Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1937-ым па ўсёй Беларусі гарэлі кнігі


Аляксандар Лукашук, Прага 10 гадоў таму – у 1997 годзе – у Менску выйшла кніга Аляксандра Лукашука "За кіпучай чэкісцкай работай". Адзін з разьдзелаў кнігі называўся "Гарыць мова". Чаму так называўся гэты разьдзел?

Гэты разьдзел быў прысьвечаны загаду №33 арганізацыі, якая называлася “Галоўліт БССР”. гэты загад выйшаў 3 чэрвеня 1937 году і называўся “Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэкаў грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю”. Гэта быў вельмі зьмястоўны загад, ён заняў 111 старонак.

Я працытую - што дакладна прадпісвала гэтая інструкцыя рабіць зь “непажаданымі” кнігамі ў Беларусі: “Рабіць зьнішчэньне шляхам пропуску праз рэзальныя машыны друкарняў. Макулятуру ў дробна парэзаным выглядзе здаваць ва ўтыль. У райцэнтрах, дзе ў друкарнях няма рэзальных машынаў, прынятую літаратуру спальваць з адзнакай на акце спаленьня”.

Альфабэтны сьпіс выдадзеных у Беларусі кніг, якія прадпісвалася спаліць паводле гэтага загаду, займаў 12 старонак і налічваў 421 пазыцыю. Хоць насамрэч выданьняў і твораў, якія належала спапяліць, было ў некалькі разоў болей. Рэч у тым, што супраць 53 прозьвішчаў у гэтым сьпісе стаіць ня назва кнігі, а запіс “усе кнігі”. Як правіла, іх аўтары ўжо раней прайшлі па сьпісах, якія складаліся ў НКВД.

Для прыкладу: сярод прысуджаных да спаленьня – кнігі Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, паэма “Тарас на Парнасе”, раманы, апавяданьні, п''есы... Ёсьць і кур''ёзы – напрыклад, прадпісвалася канфіскаваць Сталінавы “Пытаньні ленінізму”, мабыць, таму, што арыштавалі перакладчыка.

Асаблівая катэгорыя асуджаных на агонь – слоўнікі і даведнікі, граматыкі, лемантары, чытанкі, падручнікі, навучальныя дапаможнікі, дыялектныя зборнікі, мовазнаўчыя працы, створаныя ў эпоху беларусізацыі. Фактычна палілі мову...
XS
SM
MD
LG