Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Э.Сійгур: эканамічныя стасункі паміж Эстоніяй і Беларусяй — маргінальныя


Алесь Дашчынскі. Сёньня генэральнае консульства Эстоніі ў Менску працавала ў звычайным рэжыме. Дазволенага ўладамі пікетаваньня не было. Аднак уначы невядомыя кідалі яйкі ў будынак консульства.

Сёньня апошні дзень дазволенага ўладамі пікетаваньня генэральнага консульства Эстоніі ў Менску. Аднак пікетоўцы да консульства не прыйшлі.

Нагадаем, гэтыя акцыі ад 3 да 9 траўня ладзілі Кампартыя Беларусі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі й вэтэраны. Яны пратэставалі супраць пераносу помніка савецкім салдатам з цэнтра Таліна на вайсковыя могілкі.

А сёньня ўначы невядомыя кідалі яйкі ў будынак консульства. Дыпляматы заявілі пра гэта ў міліцыю.

Консул Эрык Сійгур сказаў, што эстонскі бок цяпер рыхтуецца выказаць пазыцыю беларускім уладам адносна гэтага акту вандалізму.

Спадар Сійгур таксама сказаў, што ўчора каля брамы консульства пікетоўцы спалілі кавалак тканіны.

Учора ж кіраўнік Беларусі падчас урачыстасьцяў у Менску заявіў, што зьдзек з герояў і ахвяраў войнаў выклікаюць “гнеў і абурэньне”. Пры гэтым ён згадаў дэмантаж Бронзавага салдата ў Эстоніі.

Спадар Сійгур адмовіўся камэнтаваць словы Аляксандра Лукашэнкі, але пажадаў паўтарыць пэўныя факты

“У Таліне, фактычна, з тралейбуснага прыпынку перазахавалі 12 загіблых салдатаў Другой усясьветнай вайны. Гэта былі савецкія салдаты, і іх перазахавалі ў цэнтры гораду, на вайсковых могілках. Згодна зь міжнароднымі правіламі, адначасова перанесьлі надмагільны помнік — Бронзавага салдата.

Новае месца — у самым цэнтры гораду, на вайсковых могілках. І там пахаваныя эстонскія, савецкія, ангельскія салдаты. Месца вельмі спакойнае, зялёнае й вельмі годнае. Відаць, што народ ужо засвоіў новае месца. 8 і 9 траўня там праходзілі мерапрыемствы. Вельмі многа людзей прыйшлі на новае месца й прынесьлі кветкі. Паўтараю, усё гэта было зроблена паводле міжнародных правілаў і вельмі годна”.

Цяпер у консульства паступаюць лісты грамадзянаў Беларусі адносна пераносу помніка — як з пратэстам, так і з падтрымкай.

Генэральнае консульства Эстоніі адчынілася ў Менску ў 1995 годзе. Адкрыцьця амбасады пакуль не плянуецца, бо, паводле спадара Сійгура, эканамічныя стасункі паміж Эстоніяй і Беларусьсю сьціплыя:

“Яны маргінальныя. Летась таваразварот склаў прыкладна 250 тысяч даляраў. Гэта вельмі сьціплыя эканамічныя стасункі. З гэтага экспарт склаў прыкладна 57 тысяч. Імпарт — прыкладна 190 тысяч даляраў. Паводле таваразвароту Беларусь была летась на 20-м месцы. Таксама няма актыўных палітычных зносінаў”.

Паводле спадара Сійгура, у Эстоніі дзяржава не кантралюе бізнэс, і ён разьвіваецца натуральна:

“Бізнэс пойдзе туды, дзе больш выгадна”.

Спадар Сійгур заявіў, што Эстонія як сябра Эўразьвязу поўнасьцю падтрымлівае супольную пазыцыю адносна Беларусі.

Культурныя сувязі паміж краінамі, паводле спадара Сійгура, даволі актыўныя:

“Не магу сказаць, што масавыя. Але пастаянна прыяжджаюць мастацкія калектывы й спартовыя клюбы. Дарэчы, сёньня прыяжджаюць нашы музыкі з Музычнай акадэміі. У суботу плянуецца іх канцэрт у акадэміі музыкі ў Менску. Прыедзе нават рэктар нашай акадэміі”.

Сёньня ліст прэзыдэнту Эстоніі Томасу Хэндрыку Ільвэсу даслала Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. У лісьце выказваецца падтрымка “палітычнаму кіраўніцтву Эстоніі й эстонскаму народу, якія бароняць сувэрэнітэт і незалежнасьць сваёй дзяржавы ад імпэрскіх правакацыяў Масквы”.

Паводле аўтараў ліста, “сапраўднай мэтай агрэсіўных дзеяньняў Расеі зьяўляецца ня клопат пра бронзавую скульптуру, а забесьпячэньне трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну для спадара Пуціна”.
XS
SM
MD
LG