Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Там дзе паляць кнігі, будуць паліць і людзей”


Тацяна Поклад, Прага 10 траўня ў Нямеччыне штогод адзначаецца Дзень кнігі. Гэтая дата абраная дзеля таго, каб не забывацца пра падзеі, зь якіх пачынаў умацоўваць свае пазыцыі фашыстоўскі рэжым – забарону і спальваньне кніг. Як пішуць сёньня ў Нямеччыне, 10 траўня 1933 году нацыянал-сацыялісты абвясьцілі вайну супраць незалежнай думкі і вольнага выказваньня ўласных меркаваньняў.

У гэты дзень у Бэрліне перад будынкам Дзяржаўнай опэры нацыянал-сацыялісты спалілі кнігі, якія не падабаліся гітлераўскаму рэжыму. Дзень 10 траўня 1933 году быў абвешчаны “сьвятам вогнішча”. Яго сплянавала яшчэ ў лютым 1933 году ў розных гарадах Нямеччыны міністэрства прапаганды, а аўтарам і натхняльнікам быў доктар Гёбэльс, філёляг-германіст паводле адукацыі.

Бэрлін, 10.05.1933. Публічнае спальваньне кнігКаб прывабіць моладзь радыкалізмам

Публічнае спальваньне кніг было адным зь першых крокаў Гёбэльса на пасадзе міністра прапаганды. Гэта рабілася дзеля таго, каб запалохаць “сярэдняга чалавека”, які звычайна ставіўся з пашанай да друкаванага слова, а таксама каб прывабіць моладзь на бок нацыянал-сацыялістаў, паказаць моладзі рашучасьць і радыкалізм новай улады. Менавіта студэнтам і выкладчыкам надавалася асноўная роля пры спальваньні кніг.

“Сьвята вогнішча” – публічнае спальваньне кніг – адбывалася ня толькі ў Бэрліне, але і ў іншых, пераважна унівэрсытэцкіх, гарадах Нямеччыны – Боне, Франкфурце-на-Майне, Мюнхэне.

Творы А. Эйнштэйна і Дж. Лондана гарэлі разам

Толькі ў Бэрліне на Опэрнай плошчы былі спаленыя 20 тысяч кніг, у іх ліку творы аўтараў габрэйскага паходжаньня, творы прыхільнікаў марксізму і пацыфізму, а таксама кнігі замежных аўтараў.

Былі забароненыя каля 12,5 тысяч твораў 149 пісьменьнікаў. У іх ліку – працы сусьветна вядомых навукоўцаў і пісьменьнікаў –Альбэрта Айнштайна, Зыгмунда Фройда, Карла Маркса, творы Томаса і Гайнрыха Манаў, Штэфана Цвайга, Гайнрыха Гайнэ, Эрыха Кёстнэра, а таксама Джэка Лондана, Эрнэста Хэмінгуэя і многіх іншых.

Полымя і цэнзура

“Гэта было толькі пачаткам: там дзе паляць кнігі, будуць паліць і людзей”, – напісаў забаронены нацыстамі Гайнрых Гайнэ ў сваёй трагедыі “Альмансор”.

Бэрлін, 10.05.1933. Публічнае спальваньне кнігСпаленыя кнігі сталіся першай прыступкай да татальнага ідэалягічнага кантролю над літаратурным працэсам у Нямеччыне. “Сьвята вогнішча” было пераломным момантам, пасьля якога была ўведзеная татальная цэнзура. За гады нацысцкай дыктатуры сьпіс забароненых твораў дапаўняўся. Адных аўтараў забаранялі цалкам, іншых – часткова.

22 верасьня 1933 году быў прыняты дэкрэт аб стварэньні Імпэрскай палаты культуры. Ад 1939 году аддзел літаратуры цалкам кантраляваў працу ўсіх выдавецтваў, рэдакцыяў і друкарняў, а таксама ўвесь гандаль кнігамі. Публікавацца маглі толькі тыя, хто прайшоў рэгістрацыю.

Дзень памяці

Ад 1947 году ў Нямеччыне адзначаюць дзень памяці пра публічнае спальваньне кніг нацыянал-сацыялістамі. На Бабэльпляц ў Бэрліне – колішняй Опэрнай плошчы, дзе ў 1933-м палілі кнігі, цяпер – незвычайны манумэнт, які называецца “Патанулая бібліятэка” (Versunkene Bibliothek). Манумэнт зроблены ў 1995 годзе, яго аўтар – ізраільскі архітэктар Міша Ульман (Micha Ullmann), бацькі якога пакінулі Нямеччыну ў 1933 годзе. У цэнтры плошчы, пад тоўстым квадратам шкла, знаходзіцца белы пакой з пустымі кніжнымі паліцамі. Мяккае сьвятло, якое йдзе з-пад шкла, прыцягвае ўвагу мінакоў. Пустая прастора пад зямлёй нагадвае пра страту. Побач – толькі невялікая шыльда з надпісам: “На гэтай плошчы 10 траўня 1933 году нацысцкія студэнты палілі кнігі”.

А ў 2006 годзе Цэнтр эўрапейска-габрэйскіх дасьледаваньняў імя Мэндэльсона ў Потсдаме выступіў зь ідэяй стварэньня “Бібліятэкі спаленых кніг”. Ініцыятары праекту адновяць 316 зь ліку зьнішчаных кніг. Кіраўнік праекту – Юліус Шопс (Julius Schops) кажа, што гэты збор будзе даступны ўсім школам і гімназіям Нямеччыны.
XS
SM
MD
LG