Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 9 траўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу tut.by абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі пра недапушчальнасьць перагляду гісторыі. У якасьці прыкладу кіраўнік Беларусь прывёў Эстонію, дзе ўлады перанесьлі помнік савецкаму салдату, і намеры польскіх уладаў прыбраць усе помнікі савецкага пэрыяду. Камэнтары:

“гіпэртрафаваная ўвага да тэмы вайны ня ёсьць прыкметай здароўя грамадзтва. Няўжо, апроч перамогі, няма чым ганарыцца?”;

“непрыгожа спэкуляваць на вэтэранах”;

“арганізацыі ананімных вэтэранаў заўсёды могуць папрасіць выкінуць на сьметнік назвы вуліцаў у гонар славутых дзеячоў беларускай гісторыі”.

Аглядальнік сайту блогаў “Позірк” Алесь Чайчыц піша пра дзень 9 Траўня: “У лукашэнкаўскай Беларусі гэтаму сьвяту нададзены асаблівы ідэалягічны акцэнт. Ня маючы цэльнага жыцьцяздольнага ідэйнага падмурку, рэжым чапляецца за асобныя эмацыйныя савецкія сымбалі і адпрацаваныя прапагандысцкія вобразы, прадае сучаснасьць у рабства аскепкам мінуўшчыны. Але наколькі “айчыннай” можа быць гэтая вайна для тых, для каго сама савецкая Расея відавочна была акупантам? Дзе аб’ектыўная “нацыянальнасьць” гэтага сьвята для Беларусі?”. Камэнтары:

“як можна акупаваць дзяржаву, якая не існавала? У 1939-м і 1945-м існавала Польшча, Нямеччына, быў СССР, а Беларусь побач не стаяла”;

“час кінуць хваліцца чужой ваеннай перамогай, варта нарэшце паспрабаваць згадаць і прымірыць памяць усіх страт беларусаў. Камуністы нарабілі маёй уласнай сям’і ці ня болей шкоды за фашыстаў, напрыклад”.

У сеціве зьявіўся рэсурс “Хакей.BY”, які запрашае ўсіх да супрацоўніцтва ў аглядзе ўсясьветнага хакею па-беларуску. Сярод першых тэмаў: “Міжнародная фэдэрацыя хакею рыхтуецца да стагодзьдзя”, “Лідэры нацыянальнай каманды Беларусі камэнтуюць выступ на чэмпіянаце сьвету”.

Сайт прыводзіць словы нападніка Канстанціна Кальцова пра нядаўнія гульні беларускай хакейнай зборнай на чэмпіянаце ў Маскве: “На турніры хацелася выступіць больш удала, але яшчэ да яго пачатку зборная панесла шмат стратаў. Сказаліся траўмы, вымушаная адсутнасьць лідэраў каманды. Таму разьлічваць на нешта большае не выпадала. Прэтэнзіяў да трэнэра быць ня можа, Курт Фрэйзэр – выдатны спэцыяліст, але мы не змаглі выканаць ягоную ўстаноўку, гэта толькі нашая віна”.

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG