Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэлікс Шкірманкоў: Мы ня верылі, што засталіся жывымі


Вольга Караткевіч, Прага У Дзень Перамогі былы кіраўнік Слаўгарадзкага райвыканкама, вэтэран вайны Фэлікс Шкірманкоў у праграме "Начная Свабода" разважае пра стаўленьне цяперашняй улады да вэтэранаў, пра падзеі ў Эстоніі і пра будучыню Беларусі. Фэлікс Шкірманкоў у 15 гадоў пайшоў на фронт, некалькі разоў быў паранены.

(Караткевіч: ) "Я ведаю, што ў сёлетні Дзень Перамогі Вам давялося змагацца за права выступіць на сьвяточным мітынгу. Вы дамагліся гэтага?"

(Шкірманкоў: ) "Так, я сёньня ўдзельнічаў у традыцыйным ускладаньні вянкоў да братняй магілы, якая знаходзіцца ў парку ў цэнтры Слаўгараду. Гэты робіцца два разы на год – да Дня Абаронцаў Айчыны ў лютым і 9 траўня ў Дзень Перамогі. Мне далі слова, але мне давялося прыкласьці, як кажуць, пэўныя намаганьні, бо калі я зьвярнуўся да загадчыцы ідэалягічнага аддзела райвыканкама, яна мне сказала, што ў іх ужо надрукаваная праграма і нічога нельга зьмяніць. Я быў вымушаны ёй сказаць: "Як Вы мне, вэтэрану вайны, можаце ў гэты дзень на гэтым месцы адмовіць сказаць слова?" Яна накіравала мяне да намесьніка старшыні райвыканкама, які стаяў побач. Ён сказаў літаральна так: "Фэлікс Уладзімеравіч, калі Вы хацелі тут нешта сказаць, то Вам трэба было загадзя зрабіць заяўку". Я такога глупства нават ад яго не чакаў. Але побач стаяў старшыня райвыканкама, я зьвярнуўся да яго і сказаў: "Вельмі прашу Вас сёньня мне, ўдзельніку вайны, даць права прачытаць на гэтым месцы свой верш".

(Караткевіч: ) "А Вы маглі б прачытаць гэты верш слухачам Свабоды, маеце пад рукой?"

(Шкірманкоў: ) "Я яго памятаю і так. Ён быў напісаны па-руску, ня ведаю, ці да месца ён будзе ў праграме…"

(Караткевіч: ) "Чытайце, калі ласка"

"Мы -- двадцатого века Беларуси сыны Уцелевшие в битвах той священной войны Победив, ещё долго у станков, на полях Продолжали свой подвиг с честью в мирных боях.

А теперь эстафету передали мы вам, Двадцать первого века Беларуси сынам. Нас осталось немного, ещё несколько лет И увидите с грустью – рядом с вами нас нет.

Но пока подрастают наших внуков сыны Мы в строю как и прежде, ветераны войны Мы идём, строй смыкая, с той священной войны Из двадцатого века Беларуси сыны".

Вось гэты верш, я лічу патрыятычны, тым больш на рускай мове, яны намагаліся мне ня даць прачытаць".

"Лінія Сталіна" дрэнна пахне

(Караткевіч: ) "Як Вы ацэньваеце афіцыйныя сьвяткаваньні Дня Перамогі ў Беларусі? Ці ўся праўда гаворыцца пра тую вайну?"

(Шкірманкоў: ) "Мне цяжка адказаць, бо ў мяне няма інфармацыі пра сьвяткаваньне па ўсёй Беларусі. Але кідаецца ў вочы тое, што праўду пра Вялікую Айчынную вайну спрабуюць перарабіць на свой капыл. І адносіны да вэтэранаў неадназначныя. Тыя вэтэраны, якія цалкам падтрымліваюць курс кіраўніцтва і ва ўнутранай палітыцы і ў адносінах зь іншымі краінамі, карыстаюцца падтрымкай і на мясцовым узроўні і на дзяржаўным. Але варта толькі вэтэрану у нечым не пагадзіцца, нават у малым, і адкрыта выказаць сваю думку, дык ён адразу залічваецца ў ворагі. Мабыць, каб быў 37-ы год, дык адразу зрабілі б "ворагам народу". Вы ж паглядзіце на так званую "лінію Сталіна", пра якую шмат гавораць у афіцыйнай прэсе Беларусі. Гэта ўсё мае дрэнны пах, на маю думку".

Магу зразумець, але не магу пагадзіцца

(Караткевіч: ) "Не магу не задаць Вам гэтае пытаньне, бо мы шмат пра гэта гаворым, і сёньня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ўсе ў Беларусі абураныя падзеямі ў Эстоніі – пераносам помніка савецкаму салдату-вызвольніку, рашэньнем Польшчы аб зьмене сытуацыі з помнікамі. Якая Вашая ацэнка?"

(Шкірманкоў: ) "Адназначна адказаць на гэтае пытаньне цяжка. Тут трэба, як кажуць, падыйсьці да той печкі, адкуль танчыць патрэбна. У народаў Прыбалтыкі, у палякаў добрая памяць. Яны вельмі добра памятаюць, што сталінізм зрабіў зь іх краінамі, калі савецкія войскі прыйшлі ў гэтыя краіны, у краіны Прыбалтыкі яшчэ ў 1940-м годзе. Яны ня могуць забыць, як грузілі начамі ў эшалёны цьвет нацыі і вывозілі далёка за межы Радзімы, і мала хто зь іх вярнуўся назад. Яны таксама добра памятаюць, якую палітыку праводзіла Масква ў адносінах да іх краін пасьля Другой Усясьветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны. Таму іх пачуцьці і тое, што яны робяць сёньня, можна зразумець. Але апраўдаць гэтыя дзеяньні я не магу. Бо яны блытаюць дзеяньні маскоўскага камуністычнага ўраду з тымі салдатамі, якія паклалі свае жыцьці за вызваленьне менавіта іх краіны ад фашысцкага ярма. Тут, як кажуць, двайны стандарт, і гэта ўсё непрыгожа. Пры чым тыя забітыя салдаты, якія ў той зямлі палеглі?"

Мы ня верылі, што вайна скончылася

(Караткевіч: ) "Фэлікс Уладзімеравіч, а дзе Вы ваявалі?"

(Шкірманкоў: ) "Калі пачалася вайна, я жыў з бацькамі ў Глуску. Там утварыўся зьнішчальны батальён. Была такая пастанова партыйных органаў для барацьбы зь нямецкімі парашутыстамі-дывэрсантамі. Потым гэты батальён ператварыўся ў партызанскі атрад. Я атрымаў заданьне разам зь яшчэ адным чалавека выйсьці за лінію фронту, трапіў у партызанскую школу, а потым, улетку 1942-га, быў накіраваны ў тыл ворага са спэцгрупай Саўкова. Быў паранены, за лінію фронту адпраўлены, пасьля лячэньня быў разьведчыкам у партызанскай брыгады Фёдара Сазонавіча Шляхтунова. Быў зноў цяжка паранены. Самалётам зь Бягомльскага аэрадрому быў адпраўлены ў шпіталь у Маскву. Пасьля лячэньня штаб партызанскага руху Беларусі накіраваў мяне ў Маскоўскую ваенна-інжынэрную вучэльню, якую я скончыў якраз 1 студзеня 1945 году. У званьні малодшага лейтэнанта я быў накіраваны на Чацьвёрты Украінскі фронт. Там я быў камандзірам узвода інжынэрнай разьведкі. Перамогу я сустрэў недалёка ад Прагі, мой узвод быў прыкамандзіраваны да Першай Чэхаславацкай танкавай брыгады, мы яе суправаджалі ў прарыў".

(Караткевіч: ) "Які ў Вас галоўны ўспамін пра вайну?"

(Шкірманкоў: ) "Самы галоўны ўспамін, гэта калі 8 траўня мы даведаліся, што падпісаны Акт аб безумоўнай капітуляцыі фашысцкай Германіі, тады і на працягу яшчэ колькіх дзён я і ўсе мае баявыя сябры не маглі ўявіць, што мы засталіся жывымі, што вайна скончылася".

Ад Калымы да Народнага Фронту

(Караткевіч: ) "З 1951 да 1979 году Фэлікс Шкірманкоў працаваў на Калыме. У 1990 Вы выйшлі з КПСС і далучыліся да Беларускага Народнага Фронту. Якая была матывацыя гэтых крокаў?"

(Шкірманкоў: ) "Тут пэўна трэба пачаць, якая была праца на Калыме. Калыму называлі "валютным цэхам краіны", бо там ішла асноўная здабыча золата. Рабілі гэтую працу зэкі – самая танная рабочая сіла. Сярод гэтай катэгорыі людзей было шмат палітвязьняў, якіх закляймілі, як "ворагаў народу". Сустрэча з гэтымі людзьмі, сяброўства з многімі зь іх зрабіла ў маёй дцшы першы пераварот. Я пачаў задумвацца: "Якія ж яны ворагі народу? Гэта ж людзі, якіх трэба паважаць. У чалавека павінна быць права мець свой погляд на становішча ў краіне, што добрае, а што дрэннае". Ужо з гэтымі думкамі я, калі выйшаў на пэнсію, прыехаў на Радзіму, у Слаўгарад. Неўзабаве выбухнуў Чарнобыль, я ўвязаўся ў працу па Чарнобыльскай тэматыцы. Я тады быў у камуністычнай партыі. Як пачалася перабудова, утварылася Дэмакратычная плятформа ў КПСС. Я быў дэлегатам усесаюзнага зьезду Дэмакратычнай плятформы КПСС у Маскве. Потым у Кіеве быў грамадзкі суд над віноўнікамі Чарнобыльскай трагедыі. Я выступаў там у якасьці сьведкі. А потым аднойчы прыехала ў Слаўгарад група зь Менску, сярод іх быў Генадзь Грушавы, яны расказалі мне пра Беларускі Народны Фронт, запрасілі прыехаць у Менск. Я прыехаў і ўдзельнічаў у мітынгу, арганізаваным Беларускім Народным фронтам. Там я пазнаёміўся зь Зянонам Пазьняком, потым зь Юрасём Хадыкам, іншымі лідэрамі Беларускага Народнага Фронту. Я цалкам прыняў ідэі Фронту, далучыўся і ад таго часу зьяўляюся сябрам гэтай арганізацыі".

Калі гіне мова – гіне дзяржава

(Караткевіч: ) "Што б Вы сказалі маладым беларусам, якія нас слухаюць?"

(Шкірманкоў: ) "У мяне толькі адно жаданьне – каб яны ўсьвядомілі адну ісьціну. Той народ будзе жыць і квітнець, у якім кожны чалавек усьведамляе, што ён асоба, што ў яго ёсьць свая, адметная ад іншых родная мова. што ў яго гістарычная спадчына, багатая духоўнасьць і што асновай дзяржавы і асновай народу зьяўляецца мова і культурна-гістарычная спадчына. Бо калі гіне мова -- гіне народ, гіне народ -- гіне дзяржава. Трэба гэта ўсьведамляць і валодаць сваёй роднай мовай, няхай яшчэ пры гэтым яны ведаюць некалькі замежных моў, але на першым месцы павінна быць свая родная мова".

(Караткевіч: ) "У нас ёсьць перадача "У што я веру". Фэлікс Уладзімеравіч, у што верыце Вы?"

(Шкірманкоў: ) "Я веру ў розум нашага народа. Я веру, што не за гарамі час, калі людзі ўсьвядомяць, што толькі ад іх залежыць, якая будучыня будзе ў народа – ці будзем мы незалежнай краінай, ці будзем мы мець права адкрыта і свабодна выказаць сваю думку, ці будзем мы мець права ўдзельнічаць у свабодных выбарах, каб квітнела наша краіна. Я веру, што людзі абавязкова прыйдуць да гэтага, бо іншы шлях – у небыцьцё".
XS
SM
MD
LG