Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 10 траўня


Юлія Шарова, Менск Агляд форумаў і блогаў белнэту

Удзельнікі форумаў парталу сёньня зацікавіліся навіной пра тое, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў праграму барацьбы з карупцыяй.

“Неразьменны пятак, – камэнтуюць удзельнікі форумаў. – Ён з гэтай карупцыяй яшчэ трынаццаць гадоў таму актыўна змагаўся. Асабіста спыніў вынас скрыні цьвікоў”.

“Дык уся сыстэма кіраваньня – сымбіёз чынавенства й карупцыі. Паспрабуй выключыць карупцыю – увогуле нічога зь месца ня рушыць. Калі цяпер чыноўнік за адпаведную ўзнагароду прыме нейкае рашэньне, дык бяз хабару ён увогуле ніякага рашэньня прымаць ня будзе”.

“Існуе адзіны эфэктыўны спосаб барацьбы з карупцыяй – гэта разьдзяленьне галінаў улады з ураўнаньнем іх у моцы. А над трыма незалежнымі адна ад адной галінамі ўлады (выканаўчай, заканадаўчай і судовай) – “чацьвёртая ўлада” – свабодная прэса, якая не дае спакойна спаць першым тром галінам”. “Ну калі ж ён нарэшце зразумее, што змагаецца з самім сабой!”

У гасьцявой кнізе зьявіўся такі запіс: “Цікава, як вызначаецца неабходнасьць уключыць ацяпленьне ў дамох? Памятаў, нешта наконт “сярэднесутачная тэмпэратура ніжэй за +10 цягам трох дзён. Калі гэта праўда, дык незразумела, чаму дагэтуль не аднавілі ацяпленьне. Эканомія? Дык гэта ж не бясплатная паслуга, жыхары аплачваюць. Чуў, што школы, дзіцячыя садкі, лякарні павінны былі зноў ацяпляць. А што рабіць маленькім дзецям, якія яшчэ не пайшлі ў дзіцячы садок? Перасяляцца ў лякарні?”

Блогер L_u_f_t зьмяшчае падборку дзіцячых малюнкаў на ваенную тэматыку, узятую з сайту БРСМ. “Усё ж такі, беларуская ідэалёгія пачынае даваць дружныя паросткі... – піша L_u_f_t. – Цяпер, дарагія сябры, нашая Радзіма пачынаецца не з карцінцы ў буквары, і не з кастрычніцкай рэвалюцыі, а з Другой усясьветнай вайны. У прынцыпе. Большасьць працаў – нішто сабе, перамаляваныя савецкія постэры, але некаторыя – проста прыўкрасныя. Нагадваю, што на двары ня 1983, а 2007 год”.

Блогерка Марыйка Мартысевіч у суполцы Жывога журналу вывучае сёньня тэму кінасцэнароў, якія магчыма было б напісаць на менскім матэрыяле. “Эўрапейскі кінэматограф даўно радуе нас узорамі чароўнага жанру “любоў на тле вялікага гораду”. Згодна зь сюжэтам, гераіня-антыбарбі са старанна падабраным наборам Комплексаў і Прыбабахаў знаходзіць сваё шчасьце ў нейкім прыгожым, атмасфэрным горадзе. З апошняга нашумелага – “Амэлі” (Парыж), “Тарыф на месяцовае сьвятло” (Бэрлін), “Дзёньнік Брыджыт Джонс” (Лёндан)... Цікава, ці можна зьняць такі фільм пра Менск?.. Вашыя сцэнары?”

Удзельнікі суполкі радуюць Марыйку ідэямі:

“Яна – “змагарка”, працуе ў “Вясьне” й жудасна камплексуе з нагоды таго, што яе ўсё ўспрымаюць як баявую сяброўку, але не як дзяўчыну”.

“ААА! яна проста ня можа не працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы, бібліятэкаркай, натуральна, а вось кватэру здымае ў Малінаўцы (Сухарава, Кунцаўшчыне). А першая сустрэча – у мэтро на Кастрычніцкай/Купалаўскай на эскалятары, позіркамі”.

“Яна – малады спэцыяліст, адпрацавала пасьля ВНУ два гады ў вёсцы, ён – трактарыст з гэтай вёскі. Прыехаў за ёй у Менск на трактары. Цераз адсутнасьць ворыўных плошчаў уладкаваўся на працу амапаўцам”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG