Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскае піва выпадае ў асадак


Сяргей Астраўцоў, Горадня На гарадзенскім піўзаводзе значна зьнізілася вытворчасьць. Канчатковага рашэньня ўласьніка – “Аблхарчпраму” – яшчэ няма, але для ўладаў пытаньне практычна вырашана: стары піўзавод закрыюць, а ў свабоднай эканамічнай зоне “Гродна-інвэст” зьявіцца новы, і замест уласна гарадзенскага будуць выпускаць замежнае піва. Інвэстар пакуль ня вызначаны, тым больш, што павінен будзе адбыцца тэндэр. Але пад новую вытворчасьць ужо выдзелены чатыры гектары зямлі.

Плюсы і мінусы гарадзенскага піва

У цэнтры гораду я зь цяжкасьцю адшукаў у краме дзьве плястыкавыя бутлі зь мясцовым півам, а яшчэ нядаўна ўлады стваралі ў Горадні перашкоды нават для “лідзкага”, і цэлыя халадзільныя шафы былі наладаваныя гарадзенскім півам. Яно, уласна кажучы, ня вытрымала канкурэнцыі, хаця завод існуе з 1877 году. Мы пацікавіліся ў яго дырэктара Андрэя Лосева: ці выпускаецца сёньня піва, ці не?

“Пакуль не магу сказаць ні так, ні не, – адказвае Лосеў. – Таму што скажуць выпускаць – выпускаю, а скажуць не выпускаць — не выпускаю. Так што гэта невялікая камэрцыйная нават, можа быць, таямніца”.

У чым жа мінусы гарадзенскага піва? Андрэй Лосеў прызнаецца:

“У кожнага свае традыцыі, у кожнага свае плюсы і мінусы — у кожнага тавару. Мы выпускаем абсалютна натуральны прадукт, без кансэрвантаў. Адзіны мінус, вельмі вялікі мінус, што робіць для гандлю нявыгадным наш прадукт – тэрміны рэалізацыі. Наш прадукт трэба цягам месяцу прадаць, празь месяц піва выпадае ў асадак”.

Ці праўда, што ў Горадні магчымы выраб чэскага піва?

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ “Гродна-інвэст” Аляксандар Панамароў паведаміў, што адбываецца пошук новых сучасных тэхналёгій і абсталяваньня, каб прадукаваць на будучым заводзе два мільёны дэкалітраў піва за год.

“Разглядаюцца тры варыянты: поўнасьцю зь бюджэту будзе пабудаваны новы завод і мы купім новыя тэхналёгіі, другі варыянт — сумеснае прадпрыемства, трэці варыянт разглядаецца таксама, паводле яго будзе замежнае прадпрыемства”, – расказвае Панамароў.

“Ці праўда, што ў Горадні магчымы выраб чэскага піва?” — пацікавіліся мы ў спадара Панамарова.

Панамароў: “Можа быць чэскага, можа быць германскага, мы размаўляем і з чэскімі, і з германскімі, нават швэдзкія, дацкія фірмы ёсьць ужо. Нам трэба ня проста вырабляць піва, а піва добрай якасьці, якое будзе прадавацца, будзе рэнтабэльным”.

Што датычыць працаўнікоў цяперашняга піўзаводу, а іх каля ста чалавек, дык яны атрымаюць працу на новым прадпрыемстве, запэўніў намесьнік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ “Гродна-інвэст” Аляксандар Панамароў.

Гарадзенскія ўлады засьпяшаліся з закрыцьцём піўзаводу таму, што ён стаіць на беразе Нёмана каля самага Старога мосту, які яны зьбіраюцца закрыць на рэканструкцыю. Асноўны будынак піўзаводу знаходзіцца ў былым палацы Сапегаў, які на палац даўно не падобны. У сьпісе помнікаў яго няма, і што зь ім будзе — пакуль невядома.



На здымку: гарадзенскі піўзавод, здымак зроблены са Старога мосту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG