Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран-Кітай: бітва гігантаў за беларускі аўтарынак


Ігар Карней, Менск У Менску завяршылася выстава дасягненьняў аўтамабільнай галіны “Мотаршоў-2007”. Як пераканаўся карэспандэнт Свабоды, пад дахам футбольнага манэжу ня толькі дэманстравалі новыя й пэрспэктыўныя мадэлі ўсясьветных вытворцаў, але і актыўна дзялілі аўтамабільны рынак краіны.

За 2006 год ёмістасьць беларускага рынку новых аўтамабіляў склала 10 тысяч адзінак. Гэта рэкордны паказьнік, які падштурхоўвае ўрад да перакананьня: Беларусь мае патрэбу ў вытворчасьці ўласных легкавых аўто. Праўда, паводле эканамічных разьлікаў, каб вытворчасьць была рэнтабэльнай, штогод неабходна выпускаць ня меней за 100 тысяч аўтамабіляў – з пэрспэктывай выхаду на іншыя рынкі. А вось спробы “беларусізаваць” іранскі “Саманд” пакуль бясконца далёкія ад запаветнай лічбы. Як расказаў мэнэджэр СП “БелінстандартОЙЛ”, афіцыйнага дыстрыбутара маркі “Саманд” Аляксандр Жалнярук, за год працы заводу сабрана... паўсотні машын:
”Першыя ўладальнікі беларускага “Саманду” – дзяржаўныя чыноўнікі, таксісты”
“Колькі прададзена машын? 56. Першыя ўладальнікі – дзяржаўныя чыноўнікі, таксісты. Прыватнікі складаюць прыблізна 30%. Аўтамабіль на самой справе вельмі варты. Проста ёсьць маленькія нюансы, як і ў любой новай справе, бо штосьці пачынаць вельмі складана. Тым больш, беларускі рынак вельмі і вельмі капрызны, і пераканаць чалавека, што гэта насамрэч варты аўтамабіль, нялёгка. Ды я сам напачатку досыць скептычна да яго ставіўся, але ежджу ўжо год і перакананьне зьмяніў. Чэсна скажу, падвеска тут вельмі моцная. То бок, “Саманд” проста створаны для беларускіх дарог”.

Цікаўлюся ў Аляксандра Жалнерука: ці верыць ён сам, што прынамсі менскіх чыноўнікаў, збалаваных добрымі аўто, можна перасадзіць на “Саманды”?

“Што значыць збалаваныя? Ёсьць прэзыдэнцкая праграма імпартазамяшчэньня. Так, у іх можа пераходзіць з рук у рукі як пераходны сьцяг тая ж А6 ці “Лэнд Крузэр”. Але ўсё гэта да пары да часу. Ёсьць уласны вытворца, і трэба яго падтрымліваць. Не скажу, што я ў гэтым 100-працэнтны патрыёт сваёй краіны, але гэты аўтамабіль можа замяніць расейскія “Жыгулі”, “Волгу” (пакуль не кажу пра вядомыя замежныя маркі). З выгляду ён можа і не настолькі шыкоўны, каб адразу сказаць “так”; падобны да “Фольксвагена” ці “Міцубісі”. Але ён заняў ужо сваю нішу на беларускім рынку. І магу сказаць з поўнай адказнасьцю: аўтамабіль варты прызнаньня”.
Да канца году ў Беларусі зьбяруць першую партыю кітайскіх малалітражак
Пакуль вытворцы “Самандаў” мараць пра прызнаньне, іхныя глябальныя пляны могуць адкарэктаваць канкурэнты. У часе выставы кіраўніцтва кампаніі “Юніон Мотарс” паведаміла: да канца году ў Беларусі зьбяруць першую партыю кітайскіх малалітражак “Briо” маркі “Hafei”. На першым этапе, як і ў выпадку з Самандам, з завезеных аўтакамплектаў. Але ў далейшым фірма мае намер атрымаць сэртыфікат, які дасьць “кітайцам” беларускае “грамадзянства” і тэарэтычна дазволіць адпраўляць іх на экспарт. Праўда, Андрэй Аляксейчык, дырэктар фірмы “Траянда”, якая займаецца продажам новых кітайскіх машын, досыць асьцярожна ацэньвае такую пэрспэктыву:

“Тут досыць складана адназначна сказаць. Калі зборка будзе арыентаваная выключна на беларускі рынак, то вытворца гэтаксама будзе вельмі моцна рызыкаваць. Таму што рынак не такі вялікі. Пры 9 мільёнах насельніцтва краіны ўсе 100-працэнтна не перасядуць на якуюсьці адну ці дзьве мадэлі, якія будуць зьбірацца тут, у Беларусі. Калі зьявіцца магчымасьць экспарту ў Расею ці ва Ўкраіну, то, канечне справа іншая. Але, зноў жа, вельмі шмат нюансаў існуе, якія перашкаджаюць магчымаму экспарту беларускіх вытворцаў”.
”Гэты аўтамабіль ня варты тых грошай, якія за яго просяць.”
Аглядальнік газэты “Звязда” Мікола Дзябёла, які вядзе ў выданьні аўтамабільную рубрыку, скептычна ставіцца да ідэі рэалізацыі ў Беларусі як іранскага, так і кітайскага праекту. Ягонае перакананьне базуецца на ўласным досьведзе тэст-драйву аўтамабіля “Саманд”. На думку журналіста, 12,5 тысячы даляраў можна асвоіць з куды большым толкам:

“Адчуваньне такое, што знаходзісься ў салёне старога “Масквіча”. Праўда, рухавік крыху больш жвавы, а так камфорту амаль ніякага, нават у люксавай мадэлі. Лічу, што гэты аўтамабіль ня варты тых грошай, якія за яго просяць. За такія грошы лепш купіць патрыманую нямецкую ці японскую машыну, якая будзе больш зручнай, камфортнай і больш надзейнай”.

Пасьля кітайска-іранскай экзотыкі наведнікі ўрэшце цягнуліся ў бок правераных часам і вартасьцю варыянтаў. Дарэчы, апроч “Таёты”, дылеры якой нечакана адмовіліся ад удзелу ў выставе, новыя і знаёмыя аўтааматарам мадэлі выставілі на паказ практычна ўсе буйнейшыя эўрапейскія і азіяцкія брэнды.

Гл. таксама

• Выраб беларускага аўтамабіля могуць перадаць кітайцам















На здымках: 1-2. Ці атрымаецца “беларусізаваць” “кітайцаў”? 3. “Саманд” – брат “Масквіча”? 4-5-6-7. Новыя мадэлі аўтамабіляў “Фольксваген”, “Аўдзі”, “Пежо”, “Шкода” (фота аўтара)
XS
SM
MD
LG