Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дзеці будуць аздараўляцца ў Італіі пад пільнейшым кантролем


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску падпісалі міжурадавую дамову “Аб умовах аздараўленьня на аснове бязвыплатнай дапамогі непаўналетніх грамадзянаў Беларусі на тэрыторыі Італіі”. Дамова стала першым міжнародна-прававым інструмэнтам у сфэры міжнароднага аздараўленьня як для Беларусі, так і для Італіі.

Дамову падпісалі міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў і генэральны дырэктар Міністэрства замежных справаў Італіі ў пытаньнях італьянцаў за мяжой і міграцыйнай палітыцы Адрыяна Бэнэдэці.

Міністар адукацыі Беларусі падкрэсьліў, што цяпер дзеці, якія выяжджаюць на аздараўленьне ў Італію, набудуць там “афіцыйны статус грамадзяніна Беларусі”. Раней жа ў іх быў у Італіі статус “безнаглядных”.

Паводле словаў намесьніцы міністра адукацыі Тацяны Кавалёвай, дамова дакладна вызначыла абавязкі абодвух бакоў, адказнасьць італьянскіх дабрачынных асацыяцыяў і сем’яў за парушэньне дамовы.

Гэтак зрабілі, каб статус дзіцяці за мяжой не трактаваўся суб’ектыўна, падкрэсьлівае Тацяна Кавалёва:

“Любыя пытаньні, зьвязаныя зь беларускім дзіцем, павінны разглядацца пры абавязковай прысутнасьці й пасярэдніцтве беларускага боку. Раней былі факты, калі нават пытаньні зь лячэньнем дзіцяці вырашаліся нават без паведамленьня ня толькі амбасадзе, але і суправаджальнай асобе.

Але гэта не азначае, што дадзеная дамова звальвае на італьянскі бок дадатковыя абавязаньні. Шэраг абавязкаў прапісаны і для беларускага боку: своечасовае афармленьне дакумэнтаў, кантроль за падборам суправаджальных асобаў, патрабаваньні да гэтых асобаў”.

Штогод на аздараўленьне ў Італію выяжджаюць 25 тысяч беларускіх дзяцей. Цягам апошніх дваццаці гадоў у Італіі пабывала больш за 200 тысяч дзетак.

Летась, пасьля выпадку зь Вікай Мароз, якую хацела ўдачарыць італьянская сям’я Джута — Барначын, узьніклі праблемы з выездам беларускіх дзетак у гэтую краіну. На калядныя вакацыі афіцыйныя ўлады не дазволілі дзецям выяжджаць.

Міхаіл Казлоўскі, кіраўнік Беларускага дабрачыннага аб’яднаньня “У будучыню з надзеяй”, якое штогод накіроўвае каля пяцісот дзяцей на аздараўленьне ў Італію, кажа:

“Галоўны вынік падпісаньня гэтага пагадненьня ў тым, што праграма аздараўленьня дзяцей у Італіі адновіцца. А тое, што зьмены ў статусе дзіцяці будуць, я думаю, гэта да лепшага. Бо італьянскія законы крыху адрозьніваюцца ад законаў іншых эўрапейскіх краінаў, і часьцяком сем’і, у якіх дзеці адпачывалі, затрымлівалі дзетак. Магчыма, ня будзе больш такіх выпадкаў”.

Тацяна Кавалёва паведаміла таксама, што беларускі бок будзе ініцыяваць падпісаньне двухбаковых дамоваў і зь іншымі краінамі, куды выяжджаюць аздаравіцца беларускія дзеці.

Гл.таксама:

• Ад італьянскіх сем''яў патрабуюць гарантыі неўсынаўленьня

• У Кагалета адбыліся дэманстрацыі ў падтрымку Вікі Мароз

• Масіма Сантора: “Віка мусіць вярнуцца на радзіму” (абноўлены)

• Што думаюць менчукі пра лёс Вікі Мароз?

• Летась замежнікі ўсынавілі толькі двух беларускіх дзяцей
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG