Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 траўня: гісторыя падзяляе народы


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 9 траўня – гэта дзень, калі паводле традыцыі Расея і іншыя краіны былога СССР сьвяткуюць Дзень Перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Але сёлета гэтае сьвяткаваньне набыло асаблівую вастрыню. Нядаўні перанос помніка савецкаму воіну-вызвольніку ў Таліне з цэнтру гораду на вайсковыя могілкі выклікаў моцныя пратэсты этнічных расейцаў у Эстоніі і сапсаваў дачыненьні паміж Расеяй і Эстоніяй. Болей як праз 60 гадоў гісторыя становіцца фактарам, які падзяляе народы, што жылі разам у адной краіне.

Для адных народаў былога СССР, як і 62 гады таму, гэтак і сёньня, 9 траўня застаецца Днём Перамогі, днём радасьці. Для іншых – датай, зь якой пачаліся новыя цяжкія выпрабаваньні.

Для народаў Літвы, Латвіі і Эстоніі 9 траўня – гэта яшчэ і дата іхняй рэінкарпарацыі ў склад савецкай імпэрыі, у якую яны былі ўключаныя першы раз у 1940 годзе. Ужо даўно няма СССР, балтыйскія дзяржавы – сябры НАТО і Эўрапейскага Зьвязу, але высьветлілася, што тая вайна яшчэ далёка не забытая. Сотні этнічных расейцаў, якія разам складаюць каля траціны насельніцтва ўжо незалежнай Эстоніі, запратэставалі супраць пераносу “бронзавага салдата”. Іх пратэсты падхапілі і ў Маскве.

Эстонія – не адзіная краіна былога СССР, дзе Дзень Перамогі выклікае спрэчкі. І ня толькі ў сувязі з тым, калі яго адзначаць, але і што адзначаць. Ва Ўкраіне вэтэраны нацыянальнага падпольля, якія змагаліся і супраць нацыстаў, і супраць саветаў, патрабуюць тых самых правоў, якія маюць вэтэраны Савецкай Арміі. Летась прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заклікаў нацыю да прымірэньня і заявіў, што вэтэраны-нацыяналісты павінны мець тыя самыя льготы, што і савецкія вэтэраны.

У Тбілісі нядаўна быў адчынены Музэй савецкай акупацыі. Усё часьцей грузінскія інтэлектуалы выказваюць меркаваньне, што ў II усясьветнай вайне грузінскія патрыёты сутыкнуліся з двума “зламі” – Савецкім Саюзам і нацысцкай Нямеччынай.

Латыская вэрсія нядаўняй гісторыі таксама адлюстраваная ў Музэі акупацыі Латвіі, які знаходзіцца ў цэнтры Рыгі. Там выстаўлены копіі сакрэтных дадатковых пратаколаў да пакту Молатава-Рыбэнтропа, якія засьведчылі канец латыскай незалежнасьці. У Беларусі, аднак, сапраўдны сэнс Дня Перамогі абмяркоўваецца толькі на неафіцыйным узроўні.

Рычард Моўл: “Шмат якія нерасейскія рэспублікі былога Савецкага Саюзу спрабуюць даць іншае вытлумачэньне сваёй гісторыі, прадставіць усе бакі. Але зноў, здаецца, няма ніякай гатовасьці зрабіць тое самае з боку Расеі”.
Валійскі гісторык, спэцыяліст у праблемах Усходняй Эўропы Робэрт Бідэла кажа, што ў гэтым рэгіёне сучасныя палітыкі часта выкарыстоўваюць гістарычныя падзеі ў якасьці аргумэнту. Але...

“З майго гледзішча, усё ж народы рэгіёну маюць болей агульнага, чым адрознага. Яны пацярпелі ад розных формаў тыраніі, паліцэйскіх дзяржаваў, якія прынесьлі шкоду ўсім, незалежна ад іх этнічнай прыналежнасьці. Нават даманантныя, здавалася б, этнічныя групы, у розныя часы пацярпелі з тых самых асноўных прычынаў”, – кажа Робэрт Бідэла.

Дык што ж рабіць? Гісторыкі кажуць, што дапамагло б поўнае пераасэнсаваньне гісторыі, пазбаўленьне яе ад нацыяналістычных ухілаў. Аднак, на думку брытанскага гісторыка Рычарда Моўла, наўрад ці ў найбліжэйшым часе магчымае такое абмеркаваньне з Расеяй:

“Шмат нерасейскіх рэспублік былога Савецкага Саюзу спрабуюць даць іншае вытлумачэньне сваёй гісторыі, прадставіць усе бакі. Але зноў, здаецца, няма ніякай гатовасьці зрабіць тое самае з боку Расеі. Таму я думаю, што гэты канфлікт заўсёды будзе існаваць. А разумеючы, што Расея сапраўды вялікая, магутная дзяржава і яе моц нарастае з прычыны прыродных рэсурсаў, я думаю, мы яшчэ ўбачым новую халодную вайну, і ня толькі паміж Расеяй і краінамі былога Савецкага Саюзу, але і з Захадам – у больш шырокім сэнсе”.
XS
SM
MD
LG