінулае, дзень 11 траўня розных гадоў, што зробім з дапамогай беларускіх газэтаў.

“Звязда” ў 1927 годзе зьмяшчае даклад А.Чарвякова да Дня друку: “Нас вінавацяць у тым, што ў савецкай краіне няма свабоды друку. Сапраўды, у нас няма свабоды падманваць рабочых і сялянаў. Рабкары і селькары маюць у нас надзвычайную свабоду крытыкі. І ў гэтых адносінах наш друк больш вольны, чым любы буржуазны... Мы ня можам пайсьці й ніколі ня пойдзем на тое, каб дазволіць у нашай краіне існаваньне друку, які б актыўна змагаўся супраць савецкай улады, якая будуе сацыялізм”.

“Большэвік Палесся” ў 1937 годзе выкрывае: “На свінаводчай ферме калгаса “Шлях советаў”, Крукавіцкага сельсовета, Даманавіцкага раёна, творацца агіднасці. 10 свінаматак іоркшырскай пароды, закупленыя ў мінулым годзе, не далі калгасу прыплоду ні аднаго парасёнка. Гэтыя свінаматкі апарасілі не жывых парасят... Наглядаюцца факты, калі свінаматкі паядаюць парасят. Нярэдкі выпадкі паядання парасят і ў час апаросу”.

“ЛіМ”, год 1957. Фёдар Янкоўскі піша пра перадачы Беларускага радыё: “Якасць іх была-б куды лепшая, калі-б работнікі радыёвяшчання і артысты з большаю ўвагаю і патрабавальнасцю ставіліся да мовы. Слухаеш іншы раз цікавую перадачу, і раптам — абыякавае вымаўленне або няправільная граматычная форма. Непрыемна і прыкра! Часта дыктар ці артыст, расказваючы аб барацьбе за высокую прадукцыйнасць працы, аб барацьбе за добраякасную прадукцыю, сам робіць недаравальны брак”.
XS
SM
MD
LG