Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго не хапае беларускім выканаўцам для перамогі?


Ігар Карней, Менск Скарбонку посьпехаў Беларусі на міжнароднай сцэне дагэтуль папаўнялі выключна дзеці. Два гады таму на дзіцячым конкурсе “Эўрабачаньне” ў Бэльгіі 10-гадовая мазыранка Ксенія Сітнік фінішавала першай. Летась у Румыніі яшчэ адзін прадстаўнік мазырскай школы, аднагодак Ксеніі Антон Кунец заняў другое месца. А вось дарослым беларускім артыстам пакуль не шанцавала на музычных форумах.

Краіна дэбютавала на сьпеўным конкурсе “Эўрабачаньне” ў 2004 годзе. Пасьля скандалу з вызначэньнем першага ўдзельніка ад Беларусі ў Стамбул паехаў дуэт “Аляксандра і Канстанцін” – а вось абраная ў якасьці “запасной” Натальля Падольская настойвала, што тэлефоннае галасаваньне гледачоў было сфальсыфікаванае на карысьць барысаўскіх музыкаў. У любым выпадку дэбютныя спадзевы не апраўдаліся, і беларусы фінішавалі ў самым хвасьце паўфінальнага адбору.

На наступны год у Кіеве стаўку зрабілі на вэтэрана сцэны – Анжаліку Агурбаш, якая жыве ў Падмаскоўі і мае расейскі пашпарт. Муж-бізнэсовец колішняй першай прыгажуні Беларусі Мікалай Агурбаш паставіў справу на шырокую нагу і, як кажуць у музычных колах, уклаў у “раскрутку” жонкі 3 мільёны даляраў (дарэчы, як і сёлета ў Хэльсынкі, тады актыўна “прасоўваў” беларускую ўдзельніцу Філіп Кіркораў). Аднак вынік – не нашмат лепшы за “Аляксандру і Канстанціна”.

Летась у Грэцыю паехала Паліна Смолава, пераможца “Славянскага базару”, пакрыўджаная якраз на Агурбашаў. У мэдыях шырока абмяркоўвалася, што годам раней Агурбашы на шляху да “Эўрабачаньня” бесцырымонна выціснулі з дыстанцыі Смолаву. Чарговая спроба скарыць эўрапейскі музычны алімп завяршылася як і папярэднія – трапіць у фінал сьпявачцы не ўдалося.

“Проста дайце людзям волю і пачуцьцё шчырасьці на сцэне”

Лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка лічыць, што бліжэйшым часам беларускім артыстам давядзецца задавольвацца “хатнімі сьценамі”. Беларусы калі дзе і перамагаюць, дык у асноўным на “Славянскім базары” ў Віцебску. Аднак, як кажа спадар Хаменка, нацыянальныя Дні Беларусі на фэстывалі не даюць вялікага аптымізму меркаваць, што гэта будзе працягвацца доўга:

“Ідэя “Славянскага базару” зусім ня дрэнная. Але пабачце: мы на сваёй зямлі праводзім фэстываль і кожны раз бачым цудоўныя праграмы расейскія, цудоўныя праграмы ўкраінскія. А што бачым на нашых днях? Проста сорам! А нашы праграмы павінны быць на беларускім фэстывалі, само сабой, на беларускай мове і самыя магутныя. І гэта магчыма зрабіць. Гэта не патрабуе шмат грошай. Проста дайце людзям волю і пачуцьцё шчырасьці на сцэне. І ўсё. Мы будзем лепшыя за расейцаў, гэта дакладна. Я маю на ўвазе ў сэнсе музыкі”.

“Я перакананы, што сюды пацягнуцца Б’янка, Сярога, іншыя беларускія артысты, якія працуюць у Расеі”

Зрэшты, часам “прарывы” ўсё ж здараюцца. Удзельнікі адборачнага туру да “Эўрабачаньня” ў Фінляндыі, музыкі гурту “The Project” пасьля “пралёту” з Хэльсынкі пры канцы сакавіка выправіліся на міжнародны фэстываль у Ізраіль і занялі трэцяе месца. Лідэр калектыву Яўген Чалышаў недвухсэнсоўна кажа, што прыемна, калі да цябе ставяцца аб’ектыўна. А вось наступным адборам да “Эўрабачаньня” прадракае нялёгкі лёс:

“За краіну мы перажывалі заўжды, мы рэальна гэта робім. Нядаўна прыехалі з Ізраілю, дзе самі перажывалі за сваю ж краіну, выступалі і занялі трэцяе месца на фэстывалі “Эйлат-2007”. То бок, мы толькі “за” беларускую прысутнасьць. Але! Я перакананы, што пасьля падвышэньня прэстыжнасьці ўдзелу ў “Эўрабачаньні” сюды пацягнуцца Б’янка, Сярога, іншыя беларускія артысты, якія працуюць у Расеі. Ня ведаю, добра гэта ці дрэнна, але шмат каму з нас, звычайных, якія знаходзяцца тут, дарога будзе ўжо зьлёгку перакрытая. Я спадзяюся на лепшае канечне, але чым усё гэта закончыцца – незразумела”.

“Беларускія артысты на “Славянскім базары” зьяўляюцца толькі бясплатным дадаткам”

А вось кампазытар Эдуард Ханок ад’ехаў у Расею без усялякага шкадаваньня. Кажа, што стаміўся назіраць за “бездапаможнасьцю” беларускіх артыстаў, якія надакучылі сваёй “бязвольнасьцю”, бо задаволіліся роляй “бясплатных дадаткаў” да расейскіх выканаўцаў:

“Прабачце, гаворыце шмат, а карыстаецеся шоў-бізнэсам расейскім. Чаго варты ваш “Славянскі базар” без расейскага шоў-бізнэсу? Нічога! Беларускія артысты на “Славянскім базары” зьяўляюцца толькі бясплатным дадаткам, і больш нічым. Яны ніякага дачыненьня ня маюць да “Славянскага базару”, бо “Славянскі базар” – гэта хараство расейскай папсы, што ўжо даўно даказана. Таму я тут, у Расеі, падымаюся, як кажуць, па вялікаму рахунку і ўваходжу ў лік лідэраў. На сёньняшні дзень па “праходнасьці” у мяне фактычна няма канкурэнтаў. Адзін, можа быць, толькі Баскаў. Ну, Пугачова яшчэ – вось гэтыя асобы. А астатнія ўсе – не канкурэнты”.

• Дзьмітры Калдун выйшаў у фінал "Эўрабачаньня-2007"

• Якія шанцы ў беларускага выканаўцы на Эўрабачаньні?
XS
SM
MD
LG