Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі ў Эстоніі вачамі эстонскіх беларусаў


Ігар Карней, Менск Бальшыня этнічных беларусаў, якія жывуць у Эстоніі яшчэ ад савецкага часу, ня маюць сталага грамадзянства гэтай краіны. Гэтая акалічнасьць вымушае многіх зь іх крытычна ставіцца да палітыкі эстонскіх уладаў. Але яны не ўхваляюць мэтадаў супраціву асобных прадстаўнікоў расейскамоўнай супольнасьці.

Юрась Юркевіч — сустаршыня няўрадавай арганізацыі “Беларускія ініцыятывы Эстоніі”, якая мае офіс у Таліне. Прычыны канфлікту ён бачыць у тым, што няма агульнай пазыцыі паміж “мясцовымі” й “астатнімі”.

“Відаць, што ў прынцыпе ўсё ідзе з-за таго, што няма дыялёгу. Дыялёгу паміж супольнасьцямі — эстонскамоўнай і расейскамоўнай. І тут насамрэч шмат падставаў да роздуму. Праўда й тое, што, прыкладам, на працы людзі папросту баяцца цяпер выказваць сваё меркаваньне.

Шчыра кажучы, пагоршыліся дачыненьні паміж эстонскамоўнымі й расейскамоўнымі людзьмі пасьля гэтых падзеяў. Гэта я дакладна магу сказаць. Напружанасьць адчуваецца. Што да прычынаў, то ёсьць розныя меркаваньні. Там сапраўды было марадэрства, вандалізм.

Адмаўляць тое, што тут была “рука Масквы”, таксама нельга. Усё ж некаторыя людзі былі зьвязаныя і з адпаведнымі структурамі тут, у Таліне, і са структурамі ў Маскве. Так што цяжка сказаць, чыя гэта правакацыя (хоць асабіста я лічу, што гэта правакацыя). Але тыя, хто гэтую правакацыю задумваў, яны не ўяўлялі, якімі могуць быць наступствы”, — мяркуе талінскі беларус Юрась Юркевіч.

Горны інжынэр з Кохтла-Ярвэ Сьцяпан Разанка перакананы: перанос на вайсковыя могілкі Бронзавага салдата — для расейскамоўнага насельніцтва толькі падстава, каб выявіць незадаволенасьць. Крыўда назапашвалася даўно.

“Першае, што я тады сказаў, — гэта ўнутраная справа краіны. Але калі разглядаць толькі помнік… Чамусьці ўсё галоўным чынам упіраецца ў гэты помнік. Помнік, маўляў, перанесьлі. Ну і што? Гэта не такая ўжо тэхнічна складаная справа. Але тут многа розных крыўдаў было. А як усё сабралася разам, то атрымалася як нарыў, які калісьці прарывае.

Пачынаецца з таго, што грамадзянства не давалі, потым з мовай розны ўціск пачаўся. Адно за другое, і ўрэшце скончылася тым, чым і павінна было скончыцца. Гэта ўжо была апошняя кропля, калі крыўда пачала вылівацца праз край. Мне здаецца, што так”.

“Ці беларусы ўвогуле ўдзельнічалі ў тых падзеях?”

“Тут асабліва людзі не падзяляюцца на беларусаў-небеларусаў. Ёсьць тытульная нацыя, а ёсьць усе астатнія. Астатнія — у тым ліку і беларусы. Яшчэ раз паўтару: мне падаецца, што помнік асабліва ня трэба выдзяляць з усяго. Бо вельмі глыбока сядзяць прычыны розныя.

З эстонцамі ў нас вельмі добрыя дачыненьні. Але яны лічаць, усе як адзін, што і грамадзянства, і мова — усё правільна. А мы лічым, што правільна было б тады, калі б нам адразу ў 1991 годзе прапанавалі грамадзянства, як усім, а потым адсюль пайшлі б будаваць усё астатняе”, — мяркуе жыхар Кохтла-Ярвэ Сьцяпан Разанка.

Мастачка, у мінулым дырэктарка мастацкай школы з горада Йыхві Маргарыта Астравумава не ва ўсім падзяляе меркаваньне спадара Разанкі. Яна кажа пра памылкі ўсіх бакоў:

“Наконт “апошняй кроплі” я б не казала — Бог яго ведае, што нас чакае і што будзе той “апошняй кропляй”. Лічу, што гэта не зусім прадуманыя шляхі як ураду Эстоніі, так у чымсьці і грамадзкіх ініцыятываў. Бо я перакананая: ня ўсе з тых, хто білі вітрыны і рабілі не зусім добрае ў гэтыя дні, — дык вось наўрад ці гэтыя людзі былі перакананыя ідэйна.

Такія падзеі абавязкова ўздымаюць, так бы мовіць, хуліганскія элемэнты, у якіх, як кажуць людзі, рукі сьвярбяць, і якія выкарыстоўваюць такія падзеі дзеля нейкай сваёй выгоды. Таму, пэўна, трэба гэта ўсё улічваць, калі робяцца падобныя захады.

І, можа, перанос помніка як такі — ня дужа страшна, калі казаць пра тое, забыліся мы пра людзей, якія прынесьлі перамогу, ці не забыліся. Але трэба было падрыхтаваць пытаньне ў грамадзтве. Трэба было вынесьці яго ў прэсу, абмеркаваць.

Трэба было зрабіць прыгожа. Не пасьля таго, як ужо ўсё было зроблена, а раней, каб людзі ўспрымалі гэта як праблему, што патрабуе вырашэньня. Так што ёсьць праблемы рознага кшталту”.

Выкладчыца гісторыі адной са школаў Таліна Алена Кляўсэн лічыць, што вінаватыя найперш афіцыйныя ўлады Эстоніі, якія ад пачатку паставіліся да неэстонцаў як да людзей іншай вартасьці:

“Рэч тут ня толькі ў гэтым помніку. Тое, што набалела ў людзей за ўвесь гэты час, за гэтыя пятнаццаць гадоў, проста вылілася вонкі. Усё пачыналася з таго, што людзей, якія засталіся жыць у Эстоніі, пазбавілі грамадзянства, паставілі ў чаргу здаваць іспыты, здаваць эстонскую мову — каму яна патрэбная і каму ня вельмі.

Усё гэта вельмі балюча адбілася на пачуцьцях людзей. І рэч не ў самім помніку. Хоць, пэўна, у помніку таксама, бо ўсе чакалі: у дэмакратычнай дзяржаве, якой Эстонія сябе лічыць, павінны былі запытаць у людзей. Верагодна, што людзі й сказалі б, што яны з гэтым згодныя, але ж раззлавала тое, што на гэта не зьвярнулі ўвагі. Гэта ўнутраная палітыка эстонскай дзяржавы — і ўся рэч у гэтым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG