Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дырэктарам прадпрыемстваў падвысілі заробак?


Ігар Карней, Менск Урад Беларусі прыняў рашэньне на 50% павялічыць выдаткі на надбаўкі да акладаў дырэктарам прадпрыемстваў. У пастанове гаворыцца, што рашэньне накіраванае на дадатковае стымуляваньне кіраўнікоў арганізацыяў, якія паказваюць добрыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасьці. Наш карэспандэнт высьвятляе прычыны і наступствы гэтай урадавай пастановы.

1 мільён рублёў – гэта невялікі заробак

Цяпер сярэдні аклад кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства складае прыкладна 1 мільён рублёў. Плюс – розныя прэміі і надбаўкі за выкананьне пляну.

Колішні кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў лічыць, што для дырэктарскай пасады 1 мільён – грошы невялікія. Шлындзікаў ня бачыць у пастанове ўраду спробы “задобрыць” кіраўнікоў прадпрыемстваў:

“Зарплата нашых кіраўнікоў, нават на буйных заводах, вельмі нізкая. Настолькі нізкая, што казаць пра тое, каб была нейкая сур’ёзная кадравая рэзэрва, нават не даводзіцца. Туды ідуць людзі, якім у прынцыпе няма куды і пайсьці. Уласны бізнэс не арганізуеш, да дзяржаўнай службы прызвычаіліся і вось так па ланцужку ідуць адзін за адным...

Таму я ўсё ж лічу, што гэта робіцца правільна. Вядома, імі гэта будзе ўспрынята станоўча, няма пытаньняў. Але ў любым выпадку на іх “навешана” столькі, што будзе складана многім атрымаць гэтую падвышаную надбаўку. А нават калі і атрымаюць, то гэта невялікія грошы. Любы прадпрымальнік, які гандлюе ў шапіку, зарабляе больш. А тут такі груз адказнасьці! І потым трэба яшчэ разумець нашы ўмовы: любая памылка – і турма”.

“Ляяльнасьць будзе падмацавана матэрыяльнымі пернікамі”

Кіраўнік Навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што на фоне абвешчанай ў Беларусі дзяржаўнай кампаніі ашчаджаньня, рашэньне ўраду падвысіць надбаўкі да акладаў выглядае дзіўна. Такі крок ураду Яраслаў Раманчук тлумачыць так:

“Намэнклятура першая з сацыяльных групаў, якая ня хоча сябе абдзяліць. Адчуваючы, што грошай становіцца меней, цалкам лягічна яна хацела б прадугледзець прынамсі ніяк не зьніжэньне свайго ўзроўню жыцьця перад пагрозай інфляцыі і дэвальвацыі. Таму, калі ёсьць пляны падвышэньня заробкаў намэнклятуры, то гэтыя пляны будуць рэалізаваныя ў першую чаргу.

Пры гэтым пра шараговых працаўнікоў, пэнсіянэраў, выкладчыкаў, лекараў, усе іншыя катэгорыі гаворка ці думка будзе пазьней. Калі пастанова будзе падпісаная і заробкі падвысяць, то і ляяльнасьць будзе падмацаваная матэрыяльнымі пернікамі. І калі вось гэтыя пернікі будуць у намэнклятурных кішэнях, то і пугі яны больш эфэктыўна будуць ужываць супраць тых людзей, якія гэтых пернікаў не атрымалі. І такая падтрымка акурат сёньня – гэта сыгнал намэнклятуры і дырэктарату: я буду вас бараніць і ў крыўду ня дам”.

Намэнклятуру могуць перакупіць расейцы

Пастанова Савету міністраў уводзіць новыя каэфіцыенты суадносінаў сярэдняй заробнай платы на дзяржпрадпрыемстве і заробка кіраўніка. Калі раней для кіраўнікоў арганізацыяў дзяржаўнай формы ўласнасьці, якія стабільна працуюць і маюць высокую прыбытковасьць, каэфіцыент ня мог перавышаць адзнаку чатыры, то цяпер яго падвысілі да пяці. То бок ад 1 чэрвеня заканадаўча замацавана, што прыбыткі кіраўніка ў пяць разоў могуць перавышаць сярэдні заробак на прадпрыемстве.

Эканаміст Яраслаў Раманчук перакананы: падвышаючы заробкі дырэктарскаму корпусу, улады перасьледуюць яшчэ адну важную мэту:

“Гэта таксама такі рэвэранс у бок намэнклятуры, каб яна не была падатная да таго, каб яе маглі перакупіць расейцы. Таму што акурат намэнклятура і дырэктарат – гэта тая сацыяльная група, якая, безумоўна, будзе пад прыцэлам расейскіх сілаў, Крамля, каб тут вэрбаваць сабе новую сілу. Як, памятаеце, было ў 1994 годзе, калі Кебіч ужо быў слабы і тады Крэмль пачаў працаваць з Лукашэнкам. Таму, думаю, і сёньня такі сцэнар тэарэтычна можа разгортвацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG