Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсару Астроўскаму адмовілі ў пазове да адміністрацыі мэдунівэрсытэту


Міхал Карневіч, Горадня Прафэсар Гарадзенскага мэдунівэрсытэту Алесь Астроўскі, спрабаваў сёньня ў судзе даказаць, што адміністрацыя ўнівэрсытэту, дзе ён працуе, дыскрымінуе яго як асобу. Сёньня разглядаўся ягоны пазоў аб скасаваньні дысцыплінарнага спагнаньня ад рэктара ўнівэрсытэту Пятра Гарэліка.

22-23 сакавіка прафэсар Астроўскі як сябра БНФ “Адраджэньне” браў удзел у навукова-практычнай канфэрэнцыі, арганізаванай прадстаўніцтвам ТАСІS у Беларусі.

За два дні перад тым ён падаў заяву на імя рэктара Гарэліка аб прадастаўленьні яму двухдзённага адпачынку за свой кошт. Як заўважае прафэсар Астроўскі, для астатніх гэта заўсёды была фармальная справа - пакінуць заяву і дамовіцца аб пераносе заняткаў для студэнтаў. У пазове таксама быў пералічаны шэраг момантаў, па якіх Астроўскі лічыць, што ягоную асобу дыскрымінуюць у гарадзенскім мэдунівэрсытэце. У прыватнасьці, больш за 10 гадоў яго не накіроўваюць на павышэньне кваліфікацыі, не ўключаюць у прыёмную камісію і г.д.

Судзьдзя Людміла Жукоўская адмовіла прафэсару Астроўскаму ў пазове, спаслаўшыся на тое, што ён парушыў працоўнае заканадаўства, бо заяву на адпачынак за свой кошт трэба было пісаць за 7 сутак.

Прафэсар Астроўскі мае намер абскардзіць рашэньне судзьдзі.
XS
SM
MD
LG