Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блэр сыходзіць. Якая спадчына застаецца брытанцам?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 10 траўня прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр абвясьціў, што пакідае пасаду лідэра кіроўнай Лейбарысцкай партыі. Такім чынам, Блэр, які 1 траўня адзначыў дзесяцігодзьдзе сваёй працы на чале ўраду, адкрывае шлях для абраньня новага прэм’ер-міністра. На думку аналітыкаў, найбольш верагодна, што Лейбарысцкая партыя пераемнікам Блэра абярэ цяперашняга міністра фінансаў Гордана Браўна. Як брытанцы ў будучым ацэняць вынікі дзейнасьці Тоні Блэра?

Палітоляг Дэвід Карлтан з Унівэрсытэту Ўорыка лічыць, што спадчына Блэра будзе ацэньвацца ў шэрагу кірункаў ягонай дзейнасьці, і палітыка адносна Іраку -- толькі адзін зь іх:

“Праблема Іраку значна больш хвалявала эліты Вялікай Брытаніі, чым большую частку людзей. Несумненна, пераважна людзі гэта не ўхваляюць, паколькі шмат жахлівага адбываецца ў Іраку. Але я сумняваюся, што гэта мае вялікае значэньне для масаў у іхніх разважаньнях”.

На думку Карлтана, калі адны будуць ацэньваць Блэра скрозь прызму Іраку, іншыя ўзгадаюць ягоную прамову ў Чыкага ў 2004 годзе, дзе ён гаварыў пра гуманітарную дапамогу самым бедным краінам Афрыкі і Азіі. З гэтага гледзішча ягоная дзейнасьць у “вялікай васьмёрцы” галоўных індустрыяльных дзяржаваў можа быць ацэненая высока.

Праэўрапейскі прэм''ер-міністар

На думку аналітыка Чарлза Джэнкінза, шмат ангельцаў перакананыя, што Блэр знайшоў правільную пазыцыю для сваёй краіны ў стасунках з Эўрапейскі Зьвязам:

“Ён лічыцца найбольш праэўрапейскім прэм’ер-міністрам з пары Эдварда Хіта, які прывёў Вялікую Брытанію ў Эўрапейскую эканамічную супольнасьць. Ужо само па сабе гэта ёсьць гарантыяй добрых стасункаў з бальшынёй , калі не з усімі партнэрамі ў Эўропе”.

Існуе і яшчэ шэраг пытаньняў, падыход у вырашэньні якіх, паўплывае станоўча ці адмоўна на аўтарытэт Блэра. На думку Джэнкінза, Блэр можа быць і асуджаны і ўхвалены брытанцамі за ягонае разуменьне, што брытанскія энэргарэсурсы зьмяншаюцца і што залежнасьць ад расейскіх нафты і газа можа быць небясьпечнай для краіны. З гэтай прычыны Блэр ухваліў вытворчасьць ядзернай энэргіі як стратэгічную энэргетычную задачу.

Аналітыкі кажуць, што будучая ацэнка дзейнасьці Тоні Блэра будзе залежыць і ад таго, чым ён зоймецца пасьля таго, як пакіне пасаду прэм’ер-міністра. Пакуль пра свае пляны Блэр публічна не гаварыў. Дэвід Карлтан выказвае меркаваньне, што, паколькі Блэр мае зацікаўленасьць Блізкім Усходам, дык зусім верагодна, што ён будзе ўдзельнічаць у вырашэньні праблемы бясьпекі ў тым рэгіёне.
XS
SM
MD
LG