Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Менскія дэмакраты зьбіраюцца на канфэрэнцыю</B>


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ўвечары адбудзецца менская гарадзкая рэгіянальная канфэрэнцыя дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Перад яе пачаткам наш карэспандэнт гутарыў з арганізатарамі і ўдзельнікамі.

Мяркуецца, што ад сталіцы ў Кангрэсе будуць удзельнічаць 187 дэлегатаў. А канфэрэнцыю вырашана праводзіць у сядзібе БНФ, дзе зьмясьціць такую колькасьць людзей цяжка.

Каардынатарка сталічнай кааліцыі аб’яднаных дэмсілаў Валянціна Палевікова тлумачыць, што спробы знайсьці больш прасторнае памяшканьне плёну ня мелі:

“Іншай залі нам ніхто ня даў. Паўсюдна — адмоўны адказ. Таму мы вырашылі не рызыкаваць і правесьці канфэрэнцыю на сядзібе БНФ. Пытаньні ўсім вядомыя, дэлегаты знаходзяцца ў сталіцы. Пры неабходнасьці яны заўжды могуць атрымаць кансультацыю ў палітычных партыях ці іншых структурах”.

Сябра Палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў Віктар Карняенка ўпэўнены, што складаныя ўмовы не паўплываюць на вынікі галасаваньня:

“Значная бальшыня дэлегатаў рэгіянальных сходаў ужо маюць сваю пазыцыю. Гэта ня той выпадак, калі людзі ідуць слухаць чыесьці перакананьні. Канечне, пажадана, каб палітычныя лідэры маглі выказаць сваю пазыцыю вялікай аўдыторыі. Вось, выказаць будзе складана”.

Першыя тры рэгіянальныя канфэрэнцыі — у Менскай, Гомельскай ды Гарадзенскай абласьцях — паказалі, што найбольш разыходжаньняў у двух пытаньнях. Першае — адносна лідэрства; і другое — дзе абіраць старшыню (ці сустаршыняў) — на Кангрэсе ці на Палітрадзе?

За сустаршынёўства, прыкладам, выступаюць Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя камуністаў беларуская.

А вось Партыя БНФ лічыць інстытут сустаршынёўства менш эфэктыўным. Выканаўца абавязкаў кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч падтрымлівае калегаў з АГП і ПКБ:

“Пазыцыя нашай партыі такая — абіраць зноў адзінага лідэра немэтазгодна, паколькі гэта абсалютна ня зьменіць сытуацыі. Наадварот, гэта толькі пагоршыць становішча”.

Канчатковыя вынікі галасаваньня стануць вядомымі пасьля таго, як адбудуцца усе сем рэгіянальных сходаў. Пакуль жа сытуацыя наступная (паводле вынікаў галасаваньня на трох рэгіянальных канфэрэнцыях):

- за сустаршынёўства – 117; - за старшыню аб’яднаных дэмсілаў – 112;

За абраньне старшыні (сустаршыняў):

- непасрэдна на Кангрэсе – 118 - на Палітрадзе – 114.

Такія лічбы прыводзіць афіцыйны сайт АГП. Наступныя рэгіянальныя абласныя канфэрэнцыі, Берасьцейская, Віцебская і Магілёўская, пройдуць 12 траўня, у суботу.
XS
SM
MD
LG