Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў не зьбіраецца ісьці ў абыход Расеі


Юры Дракахруст, Прага Мэта цяперашняга працяглага візыту прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Казахстан і Туркмэністан – спроба прадухіліць пабудову газа- і нафтаправодаў у абыход Расеі. Гэтая спроба ўжо дала пэўны вынік – прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў адмовіўся ехаць на энэргетычны саміт у Кракаў, дзе прадстаўнікі Польшчы, Украіны, Літвы, Грузіі і Азэрбайджану будуць абмяркоўваць магчымасьці альтэрнатыўных расейскім паставак энэрганосьбітаў.

Прэзыдэнт Пуцін выляцеў у Казахстан адразу пасьля параду ў Дзень Перамогі. Праграма паездкі расейскага лідэра незвычайная, сёньня адбыліся яго перамовы з прэзыдэнтам Назарбаевым, сёньня ж яны разам ляцяць у Туркмэністан, да тамтэйшага прэзыдэнта Гурбангулы Бэрдымухамэдава. 12 траўня Пуцін вернецца ў Казахстан і яшчэ два дні будзе госьцем прэзыдэнта Назарбаева.

Усе экспэрты сыходзяцца на тым, што мэта такога працяглага турнэ расейскага прэзыдэнта – прадухіліць пабудову газа- і нафтаправодаў у абыход Расеі.

Пасьля крызысаў у дачыненьнях Расеі зь Беларусьсю і Ўкраінай, якія суправаджаліся адключэньнем падачы нафты і газу ў краіны Эўразьвязу, зацікаўленасьць Зьвязу ў альтэрнатыўных расейскім крыніцах энэргіі рэзка ўзрасла. Да гэтага падштурхоўвае і рост долі расейскіх энэрганосьбітаў у паліўным балянсе эўрапейскіх краінаў.

Пуцін важнейшы за Кракаў

Да апошняга часу пераважная доля паставак нафты і газу з краінаў Цэнтральнай Азіі рабіліся таксама праз Расею. Існуюць некалькі праектаў трубаправодаў у абыход Расеі – нафтаправод Адэса-Гданьск, газаправоды Набука і транскасьпійскі.

На нядаўніх перамовах з амэрыканскімі прадстаўнікамі новы туркмэнскі лідэр Бэрдымухамэдаў казаў пра зацікаўленасьць у транскасьпійскім праекце, Казахстан меў інтарэс да транзытнага калідора Адэса-Гданьск.

Сёньня пасьля перамоваў з Пуціным Нурсултан Назарбаеў, гаворачы пра нафтавы транзыт, заявіў:

“Казахстан абсалютна прыхільны да таго, каб большая частка, калі ня ўся, праходзіла па тэрыторыі Расеі”.

Больш за тое, лідэр Казахстану адмовіўся ехаць на саміт у Кракаў, які пачынаецца заўтра. Гэтая нарада кіраўнікоў Польшчы, Украіны, Літвы, Грузіі і Азэрбайджану склікана на ініцыятыву прэзыдэнта Польшчы Качынскага з мэтай абмеркаваць магчымасьці дабудовы і выкарыстаньня нафтаправоду Адэса-Гданьск. Прэзыдэнт Казахстану яшчэ ў канцы сакавіка пацьвяржаў сваю гатоўнасьць прыехаць у Кракаў. Але цяпер аддаў перавагу перамовам з Пуціным.

Уран замест нафты і газу

У якасьці перніка, каб адгаварыць Казахстан ад удзелу ў непажаданых для Расеі праектах, Масква прапанавала Астане свае паслугі ў разьвіцьці казахстанскай ядзернай энэргетыкі. Сёньня было падпісанае расейска-казахстанскае пагадненьне аб стварэньні ў Іркуцку міжнароднага цэнтру ўзбагачэньня ўрану.

Як піша расейская газэта “Коммерсант,” зьяўленьне новых маршрутаў транзыту цэнтральнаазыяцкіх энэрганосьбітаў ператварае Казахстан і Туркмэністан з малодшых партнэраў Расеі ў яе канкурэнтаў. Паводле газэты, Пуцін падчас візыту будзе пераконваць Назарбаева і Бэрдымухамэдава ўсталяваць кантроль вытворцаў над патокамі энэрганосьбітаў у Эўропу, каб яго не ўсталявалі спажыўцы.

Беларусь, пры ўсіх яе саюзьніцкіх адносінах з Расеяй, аб’ектыўна зацікаўленая ў посьпеху праектаў альтэрнатыўных трубаправодаў. Варта прыгадаць нядаўні візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Азэрбайджан, дзе гэтая тэма была адной з галоўных. Дарэчы, Азэрбайджан бярэ ўдзел у энэргетычным саміце ў Кракаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG