Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будуць зьнішчаць спадчыну СССР


Уладзімер Глод, Менск Эўракамісія аб’яўляе тэндэр на зьнішчэньне супрацьпяхотных мінаў у Беларусі. Пра гэта паведаміў першы дарадца-каардынатар у сувязях зь Беларусьсю прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі, францускі дыплямат Жан-Эрык Гольцапфэль. Справа тычыцца трох з паловай мільёнаў супрацьпяхотных мінаў з вадкасным напаўняльнікам. Зьнішчэньне адбудзецца ў рамках новай праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Эўрапейскі інструмэнт партнэрства і добрасуседзтва”.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, Беларусь займае сёмае месца ў сьвеце па колькасьці супрацьпяхотных мінаў. Гэта – спадчына, што засталася пасьля распаду Савецкага Саюзу і ліквідацыі Беларускай ваеннай акругі.

“Узарваць іх адкрытым спосабам немагчыма”

Дырэктар аналітычнага цэнтру “Scat” Юры Загумёнаў лічыць праблему надзвычай сур’ёзнай:

“3,6 мільёна мінаў – гэта міны з вадкасным напаўняльнікам, якія зьяўляюцца, па сутнасьці, хімічнай зброяй. Там ёсьць сінільная кіслата ды іншыя атруты. Узарваць іх адкрытым спосабам немагчыма. Выбухі прывядуць да атручваньня атмасфэры, прычым ня толькі беларускай, але й іншых краінаў па пэрымэтру. І гэта пагражае жыцьцю людзей”.

“Можа быць вельмі вялікае надзвычайнае здарэньне”

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі гаворыць, што супрацьпяхотныя міны – толькі частка велізарнай колькасьці боепрыпасаў, што застаюцца на тэрыторыі Беларусі:

“Іх патрэбна захоўваць у спэцыяльных умовах. Каб скрыня – так званая “ўкупарка” – была надзейнай, каб дах быў бяз дзюрак. А ёсьць жа выпадкі, калі яны захоўваюцца на адкрытай тэрыторыі, укупарка згніла, выбуховае зьмесьціва амаль вывальваецца. Ударыла маланка – вось табе і надзвычайнае здарэньне. І гэта можа быць вельмі вялікае надзвычайнае здарэньне”.

Экс-міністар цьвердзіць, што міны з вадкасным напаўняльнікам ужо не патрэбныя: “З гуманных меркаваньняў дзяржавы дамовіліся іх зьнішчыць. А ў нас яны на захоўваньні ўжо па 20, 30, 40 гадоў. І ня ў тых умовах, якія павінны быць пры захоўваньні”. “Гэта надзвычай дарагое мерапрыемства”

Пабавіцца ад гэтай спадчыны патрэбна паводле Атаўскай канвэнцыі, якую падпісала Беларусь, да 1 сакавіка 2008 году. Аднак пакуль справа рухаецца марудна – не хапае сродкаў, тлумачыць Юры Загумёнаў:

“Тэхналёгіяў утылізацыі супрацьпяхотных мінаў з вадкаснымі напаўняльнікамі да нядаўняга часу не існавала. Але цяпер праведзеныя адпаведныя распрацоўкі, і такія варыянты існуюць. Аднак гэта надзвычай дарагое мерапрыемства”.

Эўрапейскай супольнасьць гатовая дапамагчы Беларусі. Паводле інфармацыі з Брусэлю, Эўракамісія можа ахвяраваць на зьнішчэньне супрацьпяхотных мінаў у Беларусі каля трох мільёнаў эўра.
XS
SM
MD
LG