Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія шанцы ў беларускага выканаўцы на Эўрабачаньні?


Радыё Свабода Сёньня увечары ў Хэльсынках пачнецца 52-гі конкурс ”Эўрабачаньне 2007”. Конкурс адкрыецца паўфінальнымі спаборніцтвамі. Прадстаўнік Беларусі Дзьмітры Калдун (у Хэльсынках называюць Дзіма Калдун) будзе выступаць пад чацьвёртым нумарам. Далейшы выхад ці нявыхад беларускага сьпевака ў фінал конкурсу вырашыцца шляхам інтэрактыўнага галасаваньня тэлегледачоў з розных краінаў сьвету. Паводле прыблізных падлікаў, трансьляцыю “Эўрабачаньня” будзе глядзець рэкордная аўдыторыя – больш за мільярд людзей. 12 траўня тэлегледачы вызначаць пераможцаў фіналу конкурсу.

У гэтыя дні ў фінскай сталіцы працуюць шматлікія «букмэкерскія» канторы, дзе кожны жадаючы можа рабіць стаўкі на пераможцаў “Эўрабачаньня”. Сумы прымаюцца невялікія – ад 10 да 100 эўра. Паводле мясцовых аглядальнікаў, “папулярнасьцю сярод фінаў, а таксама швэдаў і датчан, як ня дзіўна, карыстаюцца нават ня ўласныя айчынныя вылучэнцы, а усходнеэўрапейцы Дзіма Калдун і Верка Сярдзючка”. Скандынавы бачаць у іх калярытных славянскіх пэрсанажаў і нават перакладаюць прозьвішча Калдун і мянушку Сярдзючка на свае родныя мовы. Незалежна ад таго, як выступяць гэтыя выканаўцы, яны, паводле аглядальніка ВВС, ідэальна упісваюцца ў сёлетнюю супэр-кічавую стракатасьць “Эўрабачаньня”.

Дзіма Калдун са сваёй песьняй ”Work Your Magic” “выглядае вельмі арганічна на тле усіх конкурсных сцэнічных “наваротаў” – д’яблаў, каралеў, гіпнатычных бубначоў”. Пра зроблены ў Фінляндыі кліп беларуса журналісты пішуць як пра адзін з “самых элегантных і дарагіх” і адзначаюць відавочны ўплыў з боку шматлікіх амэрыканскіх фільмаў з героямі “вамп”. Паводле конкурсных умоваў, Дзьмітры, як усе астатнія выканаўцы, будзе сьпяваць жыўцом. Тыя, хто прысутнічаў на рэпэтыцыях беларуса, лічаць, што ён “эканоміў свае вакальныя сілы дзеля сёньняшняй ночы”. Пры гэтым, аднак дэманстраваў добрую плястыку і харэаграфію. Некаторыя элемэнты кампазыцыі Калдуна “выглядаюць сапраўды магічнымі і даюць гледачам шмат энэргіі”, – піша нідэрляндзкае інтэрнэт-выданьне esctoday.com.

Калі заўзятары Калдуна ў Фінляндыі пераважна дзяўчаткі-падлеткі, то ў іншага “славянскага пэрсанажа”, Верку Сярдзючку, закаханыя і дзяўчаткі, і хлопчыкі, і мамы, і таты, і нават дзядулі з бабулямі.

Фінскія фанаты прызналі ягоную песьню "Dancing" хітом году. Дарэчы, фан-клюб Андрэя Данілкі ужо налічвае болей за пяць тысяч чалавек. Для невялікай Фінляндыі гэта рэкорд. Выданьні пішуць пра дзіўную непасрэднасьць актора. Ягоная Верка прыбыла ў Фінляндыю са скрыняй украінскай гарэлкі і ладным шматам сала. У фінале “Эўрабачаньня”, у які па выніках мінулага году трапіла Ўкраіна, Сярдзючка будзе сьпяваць і таньчыць з зоркай на галаве вагай у 8 кіляграмаў...

І яшчэ пра аднаго удзельніка конкурсу – ізраільскі гурт “Teapacks”. У сваёй кампазыцыі "Push the Button" музыкі робяць намёк на іранскую праблему. Толькі за апошнія дні відэакліп “Teapacks” на Інтэрнэт-рэсурсе YouTube праглядзелі больш за 100 тысяч чалавек з розных краінаў сьвету. Кампазыцыя, у якой эклектычна зьмяшаныя гіп-гоп, францускі шансон ды мэлёдыі клейзьмэраў (ўсходнеэўрапейскіх габрэяў), адрасаваная “лідэрам-вар’ятам, якія спрабуюць зьнішчыць сьвет з дапамогай д’ябальскіх тэхналёгіяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG