Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: найбуйнейшая рэгіянальная канфэрэнцыя дэлегатаў КДС


Ўладзімер Глод, Менск. Сёньня ў Менску пройдзе гарадзкая рэгіянальная канфэрэнцыя дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Яна стане чацьвёртай па ліку (пасьля абласных – Менскай, Гомельскай ды Гарадзенскай) і найбуйнейшай паводле колькасьці дэлегатаў – больш за 180.

Першапачаткова менскі гарадзкі міні-кангрэс зьбіраліся правесьці 4 траўня. Але тады знайсьці вялікую залю прыхільнікі пераменаў ня здолелі. Ды й сёньня сход пройдзе на сядзібе БНФ, дзе можа сабрацца ня больш за дзьве траціны дэлегатаў. Якое ж выйсьце? Магчыма, дэлегатаў падзеляць на дзьве групы (паводле раёнаў пражываньня) і правядуць мерапрыемства ў два этапы? З гэтымі пытаньнямі зьвяртаюся да аднаго з арганізатараў сёньняшняй канфэрэнцыі -- сакратара ЦК Партыі камуністаў беларускай Алены Скрыган:

"Паставяць лаўкі для самых старых людзей. А астатнім прыйдзецца стаяць".

“Там месцаў ня хопіць. Але правесьці за два этапы немагчыма. Справа ў тым, што няма дамовы пра сем дадатковых чалавек. І можа так атрымацца, што адны дэлегаты прапануюць адных, а іншыя – іншых. І ў выніку нічога не атрымаецца.

Таму, мабыць, будзе так – паставяць лаўкі для самых старых людзей. А астатнім прыйдзецца стаяць. Ну, і не ўсе пойдуць у залю, а падцягнуцца на галасаваньне. Асабліва тыя, хто ў актыве. Колькі ж разоў можна адно і тое паўтараць?!”.

“Кожная вобласьць будзе абіраць яшчэ дэлегатамі Кангрэсу па сем чалавек. Гэта так званыя VIP-асобы".

Да словаў Алены Скрыган дадае яшчэ адзін з арганізатараў сходу дэлегатаў, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык:

“Кожная вобласьць будзе абіраць яшчэ дэлегатамі Кангрэсу па сем чалавек. Гэта так званыя VIP-асобы. Абіраць іх будуць кансэнсусам. Гэта тыя ўплывовыя людзі, якія зь нейкіх прычынаў не змаглі ўдзельнічаць у апошніх мясцовых выбарах і набраць неабходныя 300 галасоў у сваю падтрымку”.

Галасаваньне на ўсіх сямі канфэрэнцыях таемнае. І хаця зразумела, што немагчыма даведацца, які варыянт абраў для сябе канкрэтна кожны дэлегат, палітычныя партыі прынялі рэкамэндацыі для сваіх сяброў. Прыкладам, кіраўніцтва АГП заклікае галасаваць за тое, каб існаваў інстытут сустаршыняў, а не старшыні аб’яднаных дэмсілаў, прычым старшыню (ці сустаршыняў) абіраць на Палітрадзе, а не на Кангрэсе. А вось кіраўніцтва Партыі БНФ лічыць, што інстытут сустаршынёўства ёсьць менш эфэктыўнай мадэльлю. Алена Скрыган паведамляе пра пазыцыю Партыі камуністаў Беларускай: Мы таксама прымалі рэкамэндацыі. Мы рэкамэндуем галасаваць па другіх варыянтах адказу ў першых чатырох пытаньнях”.

Інакш кажучы, камуністы прытрымліваюцца поглядаў калегаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Канчатковыя вынікі галасаваньня стануць вядомымі пасьля завяршэньня ўсіх сямі рэгіянальных сходаў. Пакуль жа сытуацыя наступная: за старшыню аб’яднаных дэмсілаў прагаласавалі 112 дэлегатаў, за сустаршынёўства –117; за абраньне старшыні (сустаршыняў) непасрэдна на Кангрэсе – 118, на Палітрадзе – 114. Такія лічбы прыводзіць афіцыйны сайт АГП.


12 траўня, ў суботу адбудуцца яшчэ дзьве рэгіянальныя абласныя канфэрэнцыі – у Берасьці і Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG